Вось і прайшлі таямнічыя калядныя святы. У гэтым годзе яны былі па-сапраўднаму зімовымі: са снегам і маразамі. Таму многім запомняцца надоўга.
А маёй добрай знаёмай і наогул Шчадрэц пакінуў адбітак на ўсё астатняе жыццё. У гэты старанавагодні вечар, як звычайна, Ганна чакала калядоўшчыкаў, падрыхтавала мандарыны, цукеркі, пячэнне. Бліжэй к 20.00 у дзверы гучна пастукалі. Адчыніла – нікога… Праз некалькі хвілін паўтарылася тое ж самае. І зноў пуста. Не зразумела: ці то жарт, ці то не.
Далей адбылося як у страшным сне. У дзверы пачалі ледзь чутна драпаць, затым усё больш настойліва. Ганна прыслухалася, ціхенька падышла і рыўком адчыніла – перад ёю стаяла вялікае лахматае страшыдла: вочы павылазілі, з вуснаў цячэ кроў, у лапах – мятла. Вось гэта госць! Ад нечаканасці ў жанчыны перахапіла дыханне, і яна кінулася наўцёкі.
Лахмач паставіў мятлу – і за гаспадыняй. Дагнаў, схапіў яе за горла і пачаў душыць. Ганна чуць не страціла прытомнасць. “Яе хочуць забіць”, – прамільгнула ў думках. Ад жаху яна завішчала на ўсю моц, як магла. І тут страшыдла расшчапіла рукі і скінула маску. “Супакойся, чаго ты крычыш, гэта ж я”, – сказала яно знаёмым голасам.
Кабета глядзела на яго круглымі вачыма і не верыла, што засталася жывая. Рукі трасліся, язык занямеў.
– Як ты мог? – прашаптала.
– Хацеў павесяліць цябе, Ганначка, вось і прыбраўся, – апраўдваўся сябар.
– Дзякуй, пасмяялася, на ўсё жыццё хопіць, – прамовіла яна.
Мужчына стаяў разгублены: не да жартачак напалохаў жанчыну. А гумарыстам ён быў яшчэ з маладосці, заўсёды карыстаўся поспехам. А тут, па ўсім відаць, перастараўся. Пажартаваў дык пажартаваў!
Амаль да апоўначы ён затрымаўся ў Ганны, не рызыкнуў пакідаць сяброўку адну ў такім становішчы. А тая, прыняўшы лекі, яшчэ доўга прыходзіла ў сябе. Адно яна добра ведала: гэты вечар ёй не забыць.
Алена БЕЛКА