Як часта ў нашым жыцці здараюцца крутыя павароты. І мы заўсёды ў гэты час хвалюемся, перажываем, шмат думаем аб правільнасці выбару, аб змяненні таго, да чаго прывыклі. Але нездарма людзі кажуць: што ні робіцца, усё да лепшага.
У Ларысы Еўдачковай, жыхаркі вёскі Івольск, аднойчы таксама адбыўся такі круты паварот жыцця. Але аб усім па парадку.

Нарадзілася Ларыса Іванаўна ў гарадскім пасёлку Уваравічы. Там прайшлі яе дзіцячыя і школьныя гады. Яна і зараз з цеплынёй успамінае свой прыгожы пасёлак, які ў той час быў шматлюдны, перспектыўны, з сеткай магазінаў, рэстаранам, дзіцячым садам, Домам культуры, бальніцай, сярэдняй і музычнай школамі. У апошнюю Ларыса хадзіла займацца на гітары. Пасля заканчэння Уваравіцкай сярэдняй школы паступае вучыцца ў Горацкую сальскагаспадарчую акадэмію. Потым з дыпломам бухгалтара па накіраванні трапляе ў калгас «Чырвоная Зорка». Там, у вёсцы Хоўхла, яна і сустрэла сваё каханне – статнага прыгожага хлопца Аляксандра Еўдачкова, які пасля службы ў арміі вярнуўся ў родную вёску і ўладкаваўся працаваць у калгас шафёрам. Згулялі вяселле. Для маладой сям’і калгас выдзеліў жыллё. Ларысе падабалася жыць на радзіме мужа, і аб зменах у сваім жыцці яна і не думала.

Але тут і здараецца той паварот, аб якім я напісала ў пачатку. У калгас імя Калініна суседняй вёскі Івольск тэрмінова патрабаваўся галоўны бухгалтар. Яго старшыня прапанаваў гэту пасаду Ларысе Іванаўне. Спачатку яна вагалася: а ці згодзіцца муж паехаць з роднай вёскі? Ды і сам пераезд з наседжанага месца крыху палохаў. Радавала толькі тое, што паедзе на радзіму сваёй маці, якая была родам з Сінічына. Але хваляванні былі дарэмныя, бо муж быў згодны на пераезд. Потым у Івольск пераехалі брат і сястра Аляксандра і стварылі тут свае сем’і.

«Напэўна, карані продкаў паклікалі мяне сюды, – такі вынік зрабіла Ларыса Іванаўна. – І радні тут матчынай шмат, і сама ў дзяцінстве да бабулі сваёй у Сінічына часта ездзіла. Усё тут знаёмае, не чужое. Але самай вялікай маёй радасцю была сустрэча з народным фальклорным калектывам «Сінічкі», у які я закахалася пры першай жа сустрэчы з ім, – распавядае жанчына. – Сама вельмі люблю спяваць, люблю беларускія народныя песні, бо без іх наша жыццё сумнае. І як толькі мяне запрасілі ў калектыў, з вялікім задавальненнем прыйшла сюды».

Удзельніцай і салісткай «Сінічак» Ларыса Іванаўна з’яўляецца ўжо больш за 25 гадоў. І дзе б ні прыйшлося ёй працаваць, з калектывам крочыць да гэтай пары.

Акрамя пасады галоўнага бухгалтара, працавала яшчэ і дырэктарам Івольскага сельскага Дома культуры, і старшынёй Чабатовіцкага і Івольскага сельвыканкамаў. Так здарылася, што старшынёй Івольскага Савета Ларыса Іванаўна была апошнім, бо яго далучылі да Крыўскага. Тады і пайшла працаваць брыгадзірам свінакомплексу «Вахавяк» на ўчастак у вёску Хоўхла. Сюды перайшоў і Аляксандр Цітавіч. Зараз кожны дзень зранку спяшаецца сям’я Еўдачковых зноў на радзіму мужа. Так вось і карагодзіць іх лёс: ад Хоўхла да Івольска, ад Івольска да Хоўхла. І заўсёды Ларыса адчувае плячо і падтрымку свайго мужа, з якім яны разам ужо амаль 33 гады.

Мая гераіня – клапатлівая гаспадыня: дом заўсёды ў чысціні, сваю сядзібу ўпрыгожвае кветкамі. Паважаюць яе аднавяскоўцы за шчырасць і працавітасць. Яна заўсёды прыйдзе на дапамогу таму, хто ў гэтым мае патрэбу. Сэрца Ларысы Іванаўны адкрыта для добрых спраў. Да таго ж сям’я Еўдачковых – гасцінная. Яны радуюцца сустрэчам з роднымі і блізкімі, з сябрамі, а на выхадныя з нецярпеннем чакаюць у госці сям’ю сына з унукам Дзімам.

Хутка бяжыць час. Учора Ларысе Еўдачковай споўнілася 55 год. Няхай жа мой невялікі артыкул будзе для яе прыемным падарункам да гэтай даты. З юбілеем, дарагая Ларыса Іванаўна!

Людміла СТАХАВЕЦ