У чарговы раз мы звяртаемся да вытокаў населеных пунктаў. На жаль, многія з нас наўрад ці могуць што сказаць пра родныя навакольныя ўрочышчы, пра вуліцу, на якой жывуць, адкуль у яе тая ці іншая назва. А між тым у кожнай вёскі, пасёлка ці горада, як і ў чалавека, ёсць біяграфія – сваё нараджэнне, свае боль, радасць, шчаслівыя ўзлёты. І наступнай тэрыторыяй, пра якую пойдзе гаворка, будзе Камунараўскі сельсавет.
Пасёлак Камунар. У пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя паміж вёскамі Радзеева, Лапічы, Блюдніца і Асобіна былой Рудзянецкай воласці Гомельскага павета на памешчыцкіх землях была створана камуна імя Карла Маркса, прычым першая ў бліжэйшых наваколлях. З таго часу і пачала адлічвацца гісторыя пасёлка з адпаведнай назвай Камунар, які з 1967 года з’яўляецца цэнтрам Камунараўскага сельсавета.
Пасёлак Высокі. Адметна, што гэта мясцовасць багата на назвы. Першая, Высокі, па ўспамінах старажылаў, звязана з узвышшам, самым высокім месцам, на якім стаяў пасёлак. А вось тое ўзвышша называлася Язвінскім узгоркам, бо першым жыхаром Высокага быў нехта Язвінскі. Аднак ёсць і іншае тлумачэнне. Калісьці каля населенага пункта знаходзілася Язвінскае балота, назва якога ўтворана ад слова “язвіна”, што азначала яр, лагчына, нара. Ад гэтага не зусім зарослага старарэчышча і называлі так узгорак.
Пасёлак Папаратны. Пра ўзнікненне населенага пункта існуюць дзве легенды. Па адной з іх, па левы бок ад ўзвышанага месца, аб чым гаварылася вышэй, быў лес, у якім рос у вялікай колькасці папаратнік. І на гэтай тэрыторыі сярод лесу знаходзілася паселішча з такой жа назвай – Папаратны. А вось па другой легендзе, пасёлак узнік на беразе лясной рачулкі, прытока ракі Уза. І называлася яна Папаратнай, таму што ўздоўж яе таксама расло мноства папаратніка.
Пасёлак Беразіна. Згадваецца, што некалі за балотам, дзе рос густы бярэзнік, было невялікае паселішча. З цягам часу яно перарасло ў пасёлак пад назвай Беразіна. Але, на жаль, на дадзены момант гэты населены пункт ужо не існуе, таму што ў 1980 годзе памерла апошняя яго жыхарка. Дарэчы, зараз на месцы Беразіны раскінулася шырокае поле.
Пасёлак Цёмны Восаў. Размешчаны ён непадалёку ад Камунара, прычым у рэвалюцыйных даведніках не пазначаны. Старажылы гавораць, што гэты пасёлак засяляўся лапічанамі, перасяленцамі з вёскі Лапічы, і назву яго можна зразумець, калі прыгадаць словы восаў, асавок, асавец, асаўня, што азначае схіл берага, гары ці ўзвышша. Ён і сапраўды ўзнік з боку ўзвышша, дакладней, пагорка, да таго ж, як згадваюць, у цёмным яловым лесе. Менавіта таму і мае такую незвычайную назву.
Вёска Асобіна. Па меркаваннях мясцовых жыхароў, паходжанне населеннага пункта звязана з тым, што маладыя сем’і сяліліся асобна, як бы бліжэй да шляху. Больш таго, у старадаўнасці гэта мясцовасць належала абшчыне суседняй буйной вёскі Сямёнаўкі і першапачаткова лічылася яе асобным “адгалінаваннем”. Так і з’явілася Асобіна.
Вёска Падсямёнаўка. Заснавана была ў 1927 годзе, калі пачалі рассяляць вёску Асобіна і давалі ў прыватную ўласнасць невялікія надзелы зямлі, на якой сяляне будавалі хаты і займаліся дамашняй гаспадаркай. А вось назву сваю мясціна атрымала па той прычыне, што пачала будавацца ў полі, пад Сямёнаўкай. Таму і Падсямёнаўка.
Вёска Блюдніца. Такая назва адразу навявае на думку пра посуд. І недарэмна. Сапраўды населены пункт узнік на месцы, якое мела круглую форму, як гаварылі, сподак – “блюдце”. Дарэчы, гэта слова ў геаграфічнай наменклатуры ўжываецца ў значэнні “круглая западзіна на раўніне”. А курганы, размешчаныя побач з вёскай, сведчаць аб тым, што гэтыя мясціны былі заселены людзьмі яшчэ ў старажытнасці.
Вёска Зімнік. Пра гісторыю гэтай мясцовасці існуе цікавае паданне. Калі пачалася вайна са шведамі, людзі, каб уратавацца, пакідалі свае цёплыя хаты і хаваліся ў лясах. А ў адной вёсцы, па праўдзе кажучы, жыхары не хацелі раней часу уцякаць, бо на двары была ўжо восень: дажджы і маразы былі не за гарамі. Аднак старыя людзі, адчуваючы бяду, угаворвалі маладых ісці, заставацца было немагчыма. Толькі тыя не згаджаліся. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб не мясцовы каваль, які меў вялікі розум. Ён падтрымаў думку старэйшых і яму ўдалося пераўпэўніць усіх астатніх.
Як бы там ні было, з самага ранку дружна падаліся ў лес. Жывёлу гналі перад сабою, на вазах везлі дзяцей і неабходныя рэчы. А ззаду ішлі ўзброеныя хто чым мужчыны, увесь час азіраючыся назад. Трэба было хутчэй рухацца, каб глыбей зайсці ў лес. Праз некаторы час з-за густых вершалін дрэў яны заўважылі чорныя клубы дыму. Гэта гарэла іх вёска. Цяпер людзей не трэба было падганяць. Пад вечар, амаль без перадыху, яны выйшлі на высокі ўзгорак. І адзін са старэйшых жыхароў, які быў правадніком, сказаў: “Вось тут і будзем жыць, тут зімнік сабе і пабудуем”. Як ён сказаў, так і назвалі сваё новае паселішча, так яно і дайшло да нашых дзён.