Пяць гадоў назад на базе Уваравіцкай сярэдняй школы быў заснаваны музейны пакой Уваравіцкага гарадскога Дома культуры. Адкрыццё музея адбылося напярэдадні 70-годдзя Дня Перамогі ў межах праекта «У сям’і адзінай» па ініцыятыве старшыні пярвічкі ветэранскай арганізацыі пасёлка Любові Родавай. Менавіта яна сабрала першыя экспанаты для цэнтра адраджэння і захавання культурнай спадчыны ўвараўчан. Паступова музейны фонд стаў папаўняцца падарункамі ад школьнікаў і жыхароў са ўсяго раёна. Давайце пазнаёмімся з некаторымі з іх.

Першае, што прыцягвае погляд, калі заходзіш у музей, гэта вялікая колькасць прадметаў побыту і прылад працы 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя: маслабойка, пральная дошка, керагаза, прас, цвікі, падковы і інш. Іх супрацоўнікі Дома культуры збіралі на гарышчах асабістых дамоў, папялішчах, у занядбаных хатах.

Акрамя неабходных для жыцця ў сельскай мясцовасці рэчаў, у музеі можна знайсці вопратку і аксэсуары савецкага часу. Якія тут прыгожыя сукенкі! Так і хочацца прымерыць! І скарбонкі тут незвычайныя: яны захоўваюць подых тагачаснай моды.

А яшчэ пры наведванні Уваравіцкага музейнага пакоя нельга не звярнуць увагу на цудоўную калекцыю статуэтак і узнагарод савецкага часу.

  • Раней керамічныя фігуры былі неад’емнай часткай інтэр’еру. Усе паліцы былі застаўлены глінянымі або шклянымі лебедзямі, пеўнямі, зубрамі. Так дом здаваўся больш утульным, — паведаміў наш экскурсавод Раіса Васільцова.

Але у музеі сабраныя не толькі атрыбуты савецкага дэкору – тут можна паглядзець, як жылі людзі без камп’ютэраў, смартфонаў і іншай навамоднай тэхнікі. Гатовыя? Тады паехалі. Вось гэта рарытэт! Як адзначалася раней, школьнікі Уваравіцкай сярэдняй школы таксама прымалі ўдзел у фарміраванні музейнага фонду. Дзякуючы ім і настаўнікам, у музеі з’явіліся такія экспанаты, як галоўная дзяржаўная эмблема Савецкага Саюза “Серп і молат”, дзіцячыя часопісы “Вожык” і “Юнасць” і газета “Піянерская праўда”, пропісы і буквары.

Ёсць у калекцыі музейнага пакоя і экспанат-падарунак. Гэта кніга паэзіі “Памяць і боль” выпускніка Уваравіцкай сярэдняй школы 1957 года Генадзя Мрочыка. Са 150-ці экзэмпляраў (што не так многа) адзін знаходзіцца тут, ва Уваровічах. Ці гэта не падстава для гонару?

Сёння, праз пяць гадоў, Уваравіцкі музей — гэта не толькі скрыня з вялікай гісторыка-культурнай спадчынай, а яшчэ і база для праяўлення творчай ініцыятывы ўсіх жадаючых. Так, у музейным праекце “Створым ручнік разам” прынялі ўдзел 152 чалавека, сярод якіх былі і самыя юныя майстры – вучні малодшых класаў. Вынікам намаганняў удзельнікаў стаў першы на Буда-Кашалёўшчыне ручнік, зроблены менавіта на ткацкім станку. Цяжка ўявіць, што з такіх чэрствых валокан, можа атрымацца акуратны і вытанчаны ўзор.А вось і той самы ткацкі станок (у нашым музеі іх два).

Трэба адзначыць, што ў музеі прадстаўлена вялікая калекцыя хустак, палотнаў і ручніккоў, якія супрацоўніца Уваравіцкага гарадскога Дома культуры Раіса Васільцова збірала ў розных кутках Беларусі і Расіі. Таленавітыя пасялкоўцы таксама ўносяць свой ўклад у развіццё Уваравіцкага музейнага пакоя. Гэта Валянціна Цімафееўна Жыліцкая, якая займаецца вышываннем. Яна падаравала музею некалькі сваіх работ. Дзегцярова Тацяна зрабіла для музея сувеніры для жаніцьбы. Ёсць сярод аўтарскіх работ і лялечны васьміножак. Яго звязала Ала Цопава для самых юных наведвальнікаў музея.

Шмат экспанатаў з разраду “хэнд-мэйд” з’явілася ў музейным пакоі дзякуючы педагогам Вользе Грыцковай і Алене Васільцовай, супрацоўніцы Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Святлане Крыкун Віктараўне.

На базе Уваравіцкага музея праводзяцца розныя выставы. Аднак часцей за ўсё музейныя экспанаты вывозяцца на розныя мерапрыемствы, фестывалі, ярмаркі і адкрыцці новых культурных аб’ектаў у другія населеныя пункты раёна. Таму экспанаты, прасякнутыя духам савецкага народа, можна ўбачыць не толькі ва Уваравічах.

На гэтым наша экскурсія падыходзіць да завяршэння. Спадзяюся, што вам спадабалася і што вы абавязкова прыедзеце да нас, каб убачыць усё гэту прыгажосць на ўласныя вочы.

Марыя КАЗЛОВА.

Фота Алены Сотнікавай.