Мінаюць гады, праходзяць вякі. Мяняецца і выгляд вёсак, якія адрозніваюцца сваімі звычаямі, моваю, ды і наогул дыялектам. Аднак гісторыі паходжанняў іх назваў застаюцца нязменнымі і перадаюцца з вуснаў у вусны, яны жывуць. І на гэты раз падрабязней спынімся на Кашалёўскім сельсавеце.
Вёска Куляшоўка. Існуе легенда, што назва населенага пункта паходзіць ад беларускай народнай стравы. Калісьці нейкі пан праязджаў праз вёску, а было гэта ўзімку, і каб крыху сагрэцца і падсілкавацца, ён вырашыў папрасіцца ў адну з сялянскіх хат. У дапамозе яму не адказалі, а яшчэ і пачаставалі простай сялянскай стравай – куляшом, якая прыйшлася да спадобы галоднаму і празябламу пану. І потым, дзе б ён ні ехаў, усім расказваў пра смачны кулеш, які давялося паспрабаваць. Менавіта з таго часу вёсачка і стала Куляшоўкай.
Вёска Сялец. Першапачаткова яна называлася Выселкі, бо сюды высылалі, па словах старажылаў, “няўгодных” людзей. З цягам часу яны звыкаліся з новым месцам жыхарства і тут будавалі сваё жыццё. Пазней на гэтай тэрыторыі пачалі сяліцца і іншыя простыя людзі. “Едзем на Высельцо”, – так гаварылі яны, едучы ў вёску. Аднак у далейшым прыжылася назва Сяльцо, а потым і Сялец.
Вёска Гарадзішча. Назва населенага пункта хутчэй за ўсё ўзнікла ад старадаўняга ўмацавання, якое знаходзілася ў лесе, але паблізу дарогі, што праходзіла праз вёску. І называлася яно Гарадзішча. Менавіта адсюль і пайшла назва мясцовасці.
Вёска Возера-Пойма. Недалёка ад вёскі працякала невялікая рэчка Глінка. Як расказвалі мясцовыя жыхары, у час вясновай паводкі яна разлівалася і была падобна на возера, наўкол якога – пойменныя лугі. Таму вёску сталі называць Возера-Пойма. Дарэчы, гэты населены пункт і зараз знаходзіцца ў нізіне, як быццам бы на дне возера.
Вёска Зарэчча. Гэтая невялікая вёсачка знаходзіцца паблізу ракі Ліпы. Таму яе назва гаворыць сама за сябе – “па другі бок ракі”, што азначае за ракою. Адсюль і Зарэчча.
Вёска Брылёў. Са старадаўніх крыніц вядома, што калісьці ў вёсцы быў чалавек, які да самых маразоў насіў саламяны капялюш – брыль. Па гэтым галаўным уборы яго заўсёды пазнавалі, а вось месца, дзе ён жыў, называлі Брылеў, а ў далейшым – Брылёў. Вось так і замацавалася назва за населеным пунктам.
Вёска Кашалёва. Узнікла яшчэ ў 16 стагоддзі. У тыя старадаўнія часы людзі, якія насялялі гэту зямлю, акрамя земляробства і ахоты, плялі з лазы кашолкі – вяліз-ныя сумкі, якія выкарыстоўвалі для сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама грыбоў і ягад. Жыхароў гэтай мясцовасці пачалі называць кашалёўцамі, а населены пункт Кашалёў.
А вось па другой версіі, людзі, якія жылі ў вёсцы, лічыліся багатымі, бо мелі кашалі. І калі яны прыязджалі на ярмарку, ім заўсёды рады былі гандлёўцы, якія крычалі: “Кашалі ідуць!” Таму і такая назва – Кашалёва.
Вёска Рудня Віктарынская. Паходжанне назвы вёскі звязваюць з маёнткам двараніна Дарыя-Дзерналовіча, які ў гонар сваёй жонкі Вікторыі назваў уласнасць Віктарын. Дарэчы, і могілкі вёскі размешчаны на месцы фамільнага склепа гэтай сям’і. Па словах старажылаў, пад ліпаю, што расце там, на могілках, яшчэ ў рэвалюцыйны час апошні ўладальнік маёнтка закапаў у зямлю багацце. Што тычыцца першай часткі назвы, то, на жаль, ніякіх тлумачэнняў наконт гэтага не існуе.
Вёска Любіца. Кажуць, што з імем двараніна Дарыя Дзерналовіча звязана назва і гэтага населенага пункта. Бо на тым месцы, дзе была размешчана Любіца, па яго ўказанню былі ўзведзены фамільны герб – “Любеч”, а таксама вартавая будка.
Вёска Вялікі Мох. Калісьці пры будаўніцтве свайго жылля людзі карысталіся мохам, дакладней, закрывалі ім дзіркі ў бярвенні. За такім “каштоўным матэрыялам” яны звычайна адпраўляліся ў лес. І аднойчы, па легендзе, заблудзіліся. Доўга блукаючы, прыйшлі да высновы: чым загінуць, лепш выбраць месца ў лесе і пабудавацца па-новаму. Так і зрабілі. Толькі для месца жыхарства выбралі такую мясціну, дзе рос адзін мох, з мэтай, каб у далейшым у пошуках яго ізноў не заблудзіцца. З таго часу гэта паселішча згадваецца як Вялікі Мох.
Вёска Кастрышча. Па меркаваннях мясцовых жыхароў, назва вёскі пайшла ад назвы месца, дзе ў час язычніцкіх святаў палілі кастры. У старадаўнасці гэта служыла свайго роду рытуалам, для правядзення якога была выбрана паляна вялікіх памераў, прычым абгароджаная камянямі і канавай. Адметна, што такое месца лічылася заварожаным, таму без патрэбнасці там нават нельга было знаходзіцца.
Вёска Стараселле. У гэтай мясцовасці шмат гадоў таму назад жылі дваране Аляксей і Мікалай Пузыкі. На месцы старога паселішча, як згадваюць старажылы, яны пабудавалі млын і каменедрабілку. Менавіта адсюль і пайшла назва населенага пункта.
Вёска Чырвоны Гарадок. У старадаўнасці Красны Гарадок, бо жыў тут адзін пчаляр, у якога былі дочкі, прычым адна другой прыгажэй. У акрузе ўсе іх называлі “краснымі”. І калі ў гэта паселішча накіроўваліся за мёдам, гаварылі: “Едзем ў Красны Гарадок”. Аднак з цягам часу першае слова “красны” пераўтварылася у больш беларускае “чырвоны”.
Вёска Шарыбаўка. Як расказвае легенда, назву вёска атрымала па прозвішчы аднаго багатага чалавека. Шарыбаў – так яго звалі. У тыя часы менавіта ён з’яўляўся ўладальнікам некалькіх хутароў. Дарэчы, у кожным з іх як быццам бы ў яго была жонка. І дзе больш нараджалася дзяцей, той хутар лічыўся больш буйным. А вёска Шарыбаўка на той момант была часткай гэтых хутароў.