Напэўна, усім тым, хто шануе мінуўшчыну, усё ж цікава даведацца пра паходжанне населеных пунктаў, асабліва свайго роднага краю. Таму зараз завітаем у Шырокаўскі сельсавет, на тэрыторыі якога ёсць нямала месцаў з запамінальнымі назвамі.

Аграгарадок Шырокае. Мясціна заснавана ў 20-я гады мінулага стагоддзя, на дадзены момант з’яўляецца цэнтрам сельсавета, да таго ж ёй прысвоены статус аграгарадка. А гісторыя паходжання назвы населенага пункта такая. Як згадваюць старажылы, калісьці жыхары суседняй вёскі Міхалёўка рассяляліся на новых тэрыторыях. Праўда, навокал мясцовасць была забалочанай, таму зямельныя надзелы атрымліваліся кароткімі, але ж вельмі шырокімі. У сувязі з гэтым заселеная мясціна нагадвала сабой адну вуліцу. Шырокаўская – так яе называлі. А калі паселішча стала расшырацца, людзі гаварылі: “Пайду на Шырокі”. Так і замацавалася гэта выказванне да сённяшніх дзён.
Пасёлак Камінтэрн. У перакладзе слова “камінтэрн” абазначае камуністычны інтэрнацыянал або камуну, грамадства, аб’яднанае агульнымі ідэямі і інтарэсамі. А ў 20-я гады ў гэтых месцах быў утвораны новы пасёлак, прычым жыхарамі яго ў асноўным былі яўрэйскія сем’і, ахутаныя адзінымі мэтамі. Таму за такое адзінства і атрымаў ён назву Камінтэрн, як і потым утвораны калгас.
Пасёлак Чароты. Калі першы раз чуеш назву населенага пункта, адразу разумееш, што яна пэўна звязана з адпаведнай раслінай – чаротам. На самай справе так яно і ёсць. Паселішча знаходзілася на балоцістых месцах, на якіх і сапраўды расло шмат чароту, што надавала асаблівую загадкавасць тэрыторыі. З тых часоў мясцовасць таксама павялося называць Чароты.
Пасёлак Аляксандраўка. Яшчэ ў старадаўнасці ў гэтых мясцінах жыла багатая польская памешчыца Ванда Сулістроўская. Яна мела вялікі маёнтак і ўладарыла значнай колькасцю зямель, якія аддавала ў арэнду прыезджым людзям. Спачатку іх было пяць сямей, але самым першым, з успамінаў мясцовых жыхароў, сюды прыехаў жыць нейкі Аляксандр. Мабыць, нядрэнны быў чалавек і меў аўтарытэт сярод жыхароў, бо ў далейшым у гонар яго і быў названы населены пункт. Вядома, што ўсю сваю маёмасць пані Сулістроўская завяшчала блізкаму сваяку – барону Нолькіну. Аднак той без ахвоты нагледжваў за маёнткам, ды і наогул быў супраць гэтых людзей, ён выгнаў іх з памешчыцкіх зямель. Праўда, з цягам часу маёнтак прыйшоў у заняпад. І ўжо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі сюды на пасяленне прыехалі другія людзі, толькі вось пасёлак так і застаўся Аляксандраўкай.
Пасёлак Ераполле. Пасля таго, як маёнтак памешчыцы Ванды Сулістроўскай разарыўся, сяляне самастойна абжываліся на новых тэрыторыях. Прыкметна, што створанае паселішча адрознівалася ад іншых. Тут размясціліся дзесяць двароў, людзі трымалі вялікую гаспадарку. Напрыклад, у іх былі коні, каровы, бараны. Адпаведна для жывёлы трэба было вырошчваць і збожжавыя культуры. Таму, па словах жыхароў, вакол новага паселішча красаваліся яравыя палі, якія прываблівалі вока ўсіх, хто наведваўся ў гэтыя мясціны. А назва, у сваю чаргу, напрамкі звязана з шапаткімі яравымі палямі – Ераполле.
Пасёлак Бярозавая Рошча. Як бачна, сама за сябе гаворыць назва, бо менавіта сярод бяроз-прыгажунь вырасла гэта невялікае паселішча. А першымі жыхарамі мясцовасці былі бедныя шматдзетныя сем’і. Каб прыдбаць хоць якое-небудзь жыллё, у бярозавым гаі яны вырубілі месца для будаўніцтва хацін, а таксама для распрацоўкі зямельных надзелаў. Там і пасяліліся.
