Што за Вялікдзень без булкі, што за хата без печы.
Лічыць Алена Шаўчэнка – клапатлівая жонка, маці і бабуля, майстрыха, увішная і руплівая гаспадыня не толькі каля печы і пліты, але і на рабоце. Алена Паўлаўна з 2015 года ўзначальвае Чабатовіцкі цэнтр народнай творчасці, а дагэтуль шмат гадоў была дырэктарам сельскага Дома культуры. Таму напярэдадні вялікага свята мы накіраваліся менавіта да яе, каб разам з захавальніцай слаўных беларускіх традыцый выпечы велікодную булку. Ды не дзе-небудзь, а ў сапраўднай сялянскай печы па старажытным рэцэпце.
Гаспадыня сустрэла нас на парозе Чабатовіцкага цэнтра, запрасіла ў хату. І пачалося… Здавалася, ход часу з кожным імгненнем толькі запавольваўся, а на сэрцы станавілася лёгка, нібы камень спадаў. Паступова адыходзіла напружанне: у вёсцы жыццё ідзе інакш, чым у гора-дзе, – без мітусні, паважна і роўна. А, мабыць, уся справа ў інтэрнэце, які мой тэлефон так ніводнага разу і не злавіў?
Рэцэпт булкі Алене Паўлаўне дастаўся ад свекрыві, а той – ад яе маці. Колькі яму гадоў, можна толькі здагадвацца. Для булкі трэба цёплае малако, абавязкова прасеяная мука, адно яйка, крупінка солі, стакан цукру, 50 грамаў дражджэй і столькі ж смятанкавага масла. Дарэчы, і малако, і яйкі, і масла – усё дамашняе. Мая гераіня разам з мужам Іосіфам Міхайлавічам (Юзікам, як яго клічуць усе на вёсцы) трымаюць вялікую гаспадарку: карову, свіней, курэй, індыкоў, цацарак, трусоў і нават перапёлак.
Пакуль Алена Паўлаўна замешвала цеста, расказала, што аднойчы, адразу пасля адкрыцця цэнтра, напярэдадні Вялікадня яна выпекла 57 булак.
– Наш цэнтр робіць такія платныя паслугі. Як даведаліся ў акрузе, ад жадаючых не было адбою. Ой і горача мне прыйшлося! Печ растаплівала 6 разоў па чарзе: то дома, то ў цэнтры. Ледзь вытрывала і сама, і мае печы, – смяецца майстрыха. – Але галоўнае, што людзі засталіся задаволеныя. Ведаеце, нават у вёсцы многія з хат печы павыкідвалі. Маўляў, месца шмат займаюць. А для мяне хата без печы – не хата.
Тым часам гаспадыня замясіла цеста, накрыла яго ўціральнікам (льняным саматканым ручніком без узораў) і паставіла на печ падыходзіць. А пакуль дровы выгаралі і булкі падыходзілі, Алена Паўлаўна распавядала пра сямейныя велікодныя традыцыі:
– На велікодным стале, згодна традыцыі, у нас абавязкова павінны быць фарбаваныя яйкі, булкі, мясныя стравы: вараны кумпяк з часнаком і прыправамі, сальца, каўбасы, пальцам піханыя. А яшчэ я вару сыр на смятане і тварагу. Напярэдадні Вялікадня ўсе стравы мы асвячаем, каб раніцай усім разам сустрэцца за святочным сталом. Разгаўляемся свянцоным яйкам, якое дзелім на ўсіх членаў сям’і, а потым ласуемся астатнімі стравамі. Пяку я заўжды шмат: трэба ж і родных пачаставаць, і суседзяў. Абавязкова гуляем у біткі. Юзік мой любіць пажартаваць. Аднаго разу зварыў яйка цацаркі, другі раз – гусінае. А ў іх шкарлупіна дужа моцная. Зразумела, яму не было сапернікаў. А яшчэ ёсць традыцыя катаць яйкі з горкі. Згодна з павер’ем, чым далей пакоціцца яйка, тым шчаслівейшым будзе жыццё ў гэтым годзе. Каля нашай хаты на свята заўсёды шмат людзей.
Памятую, у дзяцінстве к Вялікадню заўсёды шылася новае адзенне. У маці з бацькам нас было пяцёра: сын і чатыры дачкі. З раніцы маці апранала нас у новенькія сукенкі, а брата – у кашулю. Сколькі радасці было! Сучасным дзецям не зразумець.
За размовай і булкі падышлі хутка. Выпаленая печ ужо ва ўсю дыхала цеплынёй. Гаспадыня цеста тройчы ўмяла, падзяліла на часткі і выклала ў загадзя змазаныя алеем формы. Упрыгожыла булкі зробленымі з цеста крыжыкамі і галінкамі. Дала цесту ў формах трошкі пастаяць, пасля чаго змазала паверсе яйкам. Перахрысціла печ і паставіла ў яе булкі. Выпякаюць іх каля гадзіны. Але тут важна не прагадаць з тэмпературай у печы. Каб атрымаць тую самую ідэальную скарыначку і духмяны, наздраты мякіш, патрэбны добры жар.
– Дровы павінны добра выгарэць. Вугалькі трэба ўсе выграбці і паставіць булкі. У печы павінен застацца адзін толькі дух, – расказвае і паказвае Алена Паўлаўна. – Каб скарыначка была бліскучай і не падгарэла, праз хвілін 20-30 формы трэба прыкрыць паперай. Праз хвілін 30 можна вынімаць.
Дарэчы, дачакацца, пакуль выпекуцца булкі, было зусім няцяжка: здаецца, на месяц наслухалася, нагледзелася і надыхалася гісторыяй. А потым яшчэ і пасмакавала. На жаль, фотаздымкі не могуць перадаць цёплы подых, духмяны водар і смак велікоднай булкі. Яны насамрэч атрымаліся цудоўнымі: прыгожымі, пульхнымі, з цвёрдай, бліскучай скарыначкай і вельмі смачнымі.
А зараз рэцэпт:
На 1 літр малака спатрэбіцца: 50 г дражджэй, 1 яйка, крупінка солі, 50 г масла, некалькі лыжак алею, 1 стакан цукру і мука.
У цёплае малако трэба дадаць солі, цукру, яйка, размяць дрожджы і ўліць растопленае масла. Дабавіць прасеяную муку да таго часу, пакуль цеста не будзе адставаць ад рук. Цеста старанна вымесіць, ахінуць ручніком. Міску з цестам паставіць у цёплае месца для ўздыму. Калі яно паднімецца, тройчы яго ўмяць. Затым падзяліць на часткі, выкласці ў змазаную алеем форму, памазаць яйкам.
Ад імя ўсяго калектыву рэдакцыі і асабіста ад сябе вялікі дзякуй вам, Алена Паўлаўна, за цудоўныя булкі, за цяпло і добрую размову.
У Чабатовіцкім цэнтры народнай творчасці гасціла Ірына ПАЛУБЕЦ
Фота аўтара