Знаёмячыся з населенымі пунктамі, усё больш упэўніваешся, што кожная мясцовасць мае сваё жыццё, сваю даўнюю гісторыю, а пад кожнай назвай захоўваецца штосьці асабістае. І гэта сапраўды так. На чарзе у нас Ліпініцкі сельсавет, у склад якога ўваходзіць шмат вёсак і пасёлкаў, таксама багатых на цікавае мінулае.
Вёска Ліпінічы. Як сведчаць старажылы, некалі даўно ў гэтай мясцовасці пасяліўся адзін чалавек, звалі яго Халімон. Ён самастойна распрацаваў зямлю, пабудаваў сабе жыллё, вакол якога насадзіў мноства прыгожых дрэў – ліп. Гэта месца так і прыцягвала чужое вока. Паступова да яго пачалі далучацца людзі з іншых тэрыторый. Яны таксама будавалі свае хаціны паміж ліпамі. Усё болей і болей разрасталася вёсачка і адрознівалася яна ад суседніх паселішчаў ліпавым водарам, да таго ж амаль уся знаходзілася ў зелені густых дрэў. А такая мілагучная назва, як Ліпінічы, пайшла менавіта ад самай першай сядзібы.
Вёска Бронніца. Існуе старадаўняя легенда, якая гаворыць, што ў вёсцы жыў адзін вельмі прыгожы ды разумны паніч, ён ніколі нікога не кахаў. Аднак у гэтай мясцовасці з’явілася адна не тутэйшая дзяўчына Аксіння, убачыўшы якую, ён закахаўся. Праўда, у той час вёска была падзелена на дзве часткі, паміж якімі быў брод. Так здарылася, што паніч жыў у адной частцы, Аксіння ж – у другой. Але ўсе яго думкі былі пра дзяўчыну. Толькі тая выставіла пэўную ўмову: калі пабудуе ён масток праз гэты брод, то яна стане яго суджанай. Паніч быў настолькі закаханы, што нават адважыўся перамагчы чорта, які абараняў сваё багнае месца, каб пабудаваць пераправу. Пераадолеўшы ўсе перашкоды, ён стрымаў сваё слова. Цяпер дзве часткі паселішча звязваў вялікі драўляны мост, па якім паніч перайшоў на другі бок. Аднак каханай дзяўчыны там не знайшоў, яна сышла з вёскі. З тых пор населены пункт сталі называць Бродніцай, слова “брод” азначала багнае месца, а “ніца” – нізкае месца. У далейшым літара “д” згубілася і атрымалася Бронніца.
Аграгарадок Негаўка. Гісторыя Негаўкі, па легендзе, пачынаецца з тых часоў, калі Бог стварыў зямлю. Над гэтай зямлёю пралятала стайка белых птушак. І Бог пажадаў ім знайсці прыгожае месца, каб захацелася там застацца жыць. Птушкі доўга ляталі, кружылі над рознымі мясцінамі, а прызямліліся ля невялічкага возера. Яны плавалі, купаліся, параскідвалі сваё пер’е, ім спадабалася тут. Потым птушкі ператварыліся ў людзей і сталі жыць на гэтай зямлі. Прыгожая яна была, але, на жаль, не ўрадлівая. Хадзілі чуткі, што зямля нягодная, не дае пладоў для жыцця. У сувязі з гэтым паселішчу і далі назву Негаўка.
Вёска Салтанаўка. Паходжанне мясцовасці, як паведамілі старэйшыя жыхары вёскі, пачынаецца з тых часоў, калі паселішча знаходзілася ва ўладанні прадстаўніка дваранскага роду Салтана. У гэтых краях ён жыў разам са сваёй сям’ёю, тут нават знаходзіўся і фамільны магільны склеп. Аднак, як згадваецца, яго сям’ю напаткала няшчасце, прычым не адно: памерлі ўсе дзеці. Таму побач з маёнткам для сваіх дзяцей ён пабудаваў касцёл. Да апошніх дзён Салтан заставаўся тут, на гэтых землях, дзе была яго сям’я. А назва вёскі, як бачна, звязана менавіта з яго імем.
Вёска Люшаў. Населены пункт, як успамінаецца, узнік паблізу месца, дзе знайшлі залежы гліны. Непадалёку ад яго знаходзіўся і касцёл Салтана, у якім была пазалочаная званіца. І каб яе абнавіць, кожны год Салтан апраўляў за мяжу аднаго і таго ж чалавека па імені Ілля, па-мясцоваму Люша, які адтуль прывозіў пазалоту. Таму ў гонар яго і назвалі мясціну Люшаў.
Вёска Буда Люшаўская. Некалі даўным-даўно на тэрыторыі, дзе зараз размешчана вёска, красаваўся вялікі лес. Ён лічыўся маёмасцю пана, які жыў у прыгожым маёнтку ў Люшаве. У панскім лесе стаяла невялікая будка ляснічага, які вартаваў гэта багацце. Аднак пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі лес паступова сталі высякаць. Людзі з хутароў пераязджалі на новае месца жыхарства і тут будавалі сабе драўляныя хаты. Ад будкі ляснічага, як згадваецца, засталася толькі назва – будка люшаўскага пана. Адсюль, верагодна, захавалася яна і за вёскай.
