У красавіку былі падве- дзены вынікі традыцыйнага конкурсу «Залатое пяро «Белай Русі». Прадугледжвалася, што намінанты прысвецяць свае работы беларускім легендам, паданням і міфам, раскажуць пра містычныя і анамальныя месцы сваёй малой радзімы. На першы раённы этап творчыя эсэ на тэму «Міфы и легенды Беларусі» даслалі 5 навучэнцаў. Былі сярод іх і ўдзельнікі Клуба юных журналістаў. Конкурсныя работы адрозніваліся аўтарскай пазіцыяй, індывідуальным поглядам і асабістай кропкай погляду. Журы звяртала ўвагу на арыгінальнасць зместу, моўныя і стылістычныя прыёмы аўтараў, уменне разважаць на абраную тэму, рабіць высновы. З улікам гэтых крытэрыяў перамогу ў конкурсе атрымала Марыя Казлова з Уваравіч. У яе атрымалася напісаць шчырую і душэўную гісторыю пра паходжанне памятнай пліты на старажытным уваравіцкім гарадзішчы.

Уваравіцкая сакральная пліта
Уваравічы.
22 лютага 2020 года
Нягледзячы на дрэннае надвор’е і адсутнасць яўных прыкмет доўгачаканай вясны, жыхары пасёлка па-ранейшаму працягвалі сваё звычайнае жыццё. Усе хваляваліся толькі аб адным: як хутчэй дабрацца дадому ў гэты пахмурны, дажджлівы дзень. Неба, зацятае хмарамі, не давала нават магчымасці сонечнаму святлу прасачыцца цераз суцэльнае цёмнае покрыва. Шум ад сухога галля, што так бязлітасна кідаў вецер у розныя бакі, разносіўся па ўсяму наваколлю. Яго пачула і я. Здавалася, што нешта нетлумачальнае кліча мяне туды, на курган, дзе яшчэ тысячу гадоў таму ўзвышалася магутнае гарадзішча.

Невялічкая прадгісторыя
Так яно завецца і цяпер: уваравіцкае гарадзішча. Першае згадванне ў летапісе прыходзіцца на XV стагоддзе, аднак на самай справе яно ўзнікла значна раней. Па гэтай прычыне курган справядліва аднеслі да гістарычных помнікаў. На ім праводзілі свае даследчыя работы многія гісторыкі і археолагі, сярод якіх А. Драбышэўскі, Е. Раманаў і інш.

Доўгі час насельніцтва пасёлка і ўсяго Буда-Кашалёўскага раёна ўспрымала гэта месца як сапраўдны старажытны скарб. Аднак з 1953 года сітуацыя змянілася ў сувязі з усталяваннем тут першага помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Гарадзішча стала цэнтрам масавых мерапрыемстваў тыпу мітынгаў, шэсцяў і рэканструкцый, прысвечаных ваенным дзеянням і значным святам. Цяпер з уваравіцкім музеем пад адкрытым небам галоўным чынам асацыіруецца сімвалічная магіла загінуўшых салдат, а нязведаныя карані шматвяковага насыпу перасталі цікавіць і здзіўляць. Толькі не мяне…

І вось я тут, на ўзвышшы. У нейкім змрочным «адзенні» раскінуўся перад вачыма родны прастор. Вецер не шкадуе ні перасохлыя галіны магутных дубоў, ні мае дзявочыя валасы. Стаю і лаўлю бясконцыя ветравыя парывы кожнай аголенай часткай свайго цела… Што мяне сюды прывяло? Як я тут апынулася?
Крок назад – і нага падвярнулася, страціўшы грунтовую апору. Гэта быў камень. Не, не звычайны валун, які можна сустрэць на сцежцы, у полі ці на беразе ракі. Гэта быў вялікі кавалак граніту, які нібыта ўрос у зямлю, а на ім надпіс:
BOLESLAW AKCYZ
Ur. d. 5 listop. …
d. 3 Pazdzier. …
Wieczny odpoczynek racz
mu dac Panie!
Цэльнасць паверхні камня моцна парушана: час, людзі і бязлітасная сіла прыроды сыгралі з ім нядобры жарт. На жаль, не ўсе выгравіраваныя лічбы і літары захаваліся да нашага часу. Ускладняўся разбор сапсаваных слоў і тым, што выбіты яны на польскай мове. Не пытайцеся як, але ў мяне ўсё ж такі атрымалася зрабіць пераклад. І няхай вызначаных мной звестак недастаткова для разгортвання навуковай працы, затое для стварэння легенды, лічу, павінна хапіць.

