Настасся завіхалася ля печы і слухала радыё. Здавалася, нішто не парушыць ранішняга спакою. Раз-пораз было чуваць, як звініць у студні, чапляючыся за зруб, парожняе вядро, дзесьці ўдалечыні брахаў сабака.
Стук у дзверы адцягнуў ад думак. Гэта была Зоська. Як тая сарока, яна разносіла па вёсцы розныя плёткі. Заскочыла ў хату і крычыць:
– Што за певень у цябе такі? Не паспела ступіць на ганак, як нашатырыўся і бяжыць насустрач.
– Звар’яцеў зусім стары. Біцца пачаў. Учора адлупцавала.
– Галубка мая, не справа гэта, каб певень кідаўся на сваю гаспадыню.
– Яно так. Толькі за ім куры, як за сцяной. Ён вельмі смелы і з каршуном уступае ў бітву.
– Глядзі, даражэнькая, каб цябе з ім не пераблытаў.
Зоська заспяшалася дамоў, а чаго прыходзіла – немаведама. Раптам куры паднялі гвалт, разляцеліся хто куды. Настасся выбегла з хаты, а дубца не паспела ўзяць. То туды, то сюды кідалася, а вось пеўня за спіной і не заўважыла. Як грукнула штосьці ў плечы, затым другі раз, ды не слаба. Павярнулася жанчына і ахнула: “Ах ты ж, ёлупень стары, зараз я табе пакажу, хто тут гаспадар”. Схапіла Настасся лазіну і пагналася за пеўнем. Ганяла, пакуль не спаймала. У выніку птушка пазбавілася жыцця.
А праз некалькі дзён у двары з’явіўся малады певень. Жанчыне яго падкінула сяброўка, бо ў той ён быў ахвярай: яго забівалі старэйшыя пеўні. Настасся радавалася: будзе каму абараняць курэй. Нярэдка ж каршун наведваецца, асабліва ўлетку. Таго і глядзі, недалічышся грэбня. А тут такі прыгажун!
Аднак радасць нядоўгай была. Амаль з першых хвілін гэты чужак неўзлюбіў курэй, а потым і наогул, як кажуць, выпрастаў крылы і з ахвяры ператварыўся ў мясцовага барона. Да ежы ён не падпускаў нікога, пакуль сам добра не пад’есць. Больш таго, пачаў біць сваіх новых суседак: бязлітасна выскубваў ім пер’е і дзяўбаў да крыві. Тады Настасся пасадзіла яго ў камору ў “адзіночную камеру”, пад сетку, каб мазгі на месца сталі. Але выхаванню гэты задзіра быў непадуласны, і сякера не мінула яго галавы.
“Вось табе і прыгажун! Што стары, што малады – аднолькавыя”, – падумала жанчына. Глянуўшы ў куратнік, усміхнулася: яе гадаванцы дружна акружылі карыта з ежай і адчувалі сябе спакойна. Яны былі ў сябе дома, а кватарантаў такіх ім больш не трэба.
Алена БЕЛКА