Пасёлак Рошча. Да нашых дзён пра мясцовасць дайшла такая легенда. Дужы і прыгожы юнак пакахаў суседскую дзяўчыну, якая была сіратою, і ажаніўся. Аднак маці хлопца неўзлюбіла нявестку і пачала “зводзіць яе са свету”. Малады муж нічога не ведаў. Аднойчы вечарам, вярнуўшыся з поля, ён не застаў дома жонкі. Усю ноч шукаў яе па ваколіцы, а раніцай касцы з суседняга хутара знайшлі яе нежывую на беразе ракі. Сірату пахавалі ў полі, дзе расла адзінокая бярозка. Усё ж такі здзейсніла маці сваю чорную справу, збавілася ад нявесткі, але нядоўга прыйшлося ёй радавацца. Праз некалькі дзён яна заўважыла на той самай бярозцы святочную вопратку сына. Узялася жанчына за галаву, бо згубіла і сваё дзіця. Хлопца пахавалі побач з магілкай маладой жонкі, а каля яго магілы пасадзілі другую бярозку. Дружна раслі беластволыя дрэўцы, кідалі насенне ў глебу. І з цягам часу поле ператварылася ў прыгожы бярозавы гай. “Рошча” – так называлі гэта месца жыхары. А калі побач будаваўся населены пункт, за ім таксама замацавалася такая назва.
Пасёлак Зарэчча. Вельмі простая і запамінальная біяграфія ў пасёлка. З аднаго боку рэчкі знаходзілася вёска і з другога. Дык вось тая, якая размясцілася за ракою, і называлася Зарэччам.
Вёска Любавін. У даўніну на землях, на якіх пазней узнікла вёска, рос дзікі вінаград. Аднойчы ў гэтых краях праязджаў нейкі пан. Як казалі людзі, ён быў вандроўнікам, а там, дзе бываў, заўсёды знаёміўся з новымі мясцінамі. Больш таго, у падарожжах пан каштаваў нямала самаробных він, гэта было яго любімым заняткам. Таму, запрыкмеціўшы такі вялікі вінаграднік, у пана імгненна з’явілася думка: пабудаваць на гэтым месцы некалькі хацін і пачаць займацца вінаробствам. Як задумаў, так і зрабіў. І ў хуткім часе на вінаграднай тэрыторыі красаваліся невялічкія хаткі-курані. Справа ладзілася. Вытрыманыя гатовыя віны пан збываў і меў ад гэтага нядрэнны прыбытак. Між тым чуткі пра любіцеля він дайшлі не толькі да бліжэйшых суседніх маёнткаў, але і значна далей. А мясцовасць, дзе раслі зараснікі дзікага вінаградніку, пачалі называць Любавінам, што поўнасцю адпавядала слову “любіцель”. Пазней хаткі-курані пабурылі і пабудавалі новыя драўляныя хаты. З цягам часу людзей пачалі зганяць з хутароў і яны сяліліся тут, на вінаграднай тэрыторыі. Паселішча хутка разраслося, а назва Любавін так і засталася.
Вёска Хмяльное. Цікавую гісторыю мае гэты населены пункт. Калісьці тут усе землі, сярод якіх на некалькі дзясяткаў кіламетраў раскінуўся зараснік верасу і хмелю, былі ва ўладанні багатага памешчыка. Аднаго разу, ехаўшы ў калясцы, ён загледзеўся на незвычайна прыгожую дзяўчыну, якая збірала дзікі верас. На другі дзень багацей загадаў пабудаваць паміж пустак хмелю і верасу вялікі будынак. Памешчык не мог забыць прыгажуню, перад яго вачыма ўвесь час паўставалі розныя карціны: то ён сядзіць з гэтай дзяўчынай за сталом, то вядзе яе праз верас, а то проста нюхае з ёю хмель, ад паху якога яны забываюцца пра ўсё на свеце. І наогул, кожную ноч дзяўчына прыходзіла да яго ў снах. Аднак ён больш ніколі не сустрэў яе. Старыя людзі казалі, што той памешчык пасля сустрэчы з дзяўчынай рэдкай прыгажосці не толькі згубіў спакой, але і страціў розум. У далейшым дзікія расліны зруйнавалі, а на іх месцы пабудавалі вёску, назву якой далі, памятаючы аповеды сваіх дзядоў, Хмяльное.
Вёска Слабада Люшаўская. На тэрыторыі, дзе цяпер знаходзіцца вёска, калісьці рос зараснік дзікага хмелю. Пасля ўзнікнення Хмяльнога людзі пачалі будаваць свае хаціны паблізу гэтага населенага пункта. Прычым, што адметна, будаваліся хутарамі. А такія невялікія паселішчы раней у народзе называліся пяцідворкаю ці адзінокай слабодкаю. З цягам часу яны аб’ядноўваліся і ўтварылася сапраўдная вёска, якой далі назву Слабада Люшаўская. Бо з’явіліся сельсаветы, калгасы, а мясцовасць адносілася да Буды Люшаўскай.
Вёска Шутнае. Пачуўшы назву мясціны, адразу на вуснах з’яўляецца ўсмешка. Здаецца, што вёсачка сама па сабе самая што ні на ёсць жартаўніца. І гэта не памылка. Сапраўды ў даўніну ў гэтай мясцовасці жыў адзін юнак. І дзе б ён ні быў, там заўсёды смех ды гоман. Вось і празвалі яго “шутніком”. Хлопец сталеў, затым прыйшла старасць, але звычкі сваёй не кідаў. Больш таго, у яго быў сын, які таксама сваімі жартачкамі весяліў народ на хутарах. Таму мясціну ўсё часцей называлі Шутнае. Потым у часы калектывізацыі, як успамінаецца, з хутароў насельніцтва зганялі жыць у адно паселішча, але назва ў яго так і не змянілася.