Знайсці і не страціць
Калісьці на ўзбярэжжы Балтыйскага мора жыў немалады дзівакаваты рыбак. Ад нараджэння не ведаў ён ні свайго паходжання, ні імя, ні прозвішча. Хоць і быў ён выдатны лоўца, людзі за рыбай да яго не звярталіся: надта закрыты быў і маўклівы. Кожную раніцу рыбак бавіў свой час у адзіноце, седзячы на камяністым беразе мора. Здавалася, што ён усё чакаў нейкага цуду і свята верыў: дзесьці ў марской глыбіні схаваны адказы на ўсе яго пытанні. Але іх там не было…
Не мог рыбак змірыцца з гэтым, таму і адправіўся вандраваць па свеце ў пошуках свайго мінулага.

І днём і ноччу блукаў ён па прасторах чужыны. Прабіраўся праз церні, віхры і кручы. Але ніколі не збіваўся рыбак са свайго напрамку, і праз пэўны час шлях гэты прывёў яго на Беларускае Палессе. Дзіўна, аднак менавіта тут, сярод велічных дубраў і непраходных балотаў, упершыню ў сваім жыцці лоўца не адчуваў сябе чужым. Гэта незнаёмае раней пачуццё падштурхнула яго застацца і працягваць пошукі ў гэтым насычаным таямніцамі краі.

Крок за крокам рыбак ішоў насустрач сваім продкам, што прывяло яго да замшэлай хаціны ў густым начным лесе. У хаціне той жыла старая жанчына, такая ж адзінокая, як і сам рыбак. Адразу адчула яна родную душу, таму і расказала яму ўсё тое, што ведала сама. Вось так і дазнаўся бедны вандроўнік пра магутны польскі род Акцызаў, які прыбыў сюды з далёкай Прыбалтыкі. Доўга валадарыў іх род на гэтай зямлі, аж пакуль не спасцігла яго страшная трагедыя – страта адзінага нашчадка. У тую злашчасную лістападаўскую ноч нованароджанае дзіця Акцызаў невядомым чынам знікла з пакоя бацькоў. Тлумачэнне знайшлі толькі адно: немаўля выкралі, бо шмат было ў Акцызаў нядобразычліўцаў. Не справіліся бацькі са сваім горам і назаўсёды пакінулі тутэйшыя мясціны. З таго часу пра Акцызаў старая больш нічога не чула… Апошняе, што яна дадала пры развітанні з рыбаком, было імя таго самага бясследна зніклага дзіцяці. Балеслаў. Боля… Раптам узнікла ў памяці лоўцы ласкавае матуліна «Боля».

З таго моманту рыбак больш не быў безыменны. Ад мясцовага насельніцтва ён дазнаўся пра лёс сваіх продкаў: іх астанкі былі знойдзены ў лесе, недалёка ад старажытнага гарадзішча. Відаць, заблукалі і не здолелі выбрацца. Аднак гэтага было недастаткова, і Балеслаў па-ранейшаму працягваў пошукі. Шмат было ў яго тэорый пра паходжанне рода Акцызаў: ад Рурыкавічаў, Мазавецкіх і Пястаў. Толькі канкрэтна дазнацца пра свае карані нашчадку, на жаль, не давялося.
Трэці дзень кастрычніка стаў канцом яго нялёгкага жыцця. З
нішчальная навальніца тады не пашкадавала Балеслава з рода Акцызаў і спапяліла яго адным ударам маланкі. Пахаваны ён быў на тым самым гарадзішчы, непадалёку ад якога пусцілі свае карані так і страчаныя продкі.

Балеслаў Акцыз
Нар. 5 лістапада (год невядомы)
Пам. 3 кастрычніка (год невядомы)
Вечны спакой дай яму, Гасподзь!

Аднак і дагэтуль душа яго застаецца неспакойнай. Кожны дзень яна блукае сярод вечных дубоў на магільным насыпе і нема гукае сваіх продкаў, а ў адказ – цішыня…

Вось і ўся гісторыя. Адна з тысяч, а можа і мільёнаў, якія вандруюць праз пакаленні і час. Усе яны розныя, але аснова адна – адсутнаць пэўных дэталяў у старажытнай мазаікі. І калі моцна пастарацца, то можна сабраць гэты пазл нават без недастатковых частак. Варта толькі даць волю фантазіі.

Пліта на ўваравіцкім гарадзішчы


Марыя КАЗЛОВА,

вучаніца Уваравіцкай школы, удзельніца клуба
“Юны журналіст”