Мы ўсе прыходзім у гэты свет для выканання сваіх прызначэнняў, ад маленькіх да вялікіх. Камусьці наканавана быць выдатным лекарам, камусьці – мудрым настаўнікам, а хтосьці павінен гадаваць каласы на зямлі…

Алене Чыжовай з вёскі Івольск лёс назначыў быць цудоўнай жанчынай. Ды не проста жанчынай, а жанчынай-маці ў поўным сэнсе гэтых слоў. А дзяцей у сям’і Чыжовых нарадзілася чацвёра, на сённяшні дзень і сямёра ўнукаў яны маюць. Вялікая сям’я! А дзе вялікая сям’я, там і клопаты вялікія. Але з імі Алена Мікалаеўна разам з мужам Сяргеем Уладзіміравічам з гонарам спраўляюцца.

Нарадзілася мая гераіня ў вёсцы Гадзічава Гомельскага раёна. У сям’і былі чатыры дзяўчынкі. У хуткім часе бацькі пабудавалі новую хату ў вёсцы Рагі-Ілецкі, куды ўсе разам і пераехалі жыць. Аднак доўга радавацца не пашчасціла: Алене было пяць гадоў, як не стала бацькі. Увесь цяжар выхавання дзяцей лёг на плечы маці. Можа таму, шкадуючы яе, адразу пасля заканчэння дзесяці класаў Маркавіцкай школы Алена пайшла працаваць вучаніцай абмежніцы алмазаў на гомельскі завод “Крышталь”. Якой жа яна была шчаслівай, атрымаўшы сваю першую зарплату! Радавалася, што магла ўжо за свае грошы купіць гасцінцаў для маці і сясцёр. Дарэчы, жанчына і зараз з вялікай павагай і ўдзячнасцю адносіцца да сваёй старэнькай матулі. І хоць сёстры, якія жывуць побач, добра клапоцяцца пра яе, Алена Мікалаеўна заўсёды знойдзе час патэлефанаваць ці з’ездзіць да маці ў госці.

Але вернемся назад у гады маладосці маёй гераіні, калі яна стала працаваць на “Крышталі”. У той жа час, пасля заканчэння вучылішча, наш мясцовы івольскі хлопец Сяргей Чыжоў таксама прыйшоў працаваць на завод. Тут і пазнаёміліся маладыя людзі, тут і закахаліся адзін у аднога. Першыя спатканні, першыя прызнанні, першыя пацалункі! Гэтыя шчаслівыя імгненні жывуць у сэрцы Алены Мікалаеўны і да сённяшняй пары. А ў цяжкія хвіліны, якіх у кожнай сям’і хапае, успаміны аб іх саграваюць яе і дапамагаюць пераадольваць нягоды.

Сяргей, будучы муж Алены Мікалаеўны, не памыліўся ў сваёй выбранніцы. Ён распазнаў у сціплай дзяўчыне прыгажосць яе душы, надзейную спадарожніцу. І таму, нядоўга думаючы, прапанаваў ёй руку і сэрца. Вяселле згулялі адразу, як толькі Алене споўнілася васямнаццаць. А было гэта 20 студзеня 1979-га, а ўжо ў кастрычніку ў маладой сямейнай пары нарадзіўся першынец. Аднак праз год пасля нараджэння сына ім прыйшлося разлучыцца: Сяргея забралі на службу ў войска. Алена з сынам пераехала з Гомеля да бацькоў мужа. На той час моцна захварэла яе свякроў, таму жаночыя рукі ў гаспадарцы былі вельмі неабходныя. Алена Мікалаеўна сумленна выконвала ўсю хатнюю справу: і печ тапіла, і есці варыла, і жыўнасць даглядала, і на агародзе спраўлялася. А яшчэ ж і маленькага Сашку гадавала. Пад вечар падала ад стомы, але ні разочку не напісала аб гэтым мужу. Цяжка было, ды паштоўкі ад яго, чаканне сустрэчы з дарагім сэрцу чалавекам ратавалі ад усіх перашкод. З першымі выпрабаваннямі ў каханні на трываласць маладая сям’я справілася на выдатна.

Калі Сяргей вярнуўся з войска, зноў пераехалі ў Гомель. Там нарадзіўся яшчэ адзін сын. Потым здараецца чарнобыльская аварыя. У вёсцы Івольск пачалі будаваць жыллё для перасяленцаў. Свёкар угаварыў пераехаць у калгас, бо засталіся свабодныя дамы. І яны згадзіліся на пераезд, таму што ў горадзе жылі на кватэры. А тут, у Івольску, атрымалі прыгожы трохпакаёвы дом з выгодамі. Сяргей пайшоў працаваць у калгас трактарыстам, Алена ўладкавалася памочнікам повара. Але ў калгаснай сталовай доўга не затрымалася, бо ў хуткім часе нарадзіўся трэці сын. Зараз і з адным дзіцем моладзь лічыць, што цяжка. А тут трое хлапцоў! Усе свае сілы Алена Мікалаеўна ўкладвала ў сыноў. Завялі і сваю гаспадарку: карову, парасят, курэй. Нялёгка было, а вось пра дачушку марыла. І калі ўжо зацяжарыла ў чацвёрты раз, была ўпэўнена, што будзе дзяўчынка. Так яно і здарылася. У 1993 годзе на свет з’явілася Настачка, матуліна памочніца і надзея.

Колькі начэй не даспала Алена, колькі хваляванняў перажыла – не пераказаць. Напэўна, у гэтым і ёсць галоўная сутнасць сапраўднай жанчыны: дапамагаць, выхоўваць, вучыць, кахаць, хвалявацца. З такой клапатлівай маці, а зараз і бабулі, толькі прыклад браць! Пра ўсіх паклапоціцца, усіх сустрэне, усім параду дасць, падзеліцца, чым ёсць. Хата Чыжовых заўсёды звініць ад звонкіх дзіцячых галасоў. Ці ж гэта не шчасце!

Алена Мікалаеўна не толькі добрая жонка і маці, але і вельмі сардэчны чалавек: заўсёды прыйдзе на дапамогу і радне, і суседзям, і сябрам або проста знаёмым. Вось ужо 27 гадоў яна працуе тэхнічкай у мясцовым Доме культуры. Яе паважаюць тут за добрасумленнасць і працавітасць. Вакол будынка ад ранняй вясны і да позняй восені радуюць вочы рознакаляровыя кветкі, а калі зойдзеш у памяшканне, то трапляеш у прыгожую квітнеючую аранжарэю. Догляд за ўсім робіць Алена Мікалаеўна. Такая ж прыгажосць у яе і каля сваёй хаты.

Яшчэ мая сяброўка – удзельніца народнага фальклорнага калектыву “Сінічкі”. Да таго ж, працуючы ў клубе, у яе адкрыўся талент гумарысткі. Цяпер ніводнае свята ў вёсцы не абыходзіцца без удзелу Алены Мікалаеўны ў гумарыстычных пастаноўках. Гэтым і прыносіць яна радасць сваім аднавяскоўцам.

У бягучым годзе сям’я Чыжовых адзначыла фланэлевае вяселле, а гэта ўжо 43 гады сумеснага жыцця. Сяргей Уладзіміравіч – надзейны сем’янін, асноўны здабытчык і памочнік Алены Мікалаеўны. Разам чацвёра дзяцей на ногі паднялі, а зараз дапамагаюць унукаў гадаваць.

Вось такая працавітая сям’я Чыжовых жыве ў вёсцы Івольск, і такая сціплая, мудрая і моцная духам жанчына – Алена Мікалаеўна, захавальніца сямейнага ачага.

Людміла СТАХАВЕЦ