2 і 3 верасня творчая дэлегацыя Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” знаёміла жыхароў і гасцей сталіцы ХХХ Дня беларускага пісьменства – горада Гарадок Віцебскай вобласці, слаўнага сваім гераічным мінулым і поспехамі сучасных жыхароў, а таксама  легендарным творам 19 стагоддзя Канстанціна Вераніцына “Тарас на Парнасе”–  з лепшымі здабыткамі мастацкага слова Гомельшчыны як за апошнія 30 гадоў, так і за перыяд, які прайшоў ад завяршэння Дня беларускага пісьменства ў Добрушы.

На прыгожай святочнай пляцоўцы (на якой у час агульнабеларускага свята былі прадстаўлены кніжныя дасягненні адразу двух абласцей – Гомельскай і Гродзенскай) пісьменнікі Гомельшчыны сумарна на працягу васьмі гадзін прэзентавалі чытачам 7  цікавых літаратурна-музычных праектаў і праграм, ажыццявілі прэзентацыі знакавых для вобласці серый кніг, а таксама новых выданняў, якія выйшлі з друку напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

З самага ранку 2 верасня гамяльчане прадставілі тут праграму “На зямлі Кірылы Тураўскага…”. Гэта была прэзентацыя выдавецкага праекта, ажыццяўляемага ў Гомельскай вобласці з 2013 па 2023 гады Гомельскім аблвыканкамам і Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ у межах абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Госці свята – чытачы і гледачы – а іх на гомельскай пляцоўцы было нямала, знаёміліся з амаль 60 выданнямі праекта (іх прадставілі супрацоўнікі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна на чале з намеснікам дырэктара Т.Барабаншчыкавай)  маглі патрымаць у руках і пагартаць аўтарскія кнігі паэзіі, прозы, літаратурнай публіцыстыкі, драматургіі, твораў для дзяцей і адначасова пабачыць і паслухаць лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі, заснаванай у гонар беларускага святара і асветніка Кірылы Тураўскага. Выступленні Уладзіміра Гаўрыловіча, Лідзіі Долбікавай, Тамары Кручэнкі, Іны Спасібінай, Соф’і Шах, Аляксея Бычкова, Іны Зарэцкай, а таксама прадстаўніцы старажытнага Добруша Людмілы Яськовай, паэта і музыкі, аўтара-выканаўцы Віктара Задарожнага (які, дарэчы, як і А.Бычкоў) выконваў песні на вершы лаўрэатаў абласной літарурнай прэміі, безумоўна, запомніліся слухачам і гледачам.

Скарыстаўшы кароткі перапынак паміж творчымі сустрэчамі, гомельская пісьменніцкая дэлегацыя наведала цэнтральную бібліятэку, дзе адбылася цікавая сустрэча з яе супрацоўнікамі. На памяць з нагоды Дня беларускага пісьменства Уладзімір Гаўрыловіч ад імя усіх літаратараў Гомельскай вобласці падараваў гарадокскім чытачам вялікі кніжны падарунак – серыю выданняў палескіх літаратараў з іх аўтографамі. Гэтаму падарунку (гомельскія пісьменнікі спецыяльна правялі асобную акцыю-праект “Гарадокскаму чытачу – ад літаратараў Палесся”) тут былі шчыра рады. Бібліятэкары вельмі прасілі гамяльчан прыехаць зноў у Гарадок, у бібліятэку, каб прэзентаваць гэты ўнікальны дар пасля рэспубліканскага свята…

“Зямля славянскіх сэрцаў” – так называлася прэзентацыя літаратурна-мастацкага, краязнаўча-асветніцкага праекта – міжнароднага альманаха “Літара. Литера. Літера”, адзначанага ў 2023 годзе галоўным прызам Славянскага літаратурнага фестывалю “Залаты Віцязь” (аўтар праекта – заслужаны дзеяч культуры Беларусі, празаік, публіцыстыст, драматург Уладзімір Гаўрыловіч), а таксама выданняў міжнароднага фестываля “Славянскія літаратурныя дажынкі” (“Пад небам адзіным” (Бранск-Гомель), “Літаратурная Гомельшчына”) і міжнароднага фестывалю паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”. І гэтая творчая праграма Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” выклікала ўдзячныя водгукі ў сэрцах гледачоў і слухачоў.

