Ізноў звяртаемся да вытокаў мінуўшчыны. Вёскі, пасёлкі, хутары – усе яны ахутаны таямнічымі легендамі і цікавымі гісторыямі. Таму працягваем знаёміць з населенымі пунктамі. І наступны сельсавет – Уваравіцкі.
Гарадскі пасёлак Уваравічы. Узнік у маляўнічым месцы, у вялікім выгіне ракі Узы, якая агібае населены пункт з усходу, поўдня і ідзе на захад. Калісьці гэта тэрыторыя была акружана густымі лясамі, у якіх вадзілася шмат відаў дзікіх звяроў. Старажытнае паходжанне мясцовасці дакументальна даказана і гістарычнымі фактамі, таму занесена ў Чырвоную кнігу геаграфічных назваў. Раней была распаўсюджана версія, што назва пасёлка ўзнікла ад чалавека па прозвішчы Увараў, знатнага дзяржаўнага дзеяча Расіі, аднаго з буйнейшых феадалаў таго часу. Аднак гэта версія лічыцца памылковай, бо гісторыя ўзнікнення мясціны губляецца ў далёкай глыбіні стагоддзяў, калі прозвішча Увараў наогул не існавала.
У сапраўднасці населены пункт мае наступнае паходжанне. Лічыцца, што яго назва складзена са старажытнаславянскіх слоў “вар”, “вара”, якія азначаюць узвышша, узгорак або лес на высокім беразе. Літара “у” з’яўляецца прыстаўкай і ўказвае на блізкае размяшчэнне да якога-небудзь аб’екту,“іч” – на наяўнасць аднаго чалавека, а “ічы” – на мноства насельніцтва. Першапачаткова гэта была мянушка тых людзей, што жылі побач з узвышшам ці высокім берагам, які зарос лесам, але затым яна перанеслася і на населены пункт. Пасёлак сапраўды знаходзіўся на высокім месцы, над ракою. Можна меркаваць, што гэтым пагоркам магло быць гарадзішча.
Вёска Лапічы. Заснавана ў 1726 годзе. Як успамінаюць мясцовыя жыхары, тэрыторыя тут была балоцістая, таму людзі сяліліся на невялікіх узвышшах ці, як іх яшчэ называлі, “лапіках”, якіх было некалькі. У далейшым, як відаць, ад гэтых “лапікаў” за мясцінай і прыжылася назва Лапічы. І хоць з цягам часу балоты асушылі і паселішча расшырылася, пераўтварылася ў сапраўдную вёску, назва населенага пункта так і не змянілася.
Пасёлак Завідаўка. Вакол мясцовасці, як згадваецца, знаходзілася мноства балот і азёраў, у якіх вадзілася шмат рыбы. Таму на гэтай тэрыторыі менавіта рыба і з’яўлялася асноўнай стравай. Праўда, людзі з суседніх вёсак зайздросцілі жыхарам пасёлка, “завідавалі” – так гаварылі па-мясцоваму. Верагодна, ад гэтага слова і пайшла назва мясціны.
Аднак існуе і другая версія, якая гаворыць, што раней на дадзенай тэрыторыі жылі шляхцічы. Яны, як вядома, адносіліся да дваранскага саслоўя, у іх і ўзровень жыцця, і дастатак былі значна вышэй, чым у простых людзей. Таму шляхцічам таксама зайздросцілі.
Пасёлак Высокая Грыва. Гэты населены пункт лічыцца самым “маладым” сярод іншых, ды і назва ў яго зусім незвычайная, асабліва другая частка, якая адразу нагадвае грыву каня. На самай справе так яно і ёсць. Паселішча сапраўды размяшчалася на пясчаным узвышшы, на высокім месцы, бо вакол яго паўсюль былі адны балоты. Больш таго, у ім налічвалася толькі адна вуліца, ды і тая была няшчыльна забудаваная, паміж хатамі выглядвалі прарэхі. А здалёк яна і наогул была падобна на грыву каня. Адсюль і назва.
Вёска Радзеева. На жаль, няшмат існуе звестак пра паходжанне дадзенага населенага пункта. Вядома, што заснаваны ён у 19 стагоддзі як вёска Рудзянецкай воласці. А яшчэ вядома, што ў далёкім мінулым на гэтай тэрыторыі жыў князь Радзівіл, ва ўладанні якога было 800 дзесяцін зямлі. І, як сведчаць старажылы, назва населенага пункта звязана з яго імем.
Пасёлак Зялёны Востраў. Мясціна заснавана перасяленцамі з суседніх вёсак і пасёлкаў у лясным масіве. Прычым месцазнаходжанне населенага пункта было даволі адасобленым ад усіх. На такой аддаленай адлегласці, сярод лесу паселішча было як на востраве. Асабліва, як згадваюць старажылы, гэта вылучалася ў летнюю пару, калі найбольш яскрава прырода надзяляла лясных прыгажунь і ў багатай зелені дрэў красаваўся пасёлак. У такія часы мясціна нагадвала самы што ні на ёсць зялёны востраў. У сувязі з гэтым у далейшым яна была так і названа.
Вёска Тэклеўка. Па ўсім відаць, галоўная роля ў паходжанні населенага пункта належыць жанчыне, нездарма ж ён носіць яе імя. І сапраўды, у даўніну на тэрыторыі вёскі знаходзіўся памешчыцкі маёнтак. Гэта была маёмасць памешчыцы Тэклі, ва ўладанні якой былі тры будынкі. У адным жыла яна сама, а ў дзвюх астатніх – сяляне. Прычым вакол памешчыцкага будынка рос вялікі фруктовы сад. У гонар яе, па словах жыхароў, мясціна і набыла назву Тэклеўка. І захавалася яна нават тады, калі пасля раскулачвання памешчыцы на яе землях пачалі сяліцца перасяленцы з іншых вёсак.