Калі населеным пунктам давалi менавiта такія імёны, можам толькі здагадацца, але што даўно – гэта бясспрэчна. У год святкавання 90-годдзя ўтварэння Буда-Кашалёўскага раёна прапануем чытачам сумесны праект «Авангарда» i раённага Савета дэпутатаў «Легенда сведчыць», у рамках якога на старонках газеты будуць публiкавацца легенды паходжання назваў населеных пунктаў. I пачнем з Губiцкага сельсавета. Спадзяемся, што праект стане прыемным падарункам для жыхароў Будакашалёўшчыны. І будзем вельмі ўдзячны чытачам, калі хто пажадае і накіруе ў газету і сваю легенду назвы вёскі.
Вёска Губічы. Са старажытных часоў дайшла да нас наступная легенда. На месцы, дзе зараз размешчана вёска, былі балоты і густы лес, у якім вадзілася мноcтва дзічы, недалёка была рака Днепр, дзе «кішма кішэла» рыбы. Гэта месца спадабалася аднаму прышламу чалавеку. Адкуль ён прыйшоў – ніхто не ведаў. А звалі яго Губ. Ён раскарчаваў месца, пабудаваў хаціну. Паступова да яго далучаліся людзі. I на гэтым месцы праз некаторы час было ўжо цэлае паселішча. Акрамя палявання і рыбалоўства, людзі займаліся і іншым рамяством: рабавалі багатых купцоў, якія плылі па Дняпры гандляваць на поўдзень. Месца для гэтага было выгаднае: левы бераг Дняпра цесна абступаў лес. «Або давайце ясак (даніну, пошліну) і плывіце з Богам, або мы вас парашым», – патрабавалі рабаўнікі. Адны купцы плацілі, а другія не. Тады справа даходзіла да бітвы, да забойства. Дарэчы, уладарыў гэтымі мясцінамі і бандай Губ. Вось такія «ваяўнічыя» продкі былі ў губічан. Доўгажыхары сцвярджаюць, што ні адна з войнаў, якія ішлі на беларускай зямлі, не мінула вёску. Гэта было як пракляцце за тыя загубленыя душы, за тыя падзеі, якія мелі месца ў далёкія часы. І хаця пра гэта нідзе не напісана, усё ж можна меркаваць, што нашы продкі жылі яшчэ ў час існавання Полацкага княства.
Пасёлак Дубенск. Яшчэ ў 19 стагоддзі на гэтым месцы стаяла дубрава, магутныя векавыя дубы. Але да рэвалюцыі гаспадаром леса быў пан Вазьміцін. Ён пачаў выразаць дубы, распілоўваць на пілараме і прадаваць як будаўнічыя матэрыялы. Паступова на гэтым месцы сяліліся людзі. Пасёлак яны свой назвалі Дубенскам, як памяць пра колішнія прыгожыя магутныя дубы.
Вёска Наспа. Па пісьмовых крыніцах вёска ўспамінаецца яшчэ ў канцы 17 стагоддзя. Старыя людзі казалі, што колісь гэтае месца было нізкім і топкім. Але паблізу пачалі будаваць шклозавод, пачалi прыязджаць людзi, з’явіўся пасёлак гутнякоў Гута. А каб завод працаваў у поўную моц, патрэбен быў спецыяльны пясок. Яго прывозілі на баржах па Дняпры з Украіны на прыстань, каля вёскі Шыхаў. Адтуль на гужавым транспарце везлi да Гуты праз месца, дзе зараз стаіць вёска Наспа. Таму ўпраўляючы заводам прыказаў рабочым зрабiць насып з пяску, каб не танулі цялегі. На дапамогу рабочым прыходзілі сяляне з суседніх вёсак і пасёлкаў. Вось чаму Наспа была названа «Вёскай на насыпу».
Вёска Мікалаеўка. Вядома з 19 стагоддзя як аколіца ў Недайскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Са слоў доўгажыхароў, Мікалаеўка існавала яшчэ ў 18 стагоддзi. Тут жыла шляхта – «людзі з прывілеямі», ганарлівыя, адным словам, «паны». З простымі сялянамі яны знацца не хацелі, нават вёску абгарадзілі частаколам. Тым больш не радніліся з ніжэйшым саслоўем, зямлю мелі. У той час Беларусь уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, і шляхта была «шматлікай». Але ў канцы 18 стагоддзя Беларусь была далучана да Расійскай імперыі і становішча шляхты змянілася, яе абмежавалі ў прывілеях, адбіралі землі. Вось і рашылі мікалаеўцы адправіць да цара пасыльнага з «прашэннем». На дарогу яму сабралі «хто па дзесяць, хто па дванаццаць капеек». Звалі гэтага чалавека Мікалай. Менавiта таму вёску i назвалі Мікалаеўка.