Казка «Шакаладная планета»
Рома, як і многія дзеці, вельмі любіць цукеркі, а вось ад садавіны заўсёды адмаўляецца.
– Не хачу, нясмачна! – кажа ён маме.
І аднойчы маці вырашыла пачытаць сыну адну вельмі пазнавальную казку, якая называлася “Шакаладная планета”.
Жылі на той планеце сястра Шака і брат Лад. Былі яны добрыя і жылі дружна, вось толькі сумна было: вакол выключна адны цукеркі ды шакалад, а пагуляць і няма з кім. І тады брат з сястрой вырашылі адправіць свае салодкія прысмакі дзецям. Хто палюбіць іх, тых яны запросяць на Шакаладную планету.
– Выдатна! – усклікнуў Рома. – Я б таксама хацеў пабываць на такой планеце!
Дзецям спадабаліся прысмакі, і яны, патрапіўшы на Шакаладную планету, днямі без усялякіх абмежаванняў напоўніцу елі ўсё, чым іх частавалі новыя сябры. Вось толькі неўзабаве пачалі хварэць: днямі не выходзілі са сваіх пакояў, а потым і зусім пакінулі Шакаладную планету.
Шака і Лад палічылі, што дзеці чамусьці пакрыўдзіліся і таму не хочуць больш з імі гуляць. Яны ж не ведалі, што шмат салодкага есці малым шкодна. Больш на Шакаладную планету брат з сястрой нікога не запрашалі, а на зямлю адпраўлялі толькі нясмачныя прысмакі: горкія і салёныя.
– Фу, як жа нясмачна!–адмаўляліся ад іх дзеці. – Хочам салодкіх прысмакаў.
І тады бацькі вырашылі купіць ім вялізны кошык рознай садавіны. І запрасілі ўсіх у парк.
– А садавіна, аказваецца, таксама смачная! – паспытаўшы яе, са здзіўленнем прызнаўся адзін хлопчык.
– Садавіна не толькі смачная, але і карысная, – прагучаў нейчы голас з натоўпу. – Яна дапаможа вам, дзеці, адолець любыя хворасці, і вы зноў пасябруеце з Шакай і Ладам.
Дзеці ўзрадаваліся і таксама накінуліся на садавіну.
– Цяпер мы будзем заўсёды есці яе, – усклікнула адна дзяўчынка.
Неўзабаве ўсе паправіліся і вырашылі зноў паляцець на Шакаладную планету. У знак прымірэння ўзялі з сабой вялікі кошык садавіны.
Шака і Лад вельмі ўзрадаваліся падарунку і, каб згладзіць сваё ранейшае непаразуменне, вырабілі новы гатунак цукерак з фруктовай начынкай пад назвай “Шакаладная планета”.
З таго часу кожныя выхадныя дзеці прылятаюць да іх пагуляць, пачаставацца новымі прысмакамі. А перад вяртаннем дадому Шака і Лад дораць ім скрыначку фруктовых цукерак.
– Я таксама буду есці садавіну, – даслухаўшы казку да канца, сказаў Рома. – А ў краме калі і буду купляць цукеркі, то толькі “Шакаладную планету”, з фруктовай начынкай. І абавязкова злётаю пазнаёміцца да Шакі і Лада.
Таццяна
ПРЫШЧЭПАВА