Кожны чалавек ганарыцца сваёй краінай, але кожны таксама мае і сваю малую радзіму. І наступным сельсаветам, пра паданні якога мы паведамім, будзе Узоўскі.
Вёска Уза. Яе гісторыя пачынаецца з чыгуначнай будкі, якая з’явілася пры будаўніцтве Любава-Роменскай чыгункі ў кастрычніку 1873 года. Першым жыхаром быў Цімафей Арлоў, ён працаваў стрэлачнікам на пуцях. Раней у вёсцы было вялікае балота, а таксама чыстае возера, адсюль пачыналася невялікая рачулка Субота, якая ўпадала ў раку Уза. Верагодна, па назве больш буйной ракі і далі назву населенаму пункту.
Вёска Калініна. Старажылы распавядалі дзве версіі яе ўзнікнення. Згодна першай, калісьці на тэрыторыі вёскі размясціўся полк Сямёнава, які вызваляў населены пункт ад ворагаў. З тых часоў людзі сталі называць мясцовасць Сямёнаўкай.Паводле другой, людзі, якія пасяліліся першымі, насілі прозвішча Сямёнавы. Паселішча разрасталася. Ад іх роду і сталі называць яго. Згодна архіўным крыніцам і сцвярджэнням старажылаў, у 1924 годзе вёску сталі іменаваць Калініна. Адны сцвярджаюць, што населены пункт перайменавалі з прыходам Савецкай улады. Іншыя згаджаюцца з гэтай версіяй, але і дадаюць, што недзе ў пачатку 20-х гадоў праз вёску праходзіў цягнік, у якім ехаў дзяржаўны і паэтычны дзеяч Міхась Калінін, і рабіў непадалёку ад населенага пункта прыпынак. Так і з’явілася назва Калініна.
Вёска Рудзянец. Назва сведчыць аб тым, што калісьці тут здабывалі балотную жалезную руду і выплаўлялі з яе жалеза, з якога ў кузні рабілі наканечнікі да пікі для палявання, драўлянай сахі, акоўку да драўлянага кола. Чалавека, які займаўся апрацоўкай руды, людзі празвалі Рудзянец. Так за пасёлкам і замацавалася такая назва.
Вёска Ціхінічы. Народнае паданне расказвае, што паселішчу паклаў пачатак першы жыхар, звалі якога Ціхан. Выяўленне і даследаванне археолагамі курганоў жалезнага веку, што былі побач з вёскай, сведчаць пра засяленне гэтай тэрыторыі ў далёкай старажытнасці. Па пісьмовых крыніцах населены пункт вядомы з 19 стагоддзя як вёска ў Рудзянецкай воласці.