12 лістапада спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры Андрэя Ягоравіча Макаёнка. Яго імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю драматургіі.

Жыццёвы шлях Андрэя Ягоравіча распачынаўся ў вёсцы Борхаў, якая зараз уваходзіць у склад Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.  Прайшоў вялікую школу жыцця, што было вельмі важна для творчага працэсу. Зрабіў унёсак у Вялікую    Перамогу СССР  і яго саюзнікаў у Другой сусветнай вайне. Арганічным працягам франтавой біяграфіі з’явіўся ўдзел у аднаўленні разбуранага за час вайны народнагаспадарчага комплекса. Нейкі час быў у наменклатурнай абойме і здавалася б яго чакала паспяховая партыйная кар’ера. Але вышэй памочніка кіраўніка раённай партыйнай арганізацыі не ўзняўся. Пасля заканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КП(б) ужо ніколі не меў непасрэдных адносін да партыйных органаў. Разам з тым добра адчуваў уціск з боку кіруючай кампартыі, працуючы ў рэдакцыі часопісаў. Чатыры гады ўзначальваў аддзел прозы часопіса “Вожык”, дванаццаць гадоў займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса “Нёман”.

Рэдакцыйная праца ўвогуле ўдалася. Палепшыўся імідж “Нёмана”, у некалькі разоў павялічыўся яго наклад.

Аднак стыхіяй Андрэя Ягоравіча быў асабісты творчы працэс, які працягваўся 36 гадоў. Усе гэтыя гады друкаваліся яго рэчы. Дэбютаваў як драматург, працуючы загадчыкам партыйнага кабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла. Адлік творчых прадуктаў распачаўся з аднаактовай драмы «Добра, калі добра канчаецца». Праз тры гады аформіў членства ў Саюзе пісьменнікаў СССР. Першыя гады творчай дзейнасці былі адметныя рашучай перавагай менавіта аднаактовых драм. Аднаактовыя драмы былі напісаны так і такім чынам, што нават самы строгі крытык не мог паставіць пад сумненне іх актуальнасць. Пра якія п’есы ідзе размова? Праз год пасля ўступлення ў Саюз пісьменнікаў СССР выйшлі з друку: «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе». У першы год пятай пяцігодкі з’явіліся «Аксеніна цялушка», «Крымінальная справа». За год да смерці Сталіна ўбачыла свет “Першае пытанне».

Калі ўраджэнца вёскі Борхаў прымалі ў Саюз пісьменнікаў СССР, у яго меўся і вопыт напісання шматактовых драм. У час навучання ў  Рэспубліканскай партшколе былі напісаны тры творы такога кшталту: «Ворагі», «Узыходы шчасця», «Выйгрыш». Аднак пры жыцці Макаёнка не рабіліся захады з яго боку з тым, каб пералічаныя рэчы па-першае, прайшлі выдавецкі працэс і, па-другое, знайшлі сцэнічнае ўвасабленне.

Калі мець на ўвазе друкаванне і пастаноўку поўнафарматных п’ес пры жыцці драматурга, то пачатак быў пакладзены творам “На досвітку”. Гэта была п’еса пра пасляваенную Францыю. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ажыццявіў сцэнічнае ўвасабленне. Пастаноўка п’есы, якая адбывалася за год да смерці Сталіна, не мела шырокіх водгукаў. Але менавіта тады распачалося супрацоўніцтва драматурга з купалаўцамі, якое працягвалася да смерці Макаёнка.

У час хрушчоўскай адлігі Макаёнак адзначыўся трыма сатырычнымі камедыямі. Першая па часу друкавання і пастаноўцы сатырычная камедыя мела назву “Выбачайце, калі ласка!”. Яна была пастаўлена на сцэне Купалаўскеага тэатра ў 1954 годзе. Крытыкі параўноўвалі гэту рэч з п’есай “На досвітку” і прыходзілі да высновы, што Макаёнак вельмі вырас як драматург. Яны ўбачылі ў дадзенай сатырычнай камедыі тры якасна новыя моманты. Першы момант: лёсавызначальны твор. Другі момант: праграмная п’еса. Трэці момант: творчая візітоўка ўраджэнца вёскі Борхаў. Трыццацічатырохгадовы Макаёнак бліскуча адказвае на пытанне: “Якім не павінен быць кіраўнік суб’екта гаспадарання ў яго Айчыне?” Яму не павінны быць уласцівымі  заганныя метады кіраўніцтва. Аўтар выкрывае  паказуху, фармалізм, казённае адміністраванне. Праз увесь твор чырвонай ніткай праходзіць думка пра тое, што гэтыя метады павінны стаць метадамі ўчарашняга дня. Прайшло 66 гадоў з першай пастаноўкі п’есы і што мы бачым? Шэраг кіраўнікоў пакутуе дадзенай хваробай. Другая сатырычная камедыя «Кaб людзi нe жypылicя» датуецца 1959 годам, трэццяя «Лявoнixa нa apбiцe» – 1961 годам. У іх Макаёнак змагаецца супраць заганаў, якія ўкараніліся ў сельскім жыцці.

