Ужо не раз упэўніваемся ў тым, што існуе шмат легенд пра паходжанне таго ці іншага населенага пункта, якія людзі данеслі да нас, сучаснікаў. Як і ў тым, што кожны куточак мае сваё далёкае мінулае, і менавіта яно дало назву. Таму звяртаемся да вытокаў, і наступным будзе Рагінскі сельсавет.
Аграгарадок Рагінь. У народзе ходзяць розныя чуткі наконт паходжання населенага пункта, але найбольш верагоднымі лічацца дзве з іх. Першая гаворыць, што паселішча знаходзілася на вуглу поля ці, як казалі, “на рагу”, адсюль і назва пайшла. Спачатку быў лес, затым рака, балота, потым раскінулася вёска, а за ёю ўжо і поле. Крыху далей размяшчаліся сялянскія надзелы. Вось сярод гэтага ландшафту і красавалася Рагінь.
Другая версія гаворыць, што калісьці з двух бакоў вёскі цяклі ручаі, якія нагадвалі рогі жывёліны. А яшчэ на развілцы шляхоў перад паркам, што ў Рагіні, і ўздоўж дарогі на Лозаў злева і справа цягнуцца велічныя старыя дрэвы, якія разыходзяцца таксама як рогі. Лічыцца, што гэтыя пасадкі былі зроблены пры панах Дзерналовічах і менавіта такое іх размяшчэнне было спецыяльна прадугледжана, каб падкрэсліць ужо існуючую назву.
Вёскі Аляксандраўка, Антонаўка і Майсееўка. У дадзеных населеных пунктаў вельмі падобныя гісторыі ўзнікнення. Вядома, што іх назвы ўтварыліся ад імён Аляксандр, Антон і Маісей адпаведна. Напэўна, гэта маглі быць тыя людзі, якія першымі заснавалі мясцовасць, пасяліліся тут, або на чыёй зямлі ўзнікла вёска, напрыклад, памешчыка ці, як яго яшчэ называлі, абшарніка. Таму, магчыма, у іх гонар і атрымалі свае назвы тэрыторыі.
Вёска Дзербічы. Згодна пісьмовых крыніц, вёска вядома з 16 стагоддзя, а ўжо ў пачатку 19-га была ва ўладанні памешчыка Іосіфа Казімірава. Да таго ж побач з паселішчам знаходзіўся і маёнтак памешчыцы Сасноўскай. Крыху пазней на гэтай тэрыторыі з’явіўся фальварк памешчыка Чыжыцкага. Як сцвярджаюць старэйшыя жыхары, на месцы сучасных Дзербічаў былі непраходныя лясы, густыя дзебры. З цягам часу людзі пачалі выкарчоўваць лес і апрацоўваць тут зямлю, узнікла паселішча пад назвай Дзербіны, якая затым у выніку фанетычных змяненняў атрымала новае гучанне – Дзербічы.
Аднак існуе і другая версія паходжання вёскі. Так як землі тут былі надзвычай урадлівыя, людзі вырошчвалі лён і апрацоўвалі яго спецыяльнымі “дзербамі”. Карацей кажучы, культуру з “блакітнымі вачыма” рвалі або, як гаварылі ў народзе, “дзярбалі”. Таму і Дзербічы.
Вёска Курганне. Назва населенага пункта азначае высокі старадаўні магільны насып. Каля вёскі і сапраўды ёсць такое месца – курган. Менавіта тут, па словах мясцовых жыхароў, пахаваны воіны Айчыннай вайны 1812 года. Яшчэ вядома, што гэтыя мясціны былі маёмасцю двараніна Фауста Гіжыцкага, тут існаваў і фальварк мешчаніна Чарніцова. Старыя людзі гаварылі, што ў даўніну вакол і ў самой вёсцы можна было ўбачыць шмат курганоў, але зараз ад іх ужо амаль нічога не засталося.
Вёска Лозаў. Мясціна вядома з 19 стагоддзя. Старажылы распавядалі, што некалі даўно вакол паселішча расло шмат лазы, прычым з яе плялі не толькі лапці ды карзіны, але і многае іншае. Таму пляценне лічылася адным з промыслаў, якім займаліся жыхары дадзенай тэрыторыі. Менавіта ад густой лазы і замацавалася назва за вёскай. Праўда, і цяпер яна сустракаецца, але ўжо ў значна меншай колькасці.
Вёска Рудня Лозаўская. Вельмі старажытная гісторыя ў вёскі, тым больш, што і назва яе складаецца з двух частак. Прычым першая з іх сустракаецца ў розных варыянтах і спалучэннях на балоцістых тэрыторыях Палесся. А вось некаторыя Рудні, што цікава, маюць яшчэ і назвы-дадаткі. Напрыклад, Лозаўская, як у нашым выпадку. Старажылы гавораць, што калісьці на месцы вёскі было вялікае балота, насельніцтва навакольных мясцовасцяў з руды выплаўляла жалеза, а затым вырабляла розныя прылады працы і шмат іншых вырабаў. Вёска і сапраўды знаходзілася ў нізкім месцы, парослым непраходнай лазой, ад якой, верагодна, і ўтварылася другая частка назвы.
Вёска Слабодка. Мясцовасць атрымала такую назву пасля 1861 года, калі памешчыку Гіжыцкаму прыйшлося прадаць сваю зямлю прыгонным сялянам колькасцю ў 40 надзелаў. Гэта азначала, што бедныя людзі атрымалі свабоду. Таму вёску сталі называць Слабодкай, у прыватнасці, ад слова “свабода”.