Сонейка павольна падымалася над лесам і будзіла яго жыхароў. Першай, як звычайна, прачнулася вавёрка. Мітулем ускарабкаўшыся на верхавіну дрэва, яна ўглядалася ўдалечыню. Яе вабіла возера. Гэта было чароўнае месца.

Вавёрка хуценька збегла на зямлю, прыслухалася, ранішняя цішыня супакоіла яе. “А што, калі зараз падацца на возера?” – мільгнула ў думках. Штосьці побач зашамацела – і рыжая знікла. Схавалася яна на галінцы і бачыць: з-пад лісця вылез стары вожык, гучна чыхнуў і павольна пайшоў на грыбную паляну. Спусцілася, але па сцяжынцы ісці не рызыкнула, у траве схавацца лягчэй. Вось так крок за крокам накіроўвалася пухнатая да сваёй мары.

Лес скончыўся, аднак вавёрка не спалохалася. Зусім крышачку – і яна пачуе чароўны водар бялюткай лілеі. А вось і возера. Заплюшчыўшы вочы, яна нерухома стаяла на задніх лапках, а тое, што тут не адна, не заўважыла. За густым чаротам з вудай сядзеў хлопчык. Раптам ён пачуў нейкі ўсплёск. Падняўшыся, заціх: невялікая вавёрачка ўчапілася за пялёстак гарлачыка і скацілася ў ваду. Яна, верагодна, не ўмела плаваць. Рыжая шкрабла па вадзе лапкамі, але кветку не адпускала, і раптам пачала тануць.
“Я зараз”, – крыкнуў хлапчук, кінуўшыся ў ваду. Вавёрку ён выратаваў, прытуліў да сябе і сказаў: “Не бойся, Рыжык, я цябе не пакрыўджу”. Тая глядзела на яго круглымі вачыма, але не вырывалася з рук. Не кінулася наўцёкі і на беразе. Тады хлопчык адарваў белы гарлачык і працягнуў госцейцы. Рыжая схапіла кветку і панеслася ў лес.

Вавёрка ганарылася сваёй смеласцю. “Заўтра абавязкова вярнуся сюды”, – прашаптала яна. Раніцай з узыходам сонейка лясная жыхарка зноў адправілася на возера. Там было па-чароўнаму прыгожа. На гэты раз ніхто не парушыў яе спакой. А вось на беразе з кроплямі расы ляжала белая лілея… Для яе, для Рыжыка.

Алена БЕЛКА