Дзверы адчыняліся і зачыняліся. Шызыя клубкі халоднага паветра ўрываліся ў хату. Цішка сядзеў ля печы і пільна сачыў за людзьмі. Пах свежага мяса не даваў яму спакою.
Раптам стала ціха. Спрытна забраўшыся на стол, кот пачаў набіваць сабе жывот, ды так захапіўся, што не заўважыў гаспадыню. Нават калі атрымаў па спіне, не ўцёк, а, наадварот, зафыркаў, учапіўшыся за абрус. Яго адрывалі, а ён цягнуў за сабой вялікі кусок.
“Ах ты пачвара. Зараз я табе пакажу”, – запрычытала жанчына. Схапіўшы бярозавы венік, пачала лупцаваць ката. А той, прытуліўшы вушы, трымаўся да апошняга. Аднак доўга не вытрымаў, адпусціў абрус з мясам і кінуўся наўцёк.
Забіўся Цішка пад печ, бо ведаў: пасля такой выхадкі яго выпруць на вуліцу, ды яшчэ і кухталёў падкінуць. Не першы раз ён сваволіць.Таму, як толькі адчынілі дзверы, наўпрост падаўся на мароз. Але і на двары не застаўся ў накладзе: з-пад рук звалок свінячае вуха. І ніхто не адабраў.
Кот схаваўся ў адрыне. Наеўшыся, скруціўся ў клубок і задрамаў. Снілася, як ласаваўся смятанай, як піў удосталь малако. А якой смачнай была курыная ножка! Прачнуўся ён ад мышынага піску. Ды дзе там, лавіць мышэй – не для яго. Пасоўкаўся з вугла ў вугал, а ежы не знайшоў. Глядзь, а ў суседскім двары на дрэве кармушку для птушак прычапілі. Аблізнуўся пухнаты і вырашыў узлезці туды.
Падкраўся ціхенька, ускарабкаўся наверх і толькі працягнуў лапу ў кармушку, як атрымаў у пысу. Ледзь не зваліўся Цішка з дрэва, але не адступіў. Падцягнуўся на лапах – і зноў да корму. На гэты раз кармушка не вытрымала вагі і перавярнулася. Кот зачапіўся за нейкую вяроўчыну і павіс прама над сабачай будкай. Вісіць уніз галавой, а ў зубах ежу трымае. Паспрабаваў выблутацца – не атрымалася. А тут сабака выскачыў з будкі. Ад жаху Цішка рвануў што моцы і прызямліўся на чатыры лапы, а пакуль нёсся, згубіў сваю здабычу. Ужо там, за плотам, ён бачыў, як сабака знайшоў яго ласунак.
На ганку Цішка лёгенька пашкрабаў кіпцюрамі ў дзверы, і яму адчынілі. “Ну што, свавольнік, прагаладаўся? – спытала гаспадыня. – Заходзь, яшчэ адно вуха цябе чакае”. Кот павольна заплыў у хату, забраўся на печ. Яго тут любілі і добра кармілі. Не жыццё, а казка. Ад асалоды ён выпрастаўся на ўвесь рост і заплюшчыў вочы.
Алена БЕЛКА