У часы хрушчоўскай адлігі Андрэй Ягоравіч стаў пісаць кінааповесці і сцэнарыі фільмаў. У год дваццатага з’езда КПСС ён адзначыўся  кінааповесцю «Твой хлеб». Сцэнарыі фільмаў «Шчасце трэба берагчы» і «Кандрат Крапіва» датуюцца адпаведна 1958 і 1961 гг.

Наступны перыяд у творчым жыцці драматурга супадае з брэжнеўскай эпохай. Макаёнак памёр праз шэсць дзён пасля смерці Брэжнева. Брэжнеўскую эпоху нярэдка называюць эпохай застою і стагнацыі. У такіх майстроў слова, як Макаёнак у гэтыя часы не было аніякага застою і аніякай стагнацыі. Больш таго, дадзены перыяд – самы плённы ў творчай біяграфіі Андрэя Ягоравіча. Слушна сказана: “Факты—упартая рэч”. Сукупнасць фактаў, якія маюцца ў літаратуразнаўцаў, пераканаўча сведчыць пра тое, што ўраджэнец вёскі Борхаў менавіта ў гэтую эпоху выступіў рэвалюцыянерам у жанры драматургіі. Што ж з’явілася ўпершыню ў гэтым жанры дзякуючы Макаёнку? Сeнтымeнтaльны фeльeтoн, нeбяcпeчнaя кaмeдыя ў тpox дзeяx, кaмeдыя-pэпapтaж, п’eca-пpытчa, сатырычная камедыя-памфлет.

Паўстагоддзя таму Макаёнак выступіў наватарам у многіх адносінах у ходзе працы над трагікамедыяй “Трыбунал”. Нават, калі б гэты твор быў у драматурга адзіны, Макаёнак  увайшоў бы ў лік лепшых драматургаў другой паловы дваццатага стагоддзя.

Канешне, ніхто не раскажа лепей аўтара гісторыю стварэння п’есы. Андрэй Ягоравіч успамінаў:  «Мяне доўга стрымлівала праблема жанру. Хацелася захаваць у п’есе гераічны, суровы пафас Вялікай Айчыннай вайны і адначасова застацца верным камедыйнаму жанру. Не здраджваць яму. Доўга не знаходзіў матэрыялу для сюжэта. …Аднойчы прыйшоў на памяць эпізод ваеннага часу. Беларускія партызаны ў адной вёсцы ў час акупацыі вырашылі паставіць старастам свайго чалавека – патрэбна была сувязь з падполлем райцэнтра. Знайшлі старога, да якога адносіліся з даверам. Угаварылі. Укаранілі… А праз двое сутак з’яўляецца ён да партызан і просіць: «Браткі, больш туды не пайду. Збілі мяне дома жонка і дачка. Прымушаюць ісці і адмовіцца ад пасады». Выпадак гэты ўспомніўся мне таму, што там быў элемент гумару: свежаспечанага старасту свае ж, родныя, жонка і дзеці, збілі, а стары не мог адкрыць свайго задання, таму што справа патрабавала строгай канспірацыі. Але ў гэтай сітуацыі закладзены і трагічны пачатак: сумленны чалавек можа загінуць ад рук сваіх жа грамадзян, якія не ведаюць тайну, ён рызыкуе жыццём. Так нарадзіўся сюжэт трагікамедыі «Трыбунал»…П’еса начарна была напісана ў рэкордна кароткі тэрмін – за трое сутак. Потым … былі многія ўдакладненні і папраўкі, аднак яны датычыліся нейкіх нязначных момантаў”.

