Вы, напэўна, пагадзіцеся са мной у тым, што ў кожнай вёсцы знойдуцца людзі, якіх параўноўваюць са знакамітасцямі. Памятаеце, як пасля выхаду на экраны фільма “Сямнаццаць імгненняў вясны” адразу з’явіліся “Борманы”, а пасля “Месца сустрэчы змяніць нельга” – “Шарапавы”. Ну, гэтыя назвы для мужчын. А вось вясковых жанчын заўсёды параўноўвалі з вядомымі спявачкамі або актрысамі.
Марыю Лабушаву, якая жыве ў пасёлку Чырвоны Лужок, даўно ўсе аднавяскоўцы ласкава называюць “наша Зыкіна”. Здагадаліся чаму? Так, Марыя Фядотаўна мае цудоўны голас, ды і ў маладосці нечым была падобная на вядомую спявачку: такая ж прыгожая, станістая, чарнявая, з доўгай касой, закручанай на патыліцы ў вузел.
Нарадзілася Марыя Фядотаўна ў пасёлку Чырвоная Плошча, што побач з пасёлкам Чырвоны Лужок. Калі ехаць з Гомеля па мінскай трасе, то гэтыя два невялічкія населеныя пункты размясціліся справа, недзе на дваццаць дзявятым кіламетры. А назва пасёлка Чырвоная Плошча была адзінай па ўсяму былому Савецкаму Саюзу. Гэта так, для звесткі. Але вернемся да маёй гераіні.
У дзяцінстве Марыя была хваравітай дзяўчынкай, шмат прапускала ўрокаў. Таму, скончыўшы школу, далей вучыцца не пайшла, а ўладкавалася санітаркай у суседні Бацуньскі фельчарска-акушэрскі пункт. Потым сястра маці, якая жыла ў гарадскім пасёлку Уваравічы, забрала пляменніцу жыць да сябе. Там Марыя пайшла працаваць на камбінат бытавога абслугоўвання: спачатку вучаніцай, а потым швачкай.
А песні жылі ў душы дзяўчыны заўсёды. Спяваць яна любіла з маленства, а рэпертуар Людмілы Зыкінай ведала ўвесь. Марыя памятае, як старэйшыя жанчыны, чуючы, які ў дзяўчынкі добры голас, клікалі яе падцягнуць песні, што спявалі вечарам на прызбе. Ужо тады галасочак яе гучаў, як званочак, меладычна, прыгожа, моцна.
Мабыць, таму і закахаўся ў мясцовую прыгажуню Аляксандр Каршакоў з суседняга Чырвонага Лужка. Заляцанні да дзяўчыны ў яго былі сур’ёзныя, бо ў хлопца памерла маці і з ім засталіся дзве малодшыя сястры. У хату патрэбна была добрая гаспадыня. Марыя такой і стала для мужа і яго сястрычак. Нават і зараз залоўкі дзякуюць ёй за тое, што дапамагала ім стаць на ногі. Яны падтрымліваюць адносіны, сустракаюцца, ездзяць у госці адзін да аднога.
Нарадзіліся ў маладой сям’і Каршаковых трое дзетак. Пазней новую хату пабудавалі на бацькаўшчыне. Аляксандр Сцяпанавіч быў выбраны на пасаду старшыні Івольскага сельскага Савета, Марыі Фядотаўне прапанавалі стаць загадчыцай збожжасклада ў калгасе імя Калініна. Усё складвалася добра. Падрасталі дзеткі. Жыві і радуйся. Ды здараецца страшная бяда: трагічна гіне муж Аляксандр. У 39 гадоў Марыя Фядотаўна стала ўдавой. Год хадзіла, не падымаючы вачэй, не здымаючы чорнай хусткі. А жыць жа трэба! Перамагаючы смутак, працавала, хатнюю гаспадарку трымала, дзяцей расціла, вучыла.
А потым лёс пасылае ёй яшчэ адно каханне і другога мужа, з якім яны пражылі разам 36 гадоў. Васіль Лабушаў быў вельмі працавітым, майстрам на ўсе рукі. Царква, якая стаіць у вёсцы Івольск, – гэта яго справа. І для дзяцей Марыі Фядотаўны ён стаў другім бацькам. Добры быў, сціплы. Вельмі любіў, як жонка спявала. Можа, дзякуючы яму, і прыйшла яна спяваць у фальклорны калектыў “Сінічкі”. У той час было шмат выступленняў, паездак з канцэртамі па вёсках і гарадах. А Васіль Антонавіч не пярэчыў, сам спраўляўся з гаспадаркай, толькі б спявала яго “Зыкіна”, якою ён так ганарыўся.
Гэта былі самыя шчаслівыя гады для Марыі Фядотаўны. Вось толькі ўжо восем гадоў няма мужа побач.
Час бяжыць. Марыі Лабушавай споўнілася ўжо 83 гады, але на песні яна не забывае, спявае, як і ў маладосці. І калі б я ёй не патэлефанавала, без песень нашай размовы не бывае. Абавязкова пачую прыгожы галасочак любімай салісткі народнага фальклорнага калектыву “Сінічкі”, нашай таленавітай спявачкі, нашай “Зыкінай”.
Спявайце яшчэ доўга, Марыя Фядотаўна, радуйце нашы сэрцы сваім непаўторным голасам!
З павагай,
Людміла Стахавец