Працягваем расказваць пра паходжанне населеных пунктаў, бо гэта наша мінуўшчына, гэта гісторыя роднага краю. А кожная тэрыторыя – яго часцінка, напоўненая нейкай таямнічасцю і сваім жыццём. І Крыўскі сельсавет, у склад якога ўваходзіць шмат вёсак і пасёлкаў, – не выключэнне.
Аграгарадок Крыўск. Даўным-даўно на тэрыторыі населенага пункта шумеў густы лес, а вакол было мноства балот і непраходных месцаў. Таму толькі па лясной дарозе можна было дабрацца да панскіх хутароў, куды на паляванне прыязджалі князі і заможныя паны. Аднак на шляху падарожнікаў падпільноўвала банда злодзеяў, шмат крыві пралілося тут. Людзі баяліся хадзіць і ездзіць па “крывавай” дарозе, так яе называлі ў народзе. А калі пабудаваліся першыя хаты, паселішча назвалі Крыўскам ад слоў “крывы”, “крывавы”, бо людскія сэрцы, як згадваецца, былі напоўнены крыўдай на гэтыя месцы.
Вёска Івольск. Населены пункт знаходзіцца паблізу ракі Іволькі, таму і мае такую назву – адказваюць некаторыя. Але ж старажылы яго паходжанне растлумачваюць наступным чынам. Аднойчы аднаму чалавеку захацелася перайсці рэчку, толькі месцамі яна аказалася даволі глыбокай. Стаў ён тануць і, спужаўшыся, пачаў людзей зваць, каб выратавалі. “Вой і вой”, – набраўшы поўны рот вады, крычаў чалавек. Пачулі яго, прыбеглі і выцягнулі няшчаснага. “Вось табе і “івойка”, – смяяліся людзі. Праўда, рэчку з таго выпадку пачалі таксама называць Івойкай, а затым Іволькай. А калі на яе беразе з’явіліся першыя хаты, то і за паселішчам прыжылася такая назва.
Вёска Сінічына. Легенда гаворыць, што ў тыя часы, калі на берагах ракі Іволькі расло шмат дрэў, асабліва асін, міма праходзіў вандроўнік. Пільна ўглядаючыся ўдалячынь, ён імкнуўся вызначыць, ці далёка да вёскі, ды толькі ў вачах сінела ад такога мноства дрэў. А калі ўвайшоў у населены пункт, здзівіўся яшчэ болей: на дрэвах сядзела неверагодная колькасць сінічак, якія без прыпынку весела цінькалі. “Ого, і здалёк сінява, і тут сінічкі сінія!” – вымавіў чалавек. З тых пор і пайшла назва Сінічкі, а потым і Сінічына.
Вёска Бацунь. На месцы сучаснай вёскі некалі быў дрымучы лес, шмат дзікай жыўнасці вадзілася тут. Таму часта сюды на паляванне прыязджаў князь Паскевіч са сваімі сябрамі, бо гэта тэрыторыя лічылася яго ўласнасцю. І аднаму з іх, у прыватнасці, генералу Іванову, вельмі спадабаліся тутэйшыя месцы. Тады князь у гонар сяброўства падарыў яму ўчастак лесу. Аднак не толькі генералу былі да спадобы лясныя прасторы. Пасля доўгіх блуканняў на беразе возера пасяліўся беглы катаржнік па імені Батун. Затым тут пачалі будаваць свае хаціны і іншыя людзі. Паселішча спачатку называлі Батунава, потым скарацілі да Батуні, а пазней і да Бацуні.
Аднак існуе і яшчэ адна версія паходжання вёскі. Раней верылі, што назвы прыдумваў Бог ці ангелы. І калі ангел пралятаў над лесам, ён выпусціў з рук жменьку ўрадлівай зямлі. На тым месцы, дзе яна ўпала, вырасла батун-трава, а ў далейшым з такой назвай утварылася і паселішча.
Вёска Лозкі. Адметна, што мясцовасць была багата на непраходныя зараснікі лазы. Таму перш чым тут сяліцца, людзі ачышчалі тэрыторыю ад гэтых густых кустоў, а затым будаваліся. Менавіта з-за такой колькасці лазы і за паселішчам замацавалася назва Лозкі.
Пасёлак Смаловыя Лозкі. Гэты населены пункт узнік падобна названаму вышэй, а дакладней, на тэрыторыі, дзе таксама былі зараснікі лазы. Больш таго, калісьці тут, як сведчаць старыя людзі, працавала смалакурня – месца, дзе варылі смалу. Таму пасёлак набыў назву Смаловыя Лозкі.
