Купіла аднаго разу бабуля сабе яблык. Вялікі, з чырвонымі бакамі, вачэй не адарваць. Пакруціла яго ў руцэ і вырашыла пачаставаць унучку. “Дзецям больш зараз патрэбны вітаміны, а ўзімку яблыкі вельмі смачныя”, – падумала старая. Так і зрабіла.
– Ой, які прыгожы яблык! – голасна ўскрыкнула дзяўчынка.
Яна кружылася з ім у вальсе і не магла налюбавацца. Потым прытуліла да сябе, штосьці прашаптала, закрыўшы вочы, і толькі хацела адкусіць, як з работы прыйшоў бацька.
– Татачка, – падбегла малая. – З’еж, калі ласка, яблык. Ты стаміўся і табе трэба набірацца сіл. Я частую цябе.
Бацька беражліва ўзяў яблык, падзякаваў дачушцы. Ён сапраўды быў па-казачнаму прыгожы.
– А давай пачастуем Рыгорку? Ён жа самы маленькі ў нашай сям’і, – сказаў мужчына, гледзячы на дзяўчынку.
І тая згадзілася. І калі Рыгорка вярнуўся са школы, аддалі яблык яму. Ён аж у пляс кінуўся ад радасці. Такі вялікі пачастунак! А бабуля, прышчурыўшы вочы, ціхенька назірала за ўнучкам.
Хлопчык паклаў гасцінец на стол, узяў у рукі аловак і, абвёўшы позіркам усіх, злёгку зрабіў на яблыку некалькі рысачак. Потым папрасіў бацьку разрэзаць яблык на часткі.
– Бабуля, гэта табе. Гэта, Надзейка, табе. А гэта вось тату і мне. Я ўсіх вас частую.
– Ты сапраўдны сябар, – абняў хлопчыка бацька. – Раздзяліў па-брацку.
Усе дружна елі сакавіты яблык і радаваліся, які ў іх Рыгорка малайчынка. А больш за ўсіх радавалася бабуля. Цяпер яна добра ведала: унукі вырастуць сумленнымі людзьмі.
Алена БЕЛКА