Ад вёскі да вёскі, ад пасёлка да пасёлка вядуць шляхі-дарогі роднага краю. І, бадай, кожны з нас з вялікай любоўю ўспамінае назву таго куточка, дзе нарадзіўся і рос. А вось адкуль яна пайшла – ведаюць не ўсе. Таму ў сённяшнім нумары Гусявіцкі сельсавет расказвае пра паходжанне сваіх населеных пунктаў.
Вёскі Старая Гусявіца і Новая Гусявіца. Пра паходжанне Гусявіцы ў народзе існуюць дзве легенды. Па першай з іх, вельмі даўно на тым месцы, дзе зараз размешчана вёска, было непраходнае балота. Але з цягам часу людзі пачалі асвойваць землі і сяліцца там. Трэба адзначыць, што балоцістая мясцовасць была любімым месцазнаходжаннем дзікіх гусей. І калі ў людзей з гэтых краёў пыталіся, дзе яны жывуць, тыя адказвалі: “Там, дзе гусі ўюцца”. Адсюль адпаведна і Гусявіца.
Па другой легендзе, вакол вёскі было шмат азёраў, таму тут займаліся развядзеннем гусей, бо, як вядома, дзе вада, там і птушка хутка расце. Больш таго, на палях сеялі такую бабовую культуру, як віка, і гусі часта за кормам наведваліся туды. А калі іх неабходна было сагнаць з поля, то людзі заўсёды крычалі: “Гусі ў віцы”. Верагодна, ад гэтых слоў і пайшла назва вёскі.
У далейшым з’яўляліся новыя будынкі, новыя вуліцы. Вёска Гусявіца расшырылася і была падзелена на дзве часткі: Старая Гусявіца і Новая Гусявіца.
Вёска Аляксандраўка. Самым першым жыхаром, які пабудаваў сабе жыллё ў гэтай мясцовасці, быў прыезджы чалавек па імені Аляксандр. Ён з’яўляўся арэндатарам зямель пані Сулістроўскай. Затым да яго пачалі далучацца і іншыя, паселішча разрасталася. Праўда, па сваім узросце Аляксандр быў значна старэйшым за аднавяскоўцаў, да таго ж і разумным чалавекам. Да яго заўсёды прыслухоўваліся, звярталіся за парадай ці дапамогай, ды і наогул ён карыстаўся аўтарытэтам сярод людзей. Таму населены пункт і быў названы яго імем, як першажыхара.
Пасёлак Грыгараўка. Паходжанне гэтага населенага пункта вельмі падобна на паходжанне папярэдняга. Бо, як згадваецца, некалі на тэрыторыі сённяшняга пасёлка першым сваё жыллё пабудаваў нейкі Грыгорый, у гонар якога мясціна і атрымала такую назву.
Пасёлак Уладзіміраўка. Цікава, што ў мясцовасці было нават дзве назвы. Першапачатковая – Калыбаўка, бо месца была вельмі няроўным. І людзям, калі засяляліся на гэтыя землі, прыходзілася ўвесь час “калдыбаць” па выбоінах.
Сучасная назва, як апавядаюць старажылы, узнікла так. Калісьці пры ўездзе ў пасёлак стаялі дзве аркі, прычым на адной з іх быў створаны Сталін, а на другой – Ленін. І мясцовыя жыхары ў гонар правадыра пралетарыяту пачалі называць пасёлак Уладзіміраўкай.
Пасёлак Чырвоны Свет. Населены пункт, як вядома, быў заснаваны перасяленцамі з суседніх вёсак і знаходзіўся ў гушчары лесу. Згадваецца, што раніцай, калі падымалася сонейка, скрозь лісце дрэў прабіваліся яскравыя прамяні чырвонага свету. Мяркуецца, што ад гэтай з’явы прыроды і атрымала назву паселішча.
Пасёлак Люткава. Мясцовасць таксама багата на назвы. Па адной з версій, першым на гэтай тэрыторыі пасяліўся род Сараеў. Таму так і называлі мясціну. Што тычыцца другой версіі, то сучасная назва паселішча пайшла ад самага актыўнага і найбольш адказнага жыхара Людка. Гэты чалавек меў вялікі аўтарытэт сярод аднавяскоўцаў, яго паважалі, таму і пасёлак назвалі Людкава. Аднак у далейшым пры вымаўленні літара “д” перайшла ў больш глухую, атрымалася Люткава.
Пасёлак Зара. Упамінаецца ў пачатку 20 стагоддзя. Праўда, біяграфія ў населенага пункта зусім кароткая. Вядома, што знаходзіўся ён у лясным масіве, прычым на самым яго краі, і жыхары, у адрозненне ад іншых, мелі магчымасць бачыць узыходзячую зорку першымі. У сувязі з гэтым і назва ўзнікла.
Пасёлак Пушча. Нездарма так называецца мясціна. Калісьці вакол яе быў дрымучы лес. І людзям, каб засяліцца на гэтай тэрыторыі, прыходзілася вельмі шмат працаваць, бо вырубіць такія густыя дрэвы было няпростай справай. А калі ў іх пыталіся пра месцажыхарства, яны заўсёды адказвалі, што жывуць там, дзе пушча. Так з цягам часу за пасёлкам і прыжылося гэта выказванне.
Пасёлак Калініна. Некалькі гадоў таму назад населены пункт меў зусім іншую назву – Сямёнаўка. Дадзена яна была ў гонар войска пад кіраўніцтвам Сямёнава, якое абараняла мясцовасць ад ворагаў. Але існавала і іншая версія паходжання пасёлка. Першымі яго заснавальнікамі лічыліся людзі па прозвішчы Сямёнавы, таму хутчэй за ўсё ад іх роду і ўзнікла назва.
Пазней Сямёнаўка змянілася на Калініна. Адны старажылы сцвярджаюць, што гэта было звязана з прыходам Савецкай улады. Другія гавораць, што дзесьці ў пачатку 20-х гадоў пасажырскі цягнік праходзіў паблізу населенага пункта і рабіў тут прыпынак. У ім ехаў старшыня цэнтральнага выканаўчага камітэта Савецкага Саюза Калінін. “Усесаюзны стараста” – так яго называлі ў народзе. Менавіта ў гонар гэтага чалавека і быў названы пасёлак.
Аграгарадок Пянчын. Цікавыя гісторыі існуюць аб паходжанні мясцовасці. Даўным-даўно на тэрыторыі сучаснага аграгарадка былі землі аднаго памешчыка, на якіх рос дрымучы лес. Паднявольныя сяляне займаліся яго вырубкай, а затым апрацоўвалі зямлю. Але вельмі шмат прыходзілася выкарчоўваць пнёў ці, як тады гаварылі, “чыніць пні”. Адсюль і Пянчын.
Другая версія такая. Памешчык часта бываў у гасцях і любіў выпіць, а калі вяртаўся ад іх, то заўсёды быў п’яны. Убачыўшы яго ў такім становішчы, людзі гаварылі: “Вунь паехаў п’яны чын”. Таму і Пянчын.