Пасёлак Багамолаўка. Калісьці, як згадваецца, у гэтых месцах адзін прыезджы выкупіў участак зямлі. Звалі яго Ілля Восіпавіч Багамалоў. Разам з ім прыехалі і тры ягоныя сыны: Міна, Ігнат і Ягор. Яны пабудавалі сабе хаты, абжыліся, а новаму месцажыхарству далі назву ў адпаведнасці з прозвішчам – Багамолаўка.
Пасёлак Матылёўка. Як сведчаць старажылы, населены пункт быў заснаваны дзесьці ў пачатку 20-х гадоў на былых памешчыцкіх землях, прычым перасяленцамі з суседніх вёсак. Паселішча надзвычай хутка разраслося. А ў народзе пра яго жыхароў гаварылі так: “Наляцелі як матылі”. Як бачым, назва сама адказвае за сябе.
Пасёлак Зарэчча. Жыхары ўспамінаюць, як праз густы лес працякала шырокая рачулка Іволька. І калі ўвесну яна выходзіла з берагоў, то расцякалася так, што тырчалі толькі адны верхавіны дрэў. А вось пасля сходу вады зямля была вельмі ўрадлівай і радавала добрым ураджаем. Таму, не спужаўшыся веснавой паводкі, людзі пачалі сяліцца на беразе Іволькі, а месца гэта назвалі Зарэччам, бо само паселішча знаходзілася за ракою.
Пасёлак Савет. Пераважна на гэтай тэрыторыі былі перасяленцы з розных хутароў і аддаленых пасёлкаў. Тут быў створаны і калгас імя Чапаева. Як сведчаць старэйшыя жыхары, з прыходам Савецкай улады іх жыццё змянілася, а дакладней, значна палепшылася. Яшчэ гаварылі, напоўнілася новым сэнсам, Саветы далі пуцёўку ў будучыню. Адсюль, верагодна, і назва.
Пасёлак Порасль. Некалі даўно на месцы пасёлка было шырокае поле, зарослае густымі парасткамі. Праўда, доўга ад іх прыйшлося жыхарам ачышчаць тэрыторыю для будаўніцтва. Толькі гэта не адбіла чалавечага энтузіязму. Людзі справіліся, і праз некаторы час тут ужо красаваліся прыгожыя хаты. Адметна, што ў працалюбівых сялян паселішча вырасла так хутка, як растуць лясныя парасткі. Дарэчы, жыхары называлі іх словам “порасль”. А каб пасёлак яшчэ хутчэй рос і развіваўся, яго таксама так назвалі.
Пасёлак Дунай. Як аказалася, населены пункт у даўніну меў зусім іншую назву – Буслы. І атрымаў яе ён з-за вялікай колькасці буслоў, якія, як вядома, заўсёды выбіраюць сабе месца па душы. Гэтыя крылатыя птушкі ўвесну прыляталі ў паселішча і будавалі свае гнёзды, амаль ля кожнай хаты былі буслянкі. А вось у далейшым Буслы перайменавалі ў Дунай. Чаму так – адказаць няпроста. Але ж існуе версія, што яшчэ ў рэвалюцыйныя гады сюды прыехала на месцажыхарства шмат перасяленцаў з-за Дуная. І менавіта ў адпаведнасці з гэтым змянілася і назва пасёлка.
Пасёлак Красны Лужок. Мясцовыя жыхары гавораць, што пасёлак з’явіўся на месцы, дзе раней быў луг. Прычым, верагодна, невялікі па сваёй плошчы, бо часта яго называлі проста лужок. Таму і паселішча спачатку мела такую ж ласкальную назву. Аднак з прыходам Савецкай улады, а таксама прытрымліваючыся моды таго часу на назвы, як згадваецца, Лужок пераўтварыўся ў Красны Лужок.
Пасёлак Красная Плошча. Узнік побач з названым вышэй пасёлкам, а вось пра яго паходжанне існавала такая гісторыя. Даўным-даўно ў Маскву ад народа былі адпраўлены хадакі. І калі яны вярнуліся назад, то самым яскравым і незабывальным уражаннем быў успамін пра Чырвоную плошчу. Нядзіўна, бо простыя сяляне пабывалі там упершыню. Таму, будуючы пасёлак, яны ўжо ведалі, якую ён будзе насіць назву. Гаварылі так: “У Маскве свая ёсць і ў нас свая будзе”.
Пасёлак Расцяробы. З такой незвычайнай назвай пасёлак утварыўся на месцы, дзе калісьці быў лес. Дрэвы сяляне выкарчавалі, яшчэ гаварылі “расцярабілі”, а затым на дадзенай тэрыторыі пабудавалі хаты. Так і з’явілася новае паселішча, а назву яно атрымала па мясцовай гаворцы: расцярабілі – значыць Расцяробы.