У кожнага населенага пункта ёсць свая гісторыя, менавіта таму ўсялякі чалавек хоць раз у сваім жыцці запытаецца: “Адкуль пайшла мая вёска?” Адказ на гэта пытанне можна знайсці зараз. Гісторыя беларусаў, як і іншых народаў, пачынаецца ў далёкім мінулым, і вучоныя не могуць дакладна растлумачыць, як усё было ў самым пачатку. Але захаваліся легенды і паданні, што апавядаюць пра гэта. I наступным будзе Марозавіцкі сельсавет.
Вёска Марозавічы. Сярод старажылаў бытуе два паданні аб паходжанні назвы. Адно з іх распавядае, што паселішча названа так ад першага пасяленца з прозвішчам Марозаў. У канцы 15 стагоддзя (першае летапіснае ўпамінанне в. Марозавічы адносіцца да 1503 года) ў гэтай мясцовасці пасяліліся перасяленцы з Расіі. Яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя частку вуліцы Садовай называлі абшчынай, жыхары гэтага месца размаўлялі ў сваёй большасці на рускай мове, таму карэннаму насельніцтву вёскі Марозавічы характэрна асаблівая сумесь беларускіх і рускіх слоў, таксама літара “е” у большасці слоў вымаўляецца як “і”. Другое паданне распавядае, што жыхары вёскі пайшлі на працу да пана ў Чабатовічы, і там, калі іх спыталі, адкуль яны, тыя адказалі, што з Марозавіч.
Вёска Зялёны Дуб. Адным з першых пасяленцаў з’яўляўся Ягор Карпаў. У яго былі адмарожаны пальцы ног і ён увесь час хадзіў быццам бы прыстукваючы. Людзі з суседніх вёсак празвалі яго Стуканом. Так і казалі: там, дзе жыве Стукан. Аднак з часам апошнюю літару “н” змянілі на “ч”, атрымалася Стукач. У наш час Зялёны Дуб складаецца з двух частак, але стары пасёлак і зараз імянуецца Стукач. Назва Зялёны Дуб пайшла ад вялізнага дуба, які рос на тэрыторыі пасёлка. І калі гэта месца было прызначана для засялення ў пачатку 20 стагоддзя, яно атрымала назву Зялёны Дуб.
Пасёлак Новы Свет. Заснаваны ў 1922 годзе перасяленцамі з вёскі Глазаўка, якія пачалі жыць на зямлі, набытай у памешчыцы Юрлавай. “Купчых” – так называўся пасёлак у народзе. Зямля размяшчалася ад непраходнага балота да існуючай аўтадарогі Мінск-Гомель. Для заезду на набытую зямлю ўсім светам будавалі грэблю. Першым перасяленцам быў род Брацікавых.
Пасёлак Чарняцін. У 1922 годзе быў заснаваны перасяленцамі з суседніх вёсак. Паселішча знаходзілася на паляне сярод чарналеска, парослага чарніцамі. Таму і далі назву Чарняцін. Пасёлак з’яўляецца радзімай беларускага паэта Мікалая Літвінава. У 2001 годзе быў выдадзены яго зборнік вершаў “Світанак”. А таксама духоўнай радзімай пісьменніка Аляксандра Афяроўскага, які нарадзіўся на Міншчыне, але ўсё яго дзяцінства прайшло ў Чарняціне. Ён напісаў раман “Двое на тонкім лёдзе”, аповесць “Святло паўночнага ззяння” і іншыя.