Пасёлак Краснагорск. Сапраўды запамінальная назва. І пра яе паходжанне існуе зусім не падобная на іншыя легенда. Яна расказвае, што некалі даўно па мясцовасці праходзіў ляднік. На сваім шляху ён нёс мінералы, каменне, пясок і ў пэўны момант спыніўся, ссыпаючы ў адну вялікую кучу ўсе свае запасы. На тым месцы ўтварылася незвычайная гара з чырвоных камянёў. І ў далейшым побач з ёю пачалі сяліцца людзі. Вырасла цэлае паселішча, назву якому далі ў адпаведнасці з гарою – Краснагорск.
Пасёлак Чарняцкая Паляна. Як згадваюць старажылы, даўным даўно сярод магутнага лесу была невялікая паляна, тут калісьці быў маёнтак аднаго памешчыка па прозвішчы Чарняцкі. Затым на гэтым месцы засяліліся два браты, якія апрацавалі зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылля, а таксама пад сяўбу. У далейшым да іх пачалі далучацца і іншыя беззямельныя сяляне. І з цягам часу былы памешчыцкі маёнтак пераўтварыўся ў сапраўдны пасёлак. Толькі вось назву гэта паляна так і не змяніла, мясцовыя жыхары заўсёды яе называлі Чарняцкай.
Вёска Міхалёўка. З пісьмовых крыніц вядома яшчэ з канца 19 стагоддзя, да таго ж была вельмі буйным населеным пунктам. Як успамінаюць старэйшыя людзі, заснавальнікам вёскі быў чалавек пад вельмі распаўсюджаным імем Міхаіл. Менавіта ў гонар яго мясціне і далі такую назву. Вёску адрознівала ад іншых і тое, што мясцовыя жыхары дзялілі яе на тры самастойныя вуліцы, кожная з якіх мела сваю асабовую назву: «деревня», «улица», «слобода». Цікавы і той факт, што раней яна з’яўлялася цэнтрам былога Міхалёўскага сельсавета.
Вёска Забалоцце. Ёсць пасведчанні аб засяленні дадзенай тэрыторыі з вельмі даўніх часоў – амаль з канца 17 стагоддзя. Вядома, што мясціна ўваходзіла ва ўладанне памешчыка Дарыя-Дзерналовіча і знаходзілася на ўрадлівых, багатых на торф землях, што вельмі прываблівала землеўласніка. Але ж вакол тэрыторыі былі адны балоты. Таму яна і атрымала такую прадсказальную назву, як Забалоцце. Як згадвалася, у даўнасці населены пункт быў вельмі буйным і багатым, прычым тут функцыянавала нават Пакроўская царква.
ЗНІКШЫЯ, АЛЕ НЕ ЗАБЫТЫЯ НАСЕЛЕНЫЯ ПУНКТЫ
Пасёлак Востраў. Раней на тэрыторыі сельсавета існаваў невялічкі пасёлак Востраў, яшчэ яго ўспаміналі як Восаў. Знаходзіўся ён у пойме дзвюх рэк – Сожа і Ліпы, а дакладней, як быццам бы на востраве. Адсюль і пайшла назва. Да таго ж у гэтых мясцінах былі вельмі прыгожыя сенакосныя лугі, якія так і прываблівалі сялян сваёй прыгажосцю. І каб пасяліцца тут, за пісьмовым дазволам людзі хадзілі нават да У.І. Леніна, гавораць старажылы. Каля 15 сямей жыло на востраве, аднак у далёкім 1936 годзе ўсіх жыхароў перасялілі ў Чарняцкую Паляну, а на месцы пасёлка з’явіўся запаведнік.
Пасёлак Новы Свет. На жаль, біяграфія ў пасёлка зусім кароткая. Вядома толькі, што былыя прыгонныя сяляне ўсё той жа памешчыцы Ванды Сулістроўскай ахрысцілі мясціны з надзеяй на новае жыццё, а калі больш дакладна, на лепшую долю, на новы свет, як гаварылі ў народзе, каб добра жылося і дабро вялося. Па ўсім відаць, і назва населенага пункта была звязана з гэтай мэтай.
Пасёлак Батрак. Населены пункт знаходзіўся непадалёку ад былога маёнтка памешчыцы Ванды Сулістроўскай, аб чым было згадана вышэй. На гэтых землях сяліліся самыя бедныя людзі – батракі. Так іх называлі, бо ўсё сваё жыццё яны служылі памешчыцы і нічога не мелі, праўдзівей кажучы, былі бяспраўнымі людзьмі. Менавіта таму і за паселішчам захавалася назва Батрак.