Гісторыі, а таксама легенды, нягледзячы на значны фантастычны элемент, даюць даволі поўнае ўяўленне пра мінулае свайго края, а яшчэ больш – пра стаўленне народа да ўласнай культурнай спадчыны. Таму рухаемся далей, і сённяшні наш аповед – пра населеныя пункты Акцябрскага сельсавета.
Аграгарадок Акцябр. У далёкім мінулым у гэтай мясцовасці былі лясы, рэчка і вялікае балота. Непадалёку ад іх знаходзіліся такія населеныя пункты, як Пыцькаўка, Ліпа, Дуравічы і іншыя вёскі былых багацеяў. Згадваецца, што некалі пан Паповіч прывёў сваіх сялян у балоцістае месца і загадаў на ўзвышшах будаваць хаціны, разводзіць гаспадарку, апрацоўваць землі, прычым за гэта абяцаў не браць з іх даніну на працягу пяці гадоў. Так у хуткім часе з’явілася паселішча, якое назвалі Папоўкай. Зразумела, па прозвішчы пана. Але ж некаторыя сцвярджалі, што назва пайшла ад мноства кветак-папкоў, якія раслі тут навокал. Пазней Папоўка змянілася на Троцкае, затым Сталіна і, нарэшце, Акцябр. Населены пункт, на здзіўленне, занадта багаты на назвы, і апошняя, відаць, звязана з рэвалюцыяй.
Пасёлак Красны Акцябр. У 18-19 гадах пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі займаліся раздзелам зямлі. Старыя людзі ўспамінаюць, што нейкая жанчына па прозвішчы Кір’янава выкупіла яе амаль 40 гектараў, на якіх пабудавала сабе жыллё і пасадзіла вялікі сад. Месцу далі назву Кір’янава. Затым на гэтых землях з’явіліся яшчэ дзве хаты: для дачкі і сына. А пазней тут пабудаваўся і якісьці Захарчанка. Паселішча стала называцца 4-х хаткай. А вось назву Красны Акцябр пасёлак атрымаў у 1924 годзе, што, верагодна, таксама звязана з падзеямі таго часу.
Вёска Пыцькаўка. Як распавядаў адзін з тутэйшых жыхароў, назва мясцовасці хутчэй за ўсё звязана з будаўніцтвам чыгункі Гомель-Доўск. Калісьці тут працавалі рабочыя з вёскі Грабаўка Гомельскага раёна. Прыехаўшы сюды, яны выявілі землі, на якіх можна было займацца сельскай гаспадаркай. Таму пасля будаўніцтва чыгункі некалькі сем’яў з Грабаўкі засталіся ў гэтых месцах на жыхарства. І калі д а іх прыязджалі, то пыталіся, як знайсці сваіх аднавяскоўцаў. Паступова паселішча расшыралася. І менавіта ад беларускага слова “пытаць” за ім і замацавалася такая не зусім звычайная назва.
Вёска Чэрапаўка. Яшчэ ў далёкім 1895-м у гэтыя мясціны прыязджалі чужыя людзі, набывалі зямлю і будаваліся тут. К 1909 году колькасць іх значна ўзрасла, з’явіўся хутар Лабудзева. Гэта было прозвішча памешчыка, які таксама з сям’ёю прыехаў сюды. Адметна і тое, што яго дзеці звязвалі свой лёс з людзьмі, якія на той час ужо асталяваліся на дадзенай тэрыторыі. Як згадваецца, наўкол мясцовасці быў дрымучы лес. Там вадзілася шмат дзікіх звяроў, прычым валялася і мноства іх чэрапаў, ад якіх, па ўсім відаць, і з’явілася назва Чэрапаўка.
Аграгарадок Дуравічы. Старажылы расказваюць, што ў канцы 17 – пачатку 18 стагоддзя на дадзенай тэрыторыі былі тры пасёлкі: Белькаў Рог, Замосце і Мальч. Складаліся яны з 15-20 двароў і ўваходзілі ва ўладанне пана Ісака Хвішча. Потым паселішчы аб’ядналіся ў адно вялікае, называць яго пачалі Дуравічы. Чаму менавіта так – існуе дзве версіі. І адна з іх гаворыць, што ў пана быў прыказчык па прозвішчы Дураў, менавіта ад яго і пайшла назва. А вось другая версія зусім іншае сцвярджае: у тыя часы людзі не мелі ніякіх правоў, багацеі да іх вельмі дрэнна адносіліся. Таму быццам бы ад такога жорсткага ці, як казалі, “дурацкага” абыходжання з імі і ўтварылася назва.
Вёска Броды. Дзесьці да 1922 года на месцы сучаснай вёскі былі хутары, прычым кожны з іх меў сваю назву, так сведчаць старажылы. Называліся яны па прозвішчы лю-дзей, якія там жылі, напрыклад, хутар Сцяпана Афанасенкі. Праўда, паміж гэтымі невялічкімі паселішчамі працякала рэчка. Таму, каб дабрацца ад аднаго хутара да другога, трэба было ісці цераз брод. Так і жылі: сусед к суседу перабрадаў. Аднак у далейшым жыхары хутароў вырашылі аб’яднацца і пачаць будавацца на адным месцы. Карацей кажучы, узнікла цэлае паселішча, назва ў якога спачатку была Брод, як відаць, ад спосабу пераправы, а затым і Броды.
Вёска Мачулішча. Населены пункт вядомы яшчэ з канца 20 стагоддзя і мае даволі незвычайную, ні на што не падобную назву. А вось адкуль яна ўзялася, растлумачыла адна мясцовая жанчына. Аказваецца, жыхары вёскі займаліся вырабам вяровак. Спачатку ў невялікай рэчцы Ліпе, што працякала паблізу населенага пункта, мачылі і залілі пяньку, а затым з яе рабілі моцныя вяроўкі. Менавіта ад слова “мачыць” і пайшла назва паселішча.
Пасёлак Балдуі. Раней, а дакладней, у пачатку 20 стагоддзя, мясціна была вядома як выселак Павісліда ў Кашалёўскай воласці. Але з цягам часу гэты невялікі населены пункт засялялі жыхары, значная частка якіх, прычым большая, што цікава, мела адно і тое ж прозвішча – Балдуевы. У сувязі з гэтым і за пасёлкам захавалася назва Балдуі.
Вёска Дубавіца. Даўным-даўно на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца вёска, шумела дубрава. Згадваецца, што на гэтай тэрыторыі засяліліся людзі з суседніх населеных пунктаў. Паселішча паступова разрасталася, дрэвы сяляне вырубалі і будавалі з іх сабе жыллё. У далейшым дубрава поўнасцю знікла, а мясціна набыла назву Дубавіца.
Вёска Залунеўе. З вуснаў старэйшых жыхароў даведаліся, што гэты населены пункт утварыўся на месцы дрымучага лесу. Пасля яго вырубкі замест дрэў засталіся адны лункі пнёў, таму паміж сабой сяляне казалі, што іх паселішча знаходзіцца за лунамі. І з цягам часу гэта выказванне перарасло ў назву мясціны – Залунеўе.
Вёска Леніна. На жаль, няшмат ёсць звестак пра дадзены населены пункт. З успамінаў адной жыхаркі вядома толькі, што заснаваны ён быў перасяленцамі з блізляжачых вёсак пасля рэвалюцыі. Таму менавіта і назва яго звязана, у першую чаргу, з імем правадыра Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.