Цягнік рушыў з месца. Дзень быў хмурны, за вокнамі імжыў дождж. Сцёпка доўга назіраў за прабягаючымі верхавінамі дрэў і аб чымсьці марыў. Ехаў ён да сваёй бабулі.

Побач з ім сядзеў пажылы мужчына ў акулярах і чытаў часопіс. Хлопчык паглядзеў на яго і з разважаннем сказаў:

– Не паспеў я пакатацца з горкі. Шкада. Прыйдзецца наступнага студзеня чакаць.

– Чаго ты гаруеш, унучак? Ты ж сам не хацеў ісці да дзяцей. А снег з маразамі ў наш час – вялікая рэдкасць. Пралыпаў вачыма – і ўсё…

Сцёпка апусціў галаву. Дзядуля праўду казаў. На той момант такая лянота трымала яго за плечы, спужаўся і холаду. Але сорамна было ў гэтым прызнацца. Адкуль было ведаць, што зіма так хутка скончыцца. Ён доўга сядзеў моўчкі, а потым страпянуўся і выдаў:

– Дзядуля, а ці ёсць пятая пара года? Можа яе трэба пачакаць? Тады і пакатаюся ўдосталь?

– Ох, як закруціў. Я жыццё пражыў, а такой пары не сустрэў.

– Дык раней яе, напэўна, і не было? – не сунімаўся Сцёпка.

Дзядуля пакехкаў, правёў рукою па галаве малога і на хвіліну задумаўся.

– Жыў у нашай вёсцы адзін чалавек, які хацеў зрабіць нешта надзвычайнае, – пачаў стары. – І, мабыць, зрабіў бы. Толькі ўсё часу яму не хапала, ды і пары года не мог выбраць: летам – спякота, восенню – туманы, а ўзімку – халады, вясна таксама не падыходзіла. “Эх, пасадзіў бы я дзіўны сад! – марыў ён. – А на кожным дрэўцы па хацінцы для птушачак, каб спявалі на ўсе галасы”. Ды вось незадача – восень прыйшла. Не сад садзіць трэба, а ўраджай збіраць. “Ух, адправіўся б на параходзе па шырокай рацэ ці моры, дзе не відаць берагоў, у далёкі-далёкі край. Раздолле!” – уздыхаў ён. Аж дзе там – на двары зіма. І зноў бяда. Раку скавала так, што палонку не выбіць. А летам яму прыспічыла пакатацца на каньках: чэмпіёнам хацеў стаць. Нездарма называлі яго фантазёрам.

– Ён так і не зрабіў нічога? – зацікаўлена спытаў Сцёпка.

– Ну чаму не? Чалавек умеў чакаць. Праўда, зрабіў бы значна больш, каб знайшоў час, а так яго проста не выбраў. Думаў, вось прый-дзе пятая пара года – і ён абавязкова сябе пакажа.

– І дачакаўся той пары? – адкрыўшы рот, глядзеў малы.

Дзядуля ўсміхнуўся:

– Усё сваё жыццё гэты чалавек толькі тое і рабіў, што сядзеў спакойна і чакаў. І не дачакаўся. Так што, даражэнькі мой, не марнуй часу, а яшчэ помні: да работы не пускаюць ляноты.

Алена БЕЛКА