Апошні дзень масленічнага тыдня для Анатоля заўсёды быў багатым на розныя прыгоды. Маральна і фізічна ён рыхтаваўся да гэтага дня. Любіў паўдзельнічаць у святочных конкурсах, але не проста так стараўся. Напрыклад, у мінулым годзе на Масленіцу спрытна ўскарабкаўся на слуп і атрымаў прыз. Занадта ж прыцягваў ён мужчыну. Усе ведалі: дзеля бутэлькі белай ён здольны на многае. Нават па вузенькай дошцы змог роўна прайсці, бо выйгрышам быў шашлык. Галава ў яго варыла дай божа кожнаму.
Бывае, ківаецца па вуліцы з боку ў бок, бармоча штосьці сабе пад нос, а пры сустрэчы абавязкова распачне гаворку, хоць і язык заплятаецца. Гультаём не быў, на жыццё то там, то сям зарабляў. Толькі ўсё не хапала на хлеб, вось і хадзіў у пазыкі да людзей. Набраўся нямала, а чым аддаваць – не ведаў.
Анатоль пачухаў патыліцу, але вырашыў не псаваць сабе настрой на Масленіцу, а тут яшчэ і Даравальная нядзеля ў адзін дзень. І рушыў ён на цэнтральную плошчу, дзе вось-вось пачнуцца масленічныя гулянні. А там куды ні кінеш позірк – паўсюль знаёмыя твары. “Самае галоўнае – захоўваць аптымізм і пазітыў, бо як мы глядзім на свет, так ён да нас і паварочваецца”, – успомніў Анатоль словы адной бабулі.
У чарговы раз ён быў на вышыні. Усё складна атрымлівалася: што ні конкурс – ён першы, што ні прыз – яго. Паказаць свой спрыт пашчасціла яму і напрыканцы Масленіцы, калі падпальвалі пудзіла Зімы. З першай спробы загарэлася яно толькі ў яго руках. Адным словам, паказаў сябе на ўсе сто і смачных бліноў удосталь пад’еў. Радасць перапаўняла яго. А некалькі гадоў таму ён быў адным з лепшых, нават на Дошцы гонару красаваўся. Майстэрства, як кажуць, у бутэльцы не ўтопіш.
Прыбываючы ў прыўзнятым настроі, Анатоль злавіў сябе на думцы, ці не змяніць яму сваё жыццё, без спіртнога. Не заўважыў нават, як спыніўся ля царквы. Пужліва глянуўшы на купал, вымавіў: “Даруй мне, Божа”. А яшчэ ў Даравальную нядзелю было прынята мыцца ў лазні, каб разам з душой ачысціць цела. І Анатоль заспяшаўся насустрач новаму.
Алена БЕЛКА