Канешне ж, Макаёнак пастаянна пракручваў у сваёй галаве традыцыі народнай драмы. Аналізуемы твор даволі блізкі да іх. Надзвычай складана было спалучыць нізкае з узвышаным. Не менш складана было зрабіць тое ж самае датычна фарсавага з трагедыйным. Можна адназначна сцвярджаць, што ўраджэнец вёскі Борхаў змог усё гэта зрабіць проста выдатна. Да Макаёнка ніводзін айчынны драматург не паспрабаваў увасобіць гераічныя дзеянні беларускага народа ў камедыйным жанры. Макаёнак паспрабаваў і набыў сусветную славу.

У 1971 годзе драматург адзначыўся напісаннем сатырычнай камедыі-памфлета  «Зацюканы апостал». Калі браць творы Макаёнка па ступені насычанасці  прыёмаў сцэнічнай умоўнасці, то гэта камедыя павінна быць  пастаўленнай на першае месца. Тут драматург выносіць за дужкі праўдападобнасць. Ён смела ідзе на гранічную  абагульненасць персанажаў так і такім чынам, што не адчуваецца мастацкай канкрэтнасці. У 1973 годзе была пастаўлена  камедыя-рэпартаж «Таблетка пад язык», праз тры гады справа дайшла  да пастаноўкі нeбяcпeчнaй кaмeдыі ў тpox дзeяx «Кашмар». У камедыі “Кашмар” прасочваецца прапаганда  сацыяльна-палітычных узаемаадносін, якія павінны будавацца на стратэгіі розуму, агульначалавечых каштоўнасцяў.

Наватарства адчувалася і ў сентыментальным фельетоне “Верачка”, трагікамедыі “Пагарэльцы”. Камедыя і адначасова сентыментальны фельетон “Верачка” была пастаўлена ў 1979 годзе, трагікамедыя “Пагарэльцы” двума гадамі пазней. У «Пагарэльцах» акцэнт зроблены на трох балявых кропках. Вось іх пералік: прыстасавальніцтва, апалітычнасць, шкурніцтва. Для іх выкрыцця былі здзейснены навацыі датычна сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора. У адрозненні ад традыцыйнай структуры Макаёнак абмяжоўваецца «пралогам і эпілогам адной трагікамічнай гісторыі». Камедыя «Верачка» цікавая арыгінальным спалучэннем лірычных і нелірычных момантаў, што грунтоўна паўплывала на эмацыянальны лад.

За некалькі месяцаў да смерці драматург  закончыў працу над трагікамедыяй «Дыхайце эканомна». Ён лічыў, што гэта  п’еса-прытча. Трагікамедыя была пастаўлена праз год пасля смерці Макаёнка. Макаёнак піша ў гэтым творы, што трэба рабіць, каб наша планета ніколі не была ахвярай тэрмаядзернай катастрофы.

Андрэй Ягоравіч стаў перакладаць п’есы замежных калег. Па самых высокіх мерках трэба ацэньваць пераклад п’ес  «Дабракі» Л. Зорына, «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, «Чацвёрты» К. Сіманава .

У 1973 годзе напісаў сцэнарый тэлефільма «Пасля кірмашу», у 1975 годзе – сцэнарый фільма «Рагаты бастыён».

Герой нарыса меў дачыненне і да міжнароднай  дзейнасці БССР. 55 гадоў таму адбылася XX сесія  ААН. Андрэй Ягоравіч выступіў на паседжанні аднаго з камітэтаў  Генасамблеі.

Класік айчыннай драматургіі 11 гадоў  быў парламентарыям рэспубліканскага узроўню. Будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, шмат дапамагаў сваім выбаршчыкам.

Памяць пра А.Я. Макаёнка жыве ў яго суайчыннікаў. Вучні і настаўнікі Журавіцкай СШ Рагачоўскага раёна ганарацца тым, што іх школа носіць імя драматурга. У школе маецца выдатны музей Макаёнка.

Імя Макаёнка носіць і вуліца ў Гомелі.

Двойчы увекавечана памяць пра гэтага чалавека ў сталіцы Рэспублікі Беларусь. Тут ёсць вуліца імя Макаёнка. 34 гады таму на доме № 10 па Вайсковым завулку з’явілася  мемарыяльная дошка.

У 1983 годзе імя драматурга было прысвоена Гродзенскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы.

Міхаіл СТРАЛЕЦ.