Уладзімір Гаўрыловіч, Лідзія Долбікава, Тамара Кручэнка, Іна Спасібіна, Соф’я Шах, Аляксей Бычкоў, Іна Зарэцкая, Людміла Яськова Віктар Задарожны і супрацоўнікі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі хораша прымалі на святочнай пляцоўцы прадстаўнічую дэлегацыю ўрада і мясцовых органаў улады, пазнаёмілі іх з дасягненнямі і кніжнымі навінкамі 2023 года. Асаблівая ўвага была звернута на ўнікальны ў краіне выдавецкі праект  па выніках Абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага — “На зямлі Кірылы Тураўскага…”.

Вечарам пісьменнікі Гомельшчыны сталі ўдзельнікамі ўрачыстага адкрыцця юбілейнага свята беларускага пісьменства, якое было вельмі запамінальным і яркім.

Прыемна, што ўпершыню ў гісторыі свята, гісторыі Нацыянальнай літаратурнай прэміі адразу два прадстаўнікі Гомельшчыны сталі лепшымі пісьменнікамі года краіны.

У намінацыі “Проза” лепшым мастацкім творам быў прызнаны раман-версія “Па веры вашай…” вядомага беларускага літаратара, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзіміра Гаўрыловіча.

А лепшым паэтычным творам краіны прызнана кніга вянка вянкоў вянкоў санетаў вядомай беларускай паэтэсы, члена Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Соф’і Шах.

Не менш напружаным, але плённым быў і другі дзень свята.  Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця яго 3 верасня палескія літаратары прайшліся па ўсіх пляцоўках-маршрутах з музычным прывітаннем-запрашэннем наведаць прэзентацыі новых кніг, новых твораў аўтараў Гомельшчыны.

Так, другі дзень на святочнай пляцоўцы пачаўся з праграмы “Дзеля міру на зямлі”. Гэта была прэзентацыя кніг заслужанага дзеяча культуры Беларусі, празаіка, публіцыста, драматурга Уладзіміра Гаўрыловіча “Па веры вашай” (Мінск, “Звязда”, 2022; рамана “Любі бліжняга твайго… “ (часопіс “Полымя” (№7-8, 2023), драматычнай аповесці “Я тоже сын человеческий». «Кабардинская легенда», Ростов-на-Дону, 2023).

Затым гарадокскія гледачы, чытачы, слухачы прымалі канцэртную праграму “Ад прадзедаў спакон вякоў…” Музычная прэзентацыя паэта, кампазітара, выканаўцы, лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, члена Абласнога літаратурнага аб’яднання “Слова” пры Гомельскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, члена Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва Віктара Леанідавіча Задарожнага выклікала захапленне ва ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства.

Завяршылася напружаная праца гомельскай творчай дэлегацыі на свяце беларускага пісьменства праграмай “Жыві, маё Палессе!”, у час якой адбыліся прэзентацыі новых твораў і новых кніг гомельскіх пісьменнікаў.

У перапынках паміж прэзентацыямі палескія творцы ўсклалі кветкі да мемарыяла загінуўшых воінаў, наведвалі іншыя творчыя пляцоўкі, правялі сустрэчы з калегамі з іншых рэгіёнаў, зрабілі шмат фотаздымкаў на памяць. Свята  ў Гарадку прайшло цікава, насычана і запамінальна.

Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” сардэчна віншуе лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Уладзіміра Мікалаевіча Гаўрыловіча і Соф’ю Мікалаеўну Шах з вялікай творчай перамогай. Новых Вам твораў і звычайнага чалавечага шчасця!

Савет абласнога аддзялення ГА “СПБ” выказвае падзяку кіраўніцтву і калектыву абласной універсальнай бібліятэкі за зладжаную сумесную працу ў Гарадку, з’яднаную адной мэтай – годна прадставіць літаратуру Гомельскай вобласці рэспубліканскаму чытачу. Гэта атрымалася!

Дар’я ЖЫРОЎСКАЯ, прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

http://pismennik.by/