Дзянёк абяцаў быць сонечным, і Вольга заспяшалася за харчамі ў суседнюю вёску. Ускочыла на лісапету і панеслася, не адзін кіламетр аб’ездзіла на сваім жалезным кані. Раптам на дарозе яе спыніла Ганна. Кожныя выхадныя тая прыязджала з райцэнтра, а на гэты раз у хату агародамі прабіралася, бо цэнтральны ўваход заняў чужы сабака. Не трэба мець вялікага розуму, каб не ўцяміць, што гэта была аўчарка. І па ўсім відаць, згубіла яна свайго гаспадара.

Куды ісці, сабака не ведаў, таму сядзеў ля дзвярэй і журботна выў. А ў Ганны ад гэтых спеваў валасы падымаліся ўверх. Убачыўшы Вольгу, жанчына абрадавалася. З другой вуліцы і Ціхан падышоў. Мужчына ў вёсцы славіўся смельчаком, таму крыкнуў ён грозна на чужака, ды пралічыўся, не на таго нарваўся, без штаноў ледзь сам не застаўся.

Ганна адчыніла вароты – аўчарка туды. Схапіўшы нейкую палюгу, замахнулася і ў момант уцяміла: стане ахвярай. Сабака падбег да Вольгі, але гыркаць не перастаў. Жанчына стаяла што манумент. Зразумела было адно: хто не сварыўся, таго ён і выбраў.

Міма акурат пранеслася машына, і сабака стрымгалоў пагнаўся за ёю. А Вольга тым часам кінулася наўцёкі ў другі бок. У канцы вёскі ўсё ж прыпынілася, азірнулася, аднак, як на злосць, аўчарка была побач. Жанчына, канешне, любіла сабак, але разумела, што гэты ўжо вымуштраваны, для сябе ж яна выхоўвала іх змалку. Паводзіны чатырохлапага незнаёмца на шашы яшчэ раз пацвярджалі, наколькі ён быў надрэсіраваны. “Дзе ж яго гаспадар?” – круцілася ў думках. Згадвалася, што па восені хтосьці з суседзяў шукаў менавіта аўчарку. Шкада яе, разумніца яна і прыгажуня.
А вось і крама. Затрымалася там Вольга крыху больш, чым планавала. Як адарвацца ад новага спадарожніка, не ведала. Але ёй пашчасціла. Жанчына прыблізна такога ж узросту і чымсьці падобная на яе выйшла з крамы, і сабака, не разабраўшыся, патрусіў за ёю.

“Даруй, Божа, пераблытаў”, – перахрысцілася Вольга. Дадому яна ляцела з хуткасцю ветру, толькі ля хаты сваёй перадыхнула. А крыху пазней дазналася, што сабаку таго ўсё ж знайшоў гаспадар. Там, у суседняй вёсцы.

Алена БЕЛКА