У цяперашні час ідзе адна з адказных сельскагаспадарчых кампаній ‒уборка ўраджаю. Бяспека пры правядзенні такіх работ павінна быць на першым месцы. Абавязак кожнага сельскага працаўніка, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў ‒ своечасова і без страт прыбраць вырашчаны ўраджай, зберагчы яго ад агню.
У мэтах папярэджання пажараў у перыяд уборачнай работнікамі Буда-Кашалёўскага раённага аддзела па НС праводзяцца маніторынгі стану пажарнай бяспекі месцаў перапрацоўкі і захоўвання збожжа, а таксама сельгастэхнікі, якая задзейнічана на ўборцы ўраджаю.
Наведваючы гэтыя аб’екты, ратавальнікі акцэнтуюць увагу на наяўнасці і спраўнасці першасных сродкаў пажаратушэння, наяўнасці прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі і яе забяспечанасці вадой, абсталяванні тэхнікі спраўнымі іскрагасільнікамі, захаванні супрацьпажарнага рэжыму, своечасовай ачыстцы тэрыторыі, прылеглай да будынкаў складоў, а таксама мінералізаваных палос, спраўнасці крыніц вонкавага супрацьпажарнага водазабеспячэння.
З аграрыямі праводзяцца супрацьпажарныя інструктажы, падчас якіх ратавальнікі нагадваюць аб правілах карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння і парадку дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару, распавядаюць аб неабходнасці пастаяннага кантролю за станам збожжаўборачнай тэхнікі.
Галоўная задача ў работнікаў МНС ‒ не пакараць, а не дапусціць узнікнення надзвычайнай сітуацыі і прычынення матэрыяльнай шкоды.