Адчыніла свае дзверы вясна. Бягуць гаманкія раўчукі, а ў паветры ўжо пануе водар самага прыгожага свята – 8 Сакавіка.
І ўспомнілася мне, як у гэты непадобны на іншыя дзень у супермаркеце сустрэліся два таварышы. Прыйшлі яны за падарункамі для сваіх жанчын. Праўда, падыходзілі да гэтай справы па-рознаму. Адзін затрымаўся ў ювелірным аддзеле, старанна выбіраючы сярэбраныя завушніцы. Потым яшчэ прыдбаў букет веснавых кветак як галоўны атрыбут сакавіцкага свята, падмацаваўшы яго смачнымі цукеркамі. Усё для каханай. Грошай ён багата не меў, але быў шчодрым і здатным на прыемныя сюрпрызы.
Другі, наадварот, на кошт рэчаў не занадта звяртаў увагі, затое прытрымліваўся такога прынцыпу: усё павінна ісці ў сям’ю, а не асабіста для жанчыны. Кветкі і наогул лічыў пустэчай, дарэмна выкінутымі грашыма. Вось толькі ў яго жонкі на гэты конт было зусім іншае меркаванне.
Нямала часу правялі мужчыны ў гандлёвай кропцы, але на выхадзе сутыкнуліся. У аднаго ў руках красаваўся прыгожы букет чырвоных цюльпанаў і невялікая скрыначка, перавязаная стужачкай, у другога – вялікая скрынка з посудам. Развіталіся таварышы і разышліся.
На другі дзень іх зноў звёў лёс. І багацейшы спытаў:
– Ну, Васіль, парадаваў жонку падарункамі?
– А як жа, – усміхнуўся той. – Як мае быць. А ты сваёй, відаць, не ўлюсціў?
– Ды дзе там. Чуць не разляцеўся мой посуд на мелкія кавалачкі. Не разумее жанчына сакавіцкай традыцыі.
– Цьфу ты, як у той кінастужцы: кожны год на 31-е мы ходзім у лазню. Ты сам сябе збіў з панталыку з гэтай традыцыяй, а чаго хоча жанчына – не ведаеш.
Васіль папляскаў па плячы таварыша і, штосьці напяваючы сабе пад нос, пайшоў. Шкада, не разумеў чалавек, што талерку не ўсунеш у вазу, а 8 Сакавіка – не юбілей сумеснага жыцця. Канешне, скупы не дурны, сабе дабра хоча. Толькі жанчыне такое дабро бывае не ў радасць, а, наадварот, псуе святочны настрой.
Алена БЕЛКА