Сумная вестка прыйшла з Масквы – там 26 лістапада памёр Валерый Іванавіч Калінічэнка, ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна, член Саюза пісьменнікаў Расіі, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі.
Нарадзiўся будучы журналіст і пісьменнік 21 жніўня 1949 года ў весцы Уборкi Буда-Кашалёўскага раёна. У Кашалеўскай сямiгодцы скончыў першы класс. Потым была Ратмiравiцкая школа. Гэта ўжо Акцябрскi раён, куды яго мацi Марыю Цiмафееўну (яна была па адукацыi лесаводам) накiравалi працаваць у мясцовае ляснiцтва. Пасля сям’я пераехала ў гарадскі пасёлак Акцябрскі, дзе ён скончыў сярэднюю школу. У далейшым яго «унiверсiтэтамi» сталi Мiнскi аўтамеханiчны тэхнiкум, Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт, дзе вучыўся на факультэце журналiстыкi. На гэты час прыпадаюць і першыя публікацыі ў перыядычных выданнях. Журналiсцкi шлях яго як прафесiянала пачынаўся ў 1971 годзе ў рэдакцыi Буда-Кашалеўскай раённой газеты «Авангард». Амаль дваццаць гадоў жыцця аддадзена выданню. Дзесяць апошнiх з iх ён быў рэдактарам газеты. І ўвесь час не пераставаў пісаць вершы. Першымі крытыкамі большасці твораў сталі чытачы «Авангарда».
Пасля чарнобыльскай аварыі ў сувязі з хваробай жонкі па парадзе дактароў В.Калінічэнка вымушаны быў пераехаць у г.Шатура Маскоўскай вобласці, дзе ўзначаліў раённую газету «Ленiнская Шатура». Пазней ён заснаваў там выдавецтва. Яно падрыхтавала i выпусцiла ў свет некалькi дзесяткаў кніг як падмаскоўных, так i сталiчных паэтаў і празаiкаў, у тым лiку членаў Саюза пiсьменнiкаў Расii. Выдавецтва ў той няпросты час плённа супрацоўнiчае з краязнаўцамi, гiсторыкамi, аматарамi прыроды, iншымi творчымi асобамi падмаскоўнай глыбiнкi, якiя атрымалi магчымасць данесцi свае думкi, уражаннi, хваляваннi, спадзяваннi да шырокага кола чытачоў. У гэты перыяд наш зямляк завяршае i выдае раман «Асуджаныя на шчасце», аповесць «Тайнае галасаванне», працаваць над якiмi ен пачынаў яшчэ ў Беларусi.
Пераехаўшы ў Маскву, Валерый Калінічэнка працаваў у розных выданнях, у тым лiку ў выдавецтве «Дороги» мiнiстэрства транспарту Расii. З мандатам гэтага паважанага ведамства аб’ехаў практычна ўсю краiну ад Калiнiнграда да Сахалiна. Неаднаразова бываў за мяжой. Акрамя выдавецтва «Дороги», у розныя перыяды маскоўскага жыцця яму давялося працаваць у выдавецтвах «Мегаполис-Континент», «Экономика и жизнь», «Реальная экономика». Доўгі час быў галоўным рэдактарам часопiса «Русский инженер» – цэнтральнага друкаванага выдання Маскоўскай Канфедэрацыi прамыслоўцаў i прадпрыймальнiкаў.
Выйшаўшы на пенсію, Валерый Іванавіч займаў пасаду галоўнага рэдактара міжнароднага часопіса “Безопасность: наука и технологии”.
І плённа працягваў займацца літаратурнай працай. Жывучы ў Маскве, ён пісаў на роднай беларускай мове. Яго паэтычныя радкі друкаваліся на старонках газеты “Літаратура і мастацтва”, у часопісах “Полымя” і “Нёман”, а таксама у маскоўскіх выданнях у перакладзе на рускую мову.
Акрамя рамана “Асуджаныя на шчасце” і аповесці “Тайнае галасаванне”, Валерый Калінічэнка выдаў зборнікі вершаў “Зорны дождж”, “На залатым ганку”, “Роднасць”, “Гасцінец”, “Баравое ляда”, “Объять необъятное надо”, “Ромашковые берега”…
Пры першай магчымасці Валерый Іванавіч Калінічэнка наведваўся на сваю родную Будакашалёўшчыну. Сустракаўся з землякамі, радаваў іх сваімі паэтычнымі радкамі, чэрпаў натхненне для новых твораў. Амаль ўсё прэзентацыі новых кніг ён стараўся зрабіць у Буда-Кашалёве і Мінску.
Сёння, як ніколі, прыгадваюцца ягоныя радкі:
Я ведаю, кут родны, тваю мару.
Ты хочаш шчасце вымяраць людзей
Не нафтаю і газам, як пачвары,
А колькасцю народжаных дзяцей.
Ад буды кашалёўскай стала звацца
Зямля, дзе нарадзіўся я і рос.
Сюды я буду зноў і зноў вяртацца,
У твой блакіт і цішыню бяроз…
Ён будзе вяртацца на сваю малую радзіму, да сваіх землякоў. Як і абяцаў. Толькі цяпер ужо – у вершах. Будзе вяртацца да ўсіх нас, хто яго ведаў, цаніў, паважаў.
Бывай, Валерый Іванавіч. Ты назаўсёды застанешся ў нашай памяці.
Анатоль Зэкаў.
Васіль Ткачоў.
Мікола Чарняўскі.