Студзень… Дзянёк выдаўся пагодлівы, крыху падмарозіла, у паветры кружыліся рэдкія сняжынкі. Прыгожа ўзімку ў вёсцы! Цішыня і спакой.

Цішыню парушылі дзіцячыя галасы. Скончыліся заняткі, і на школьным двары дзеці бегалі, абсыпаючы снегам адзін аднаго.

– Пачакайце мяне, – крыкнуў Мікола, даганяючы сваіх аднакласнікаў. – Ёсць прапанова.

– І што на гэты раз? – спытаў Міхась.

– Праз дзень свята Вадохрышча. Давайце акунемся ў палонцы.

– Акунайся, калі ты гатовы. Што да мяне, то, прабач, у такіх спаборніцтвах не ўдзельнічаю, – адказаў Міхась.

Не згадзіўся і Рыгор. Ён быў худы і кволы, часта хварэў, таму лезці ў ледзяную ваду не жадаў.

– Баязліўцы! – з гонарам зазначыў Мікола. – Што б вы рабілі без мяне?

Хлопцы пераглянуліся і, нічога не прамовіўшы, разышліся. Мікола заўсёды любіў пахваліцца і прыцягнуць да сябе ўвагу. Ён крыху пастаяў, як той гусак з высока паднятай галавой, і паплёўся дамоў.

На другі дзень у вёсцы панавала святочная атмасфера: рыхтаваліся да Галоднай куцці, асвячэння вады. На возеры, што каля школы, прасеклі крыжападобную праталіну. І некаторыя дзеці, як мае быць, пацягнуліся туды. Мікола, Міхась і Рыгор таксама не засталіся ў баку.

– Ну, Мікола, чаго стаіш? – хтосьці выкрыкнуў. – Змывай свае грахі. Ці русалкі баішся?

– Не пужай, дружа, яшчэ паспею. Хай крыху вада “нагрэецца”, – ухмыльнуўся той.

– Ой, глядзі, а то будзе як таму коніку-гарбунку, што ў казцы.

Усе зарагаталі, але не заўважылі, як адна з дзяўчынак блізка падышла да вады, паслізнулася і аказалася ў палонцы. Яна пачала тануць.

Мікола занямеў і не мог зрушыцца з месца. Міхась круціў галавой у пошуках якой-небудзь палкі. А вось Рыгор, доўга не думаючы, плюхнуўся ў ваду, схапіў дзяўчаня і выпхнуў на лёд. Праўда, з палонкі выбрацца яму дапамог Міхась, які знайшоў нейкую ламачыну і працягнуў сябру.

У вадзе Рыгор згубіў акуляры, яго трасло ад холаду. “Вось гэта смяльчак!” – толькі і чуў. І ён шпарка закрочыў дадому.

Мікола стаяў і глядзеў аднакласніку ўслед, зайздрасць раздзірала яму душу. “Гэты непрыкметны хударлявы хлапец прайшоў сапраўднае хрышчэнне, прычым зусім не ўмеючы плаваць. Ма-лай-чы-на!” – кусаючы вусны, думаў ён.
А яно так і ёсць, бо не па словах мяркуюць пра чалавека, а па справах.

Алена БЕЛКА