Напэўна, кожнаму чалавеку, калі ён трапляе ў незнаёмую мясцовасць, цікава даведацца, чаму менавіта так яна называецца. А знаходзячыся на тэрыторыі Патапаўскага сельсавета, пра які зараз пойдзе гаворка, заўважаеш, што тут населеныя пункты маюць зусім незвычайныя назвы.
Вёска Патапаўка. Легенда, якая расказвае пра гэту мясцовасць, надзвычай цікавая. Жыў некалі тут адзін знахар, які бескарысліва дапамагаў людзям, прычым вылечваў ад любой хваробы. Звалі яго Патап. Як толькі ў каго што-небудзь здаралася, адразу звярталіся да яго. І ён нікому ніколі не адказваў. Прыходзіў, шаптаў, жартаваў і пільна сачыў за паводзінамі хворага, каб вызначыць, як той рэагуе на яго лячэнне. Праўда, за гэта грошай не браў, бо ведаў, што можа страціць гаючую сілу. Так вучыла Патапа ягоная бабуля, якая і перадала яму такія незвычайныя здольнасці.
Ціха жыў Патап: на людзей зла не трымаў, а, наадварот, хацеў, каб і другія ад яго замовам навучыліся. Таму больш да дзяцей прыглядаўся, відаць, сярод іх выбіраў самага здольнага, каб перадаць свае веды. Аднаго разу прыбеглі да знахара два хлопцы, бо бацька захварэў. Галосяць, крычаць, а што за хвароба – не ведаюць. Ідуць яны з Патапам і ўсё азіраюцца, як быццам бы штосьці ўкралі, а той толькі ўсміхаецца. І калі параўняліся з касцамі, знахар звярнуўся да мужчын за дапамогай, растлумачыўшы, што хлусяць хлопцы пра хваробу. Ім ён патрэбен, каб навучыць скарбы адшукваць. Таму прапанаваў спачатку сыноў вылечыць, а затым ужо і бацьку. Уцяклі хлопцы, толькі іх і бачылі. А пасля гэтай гісторыі людзі яшчэ больш здзіўляліся здольнасцям Патапа. Казалі, што перад смерцю свае веды ён усё ж паспеў камусьці перадаць, а вёску таксама назвалі яго імем.
Вёска Гаўлі. Калісьці там, дзе зараз размешчана вёска, былі самыя што ні на ёсць непраходныя лясы. Сярод іх стаялі маленькія хутары, якія складаліся з некалькіх сем’яў. Але ў гэтых лясах вадзілася вельмі шмат дзікіх звяроў: лісы, ваўкі, зайцы, ласі і іншыя. Зразумела, што ў пошуках ежы дзікія жыхары лесу часта наведваліся на хутары. Таму, каб абараніць сваё жыллё і гаспадарку, сяляне трымалі па тры, а то нават і па чатыры сабакі. І калі “няпрошаныя госці” падыходзілі зусім блізка да людскога жылля, сабакі пачыналі гучна гаўкаць. Менавіта назва Гаўлі і пайшла ад гэтага дзеяслова.
Пасёлак Дзедаў Курган. Невясёлая гісторыя паходжання ў дадзенага населенага пункта. І расказвае яна пра вельмі цяжкае ў той час жыццё сялян, якія працавалі на паноў. Бо ім, каб пракарміць сваю сям’ю, прыходзілася працаваць нават ноччу. Так і жылі: удзень гарбаціліся на пана, а ўначы на сябе. Многія не вытрымлівалі, паміралі. На могілках увесь час вырасталі крыжы. А калі каму і ўдавалася выратавацца ад смерці, дык усё роўна цяжка было: то неўраджай, то якая-небудзь эпідэмія, а то хвароба на дамашнюю жывёлу, яшчэ і ваўкі шкодзілі. Сяляне маўчалі, але на лепшае спадзяваліся.
Аднойчы адзін селянін, адправіўшыся на поле познім вечарам, сустрэўся там з незнаёмым старым чалавекам, прычым не тутэйшым. Накіроўваўся ён немаведама куды, бо тады многія блукалі ў пошуках лепшай долі. Разгаварыліся пра нялёгкае жыццё і прыйшлі да высновы: куды ні глянь – усюды стогны, пракляцце, плач і радасці не відаць. Аднак дзядок расказаў селяніну, што ёсць такія месцы, дзе людзі трымаюцца разам, паноў пужаюць, прымушаюць іх да сябе па-іншаму адносіцца і больш не працуюць на багацеяў.
Яны гаварылі да самага ранку, затым разышліся. А цераз дзень пасля той сустрэчы селянін пачуў, што якогасьці старога пан прыказаў жывым закапаць у зямлю і над ім курган насыпаць, як быццам бы незнаёмец падгаворваў людзей супраць паноў пайсці. Мужчына зразумеў, гэта быў яго начны вандроўнік. Таму тое месца, дзе быў курган, назвалі Дзедавым, бо пад ім ляжаў чалавек, які хацеў дапамагчы сялянам змяніць іх жыццё. І ў далейшым за пасёлкам таксама захавалася такая назва, як Дзедаў Курган.
Вёска Забаб’е. Як паведамілі мясцовыя жыхары, калісьці паблізу населенага пункта знаходзіўся лес, багаты на грыбы. І калі ў тых, хто збіраўся за гэтымі дарамі прыроды, пыталіся, куды ж яны ідуць, то ў адказ заўсёды гучала выказванне – “за абабкамі”. Вось так і з’явілася Забаб’е.
Аднак ёсць і яшчэ адна невясёлая гісторыя паходжання вёскі. Казалі, што некалі ў лесе павесілася адна няшчасная жанчына. Ідучы ў лес, людзі гаварылі: “Ідзем за бабу”. Ад гэтых слоў, верагодна, і пайшла назва.
Вёска Галы. На жаль, няшмат удалося даведацца пра мясцовасць. Вядома, што размяшчалася яна на балотах. А ў размове паміж сабой жыхары часта выкарыстоўвалі такое слова, як “гало”, што па-мясцоваму азначала голае месца. Ад гэтага хутчэй за ўсё і ўтварыліся Галы.
Вёска Медзвядзёва. Паходжанне населенага пункта мясцовыя жыхары растлумачваюць прыблізна так. Некалі даўно на дадзенай тэрыторыі знаходзіўся вялікі лес, у якім вадзілася шмат мядзведзяў. Гэтым, напэўна, і адрознівалася тэрыторыя ад іншых. І калі ў людзей пыталіся, адкуль яны – гучаў такі адказ: “Адтуль, дзе жывуць мядзведзі”. Значыць, з Медзвядзёва – падводзілі вынік сказанаму.
Пасёлак Муравей. Адны жыхары сведчаць, што назва мае сэнсавае значэнне, бо пасёлак лічыўся мураўіным месцам. Дакладней кажучы, мясціна адрознівалася вялікай колькасцю муравейнікаў. А вось другія сцвярджаюць, што на дадзенай тэрыторыі жылі вельмі дружныя і працалюбівыя людзі, якія не сядзелі склаўшы рукі, дапамагалі адзін аднаму. За такія якасці іх параўноўвалі з мураўямі. Казалі, што працуюць яны, як тыя мурашкі. Таму і назва такая.