Аб тым, ці існуе жаночае сяброўства, спрачаюцца людзі не аднаго пакалення. Аднак, як бы там ні было, лічу, што сяброўства паміж жанчынамі ўсё ж такі ёсць. І бывае яно моцнае і на доўгія гады.
Сёння мой аповед пра дзвюх маіх зямлячак, дзвюх сябровак-суседак, якія жывуць у вёсцы Івольск на вуліцы Новай. У кожнай з іх няпросты лёс, абедзве выраслі ў шматдзетных сем’ях, але сябруюць яны з дзяцінства.
Адна з іх, Лідзія Ульяніцкая, у сям’і была самай малодшай. Жылі бедна. Калі дзяўчынцы споўнілася дванаццаць, памёр бацька. Усе турботы ляглі на плечы матулі. Можа таму, шкадуючы маці, у чатырнаццацігадовым узросце Лідзія пайшла працаваць у калгасную паляводчую брыгаду. Праз год папрасілася на ферму даяркай, бо вельмі любіла дома завіхацца ля сваёй рагулі. Так з 15 гадоў і да выхаду на пенсію яна працавала на Івольскай ферме.
У 1967 годзе Лідзія сустрэла сваё каханне. Неяк у Івольску брыгада электрыкаў мяняла правады электралініі. Сярод іх быў Віктар Буднікаў, будучы яе муж. Ён і запрыкмеціў прыгожую дзяўчыну. Сустрэчы, прапанова рукі і сэрца, вяселле… Жыць сталі на радзіме Ліды. Муж пайшоў працаваць у калгас трактарыстам. У хуткім часе нарадзіліся дзве дачушкі – Святлана і Алена. Усё было добра, але бяда прыходзіць знянацку. Аднойчы на лініі абарваўся провад, не стала святла. Віктар Фёдаравіч, як электрык па прафесіі, узабраўся на слуп, але, паслізнуўшыся, зачапіў нагой высакавольтны провад. Так мая гераіня засталася ўдавой з малымі дзецьмі на руках. Хапіла ёй гора, хапіла слёз. Тыя сем гадоў жыцця з мужам яна ўспамінае і зараз, бо для яе гэта быў самы шчаслівы час.
Гадаваць дзяўчынак дапамагала маці. А Ліда кожны дзень у чатыры гадзіны раніцы бегла на ферму і працавала да позняга вечара. Кароў тады даілі ўручную, тры разы на дзень. Рэдка быў і выхадны. Але яна сумленна адносілася да сваёй працы, таму і ўзнагароды былі, і падзякі, і падарункі ад праўлення калгаса.
Ішлі гады. І Бог яшчэ раз паслаў маёй зямлячцы нядоўгае шчасце – сустрэчу з другім мужам, Мікалаем Ульяніцкім. Добры быў чалавек, шкадаваў жонку. Аднак, на жаль, праз тры гады яго не стала. Раней прыйшлося і на пенсію выйсці, каб даглядаць хворую састарэлую маці. У пяцьдзясят за плячыма яна мела 35 год працоўнага стажу, ёй адзінай з калгаса аформілі пенсію за выслугу гадоў.
Дзеці даўно выраслі, у іх свае сем’і, але пра матулю не забываюць: наведваюць, прывозяць падарункі, дапамагаюць. Дарэчы, Лідзія Ульяніцкая дачакалася ўжо і праўнучку Міраславу.
А вось у яе сяброўкі, Галіны Касцянковай, лёс склаўся інакш. У сям’і яна была старэйшай з дзяцей, таму прыходзілася глядзець меншых, бо бацькі дацямна працавалі ў калгасе. Канешне, цяжка было: яшчэ самой 10 гадкоў, а ўжо ў няньках. А так хацелася пагуляць з сяброўкай Лідай.
Пасля заканчэння 10-ці класаў Галіна марыла паступіць у сельскагаспадарчы тэхнікум на бухгалтара, але не прайшла па конкурсе. Працаваць пайшла на Гомельскі завод электраапаратуры. Старалася з усяе сілы, прафесію асвоіла хутка, ды і ў брыгадзе яе паважалі. Пазней яна стала брыгадзірам цэха і з абавязкамі спраўлялася на выдатна.
На выхадныя дзяўчына заўсёды ездзіла дадому, каб дапамагчы бацькам, бо на сяле было шмат працы. А яшчэ з сяброўкай Лідай любіла хадзіць на танцы ў мясцовы клуб. Да яе стаў заляцацца сусед-аднакласнік Сяргей Касцянкоў. Хлопец сціплы, працаваў шафёрам ва ўваравіцкай аўтабазе.
У студзені 1972-га Галіна і Сяргей згулялі вяселле. У тым жа годзе ў іх нарадзілася дачушка Алена. Жылі яны ў Івольску то ў адных, то ў другіх бацькоў. А пасля дэкрэтнага водпуску Галіна зноў выйшла працаваць на завод. Спадзявалася, што муж дасць згоду на пераезд у Гомель. А ён, наадварот, уладкаваўся ў калгас трактарыстам. І прыйшлося развітацца з горадам. У маі 1974 года яна працавала ўжо ў паляводчай брыгадзе калгаса, а ў 1975-м Касцянковы купілі дом. Адрамантавалі, адбудавалі ўсім на заглядзенне. Дарэчы, нярэдка на святах вёскі яны становяцца пераможцамі ў намінацыі “Лепшае падвор’е вёскі”.
Трэба сказаць, што Галіне Міхайлаўне давялося працаваць і загадчыцай Івольскага сельскага клуба, і малака-зборшчыцай. Кожны год па зборы малака займала першае ці другое месцы, за што ўзнагароджвалі граматамі, заахвочвалі грашовымі прэміямі. Не жаночая гэта была справа, але яна спраўлялася. Працавала і рахункаводам у Івольскім сельскім Савеце, а затым прыбіральшчыцай у школе. Дарэчы, дзеці вельмі любілі бабу Галю (так лас-кава яны называлі яе), бо жанчына дапамагала ўсім: каму апрануцца, каму слёзкі выцерці, а каго і гасцінцамі частавала.
Зараз Галіна Міхайлаўна і Сяргей Іванавіч на пенсіі, разам крочаць ужо 52 гады. Жывуць мірна, дапамагаюць, як могуць, дзецям і ўнукам. Дачакаліся праўнука Яраслава. Што адметна, нават у імёнах праўнукаў сябровак ёсць падабенства.
Вось такія розныя і па-свойму няпростыя лёсы дзвюх жанчын з вёскі Івольск. Яны заўсёды былі патрэбны адна адной. Згадзіцеся, добра, калі побач ёсць надзейны чалавек, якому можна расказаць пра свае нягоды, падзяліцца патаемным, атрымаць падтрымку ў цяжкую хвіліну. Яны сябруюць усё сваё жыццё і, як прызнаюцца, нават ні разочку не пасварыліся. Дадам, што для Галіны Міхайлаўны гэты год юбілейны: у ліпені ёй споўніцца 75. Шчасця вам, мае дарагія зямлячкі! Няхай доўга яшчэ існуе ваша сяброўства.
З павагай, Людміла Стахавец Фота з архіва аўтара