У кожнай вёскі ёсць свая гісторыя, свой лёс. І хочацца сказаць словамі беларускага паэта Юрася Півунова: “… Што ёсць Беларусь? Кожнаму беларусу яна ўяўляецца па-свойму. Для мяне Беларусь пачынаецца з вёскі, дзе нарадзілася мая маці, дзе ў дзяцінстве я бавіў час летніх вакацыяў”. А зараз мы разгледзім лёс вёсак Мікалаеўскага сельсавета.



Вёскі Мікалаеўка, Уладзі-міраўка, Варварына, Любань, Надзёждзіна. Па версіі старажылаў, у 19 стагоддзі ўся мясцовасць называлася Любаўшчынай і належала памешчыку, які пражываў у фальварку Зорка. Любаўшчыну ён падзяліў на пяць вёсак, а назвы яны атрымалі па ўрочышчы: першая – Салтанаўка, другая – Падстрэлкі, трэцяя – Падляды, чацвёртая – Пералаз, пятая – Угальцы. Аднак у канцы 19 стагоддзя другі памешчык фальварка перайменаваў назвы вёсак у гонар сваіх дзяцей: Падстрэлкі ў Варварына, Падляды – Любань, Пералаз – Уладзіміраўку, Угальцы – Надзёждзіна, Салтанаўку ў Мікалаеўку.
Вёска Выдрыца. Па ўспамінах старажылаў, назва вёскі Выдрыца пайшла ад таго, што тут у даўнія часы знаходзілася невялікая рачулка, у якой вадзіліся выдры.
Вёска Зорка. Да 1930 года вядома як пасёлак Самуйлаў у Мікалаеўскім сельсавеце. У 1929-1930 гадах на тэрыторыі населенага пункта была створана першая камсамольская камуна і вёску перайменавалі ў Чырвоную Зорку. Аднак з цягам часу першае слова перастала выкарыстоўвацца, засталася проста Зорка.
Вёска Царкоўе. Яшчэ ў старажытнасці мясціна называлася Малінаўкай. У далейшым на прыгорку за рэчкай была пабудавана царква, пасля асвячэння якой мясцовасць пачалі называць Царкоўем малінаўскім. Слова «малінаўскае» пазней выйшла з ужывання, а вось Царкоўе захавалася.
Вёска Прыбар. Назва вёскі паходзіць ад таго, што аднойчы пан “прыбраў” (у перакладзе з дыялекту “далучыў”) да сваіх уладанняў тэрыторыю, на якой размяшчаліся беглыя сяляне.
Паважаныя чытачы, нагадваем вам, што мы рады будзем пачуць і іншыя варыянты паходжання вёсак. Тэлефануйце і пішыце!