16 студзеня вядомы беларускі паэт, аўтар зборнікаў лірыкі, сатыры і гумару, многіх кніжак вершаў і прозы для дзяцей  Мікола Чарняўскі адзначае юбілей. Віншуем нашага знакамітага земляка з 80-годдзем і жадаем моцнага здароў’я і натхнення.

Нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч 16 студзеня 1943 года ў вёсцы Буда Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.
Скончыў Беліцкую СШ Рагачоўскага раёна, а ў 1966 годзе – вячэрняе аддзяленне філфака БДУ імя У.І. Леніна. Адначасова з вучобай ва ўніверсітэце працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», рэдактарам зарубежнага вяшчання Беларускага радыё. З 1966-га па 2007 год – у рэдакцыях часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка».
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Выдатнік народнай асветы. Выдатнік друку Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, прэміі імя Васіля Віткі, Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна.

Па-над Будаю,
Па-над Ліпаю,
У нябёсах, у жніўнай цішы,
Зоры ноч,
Як з сяўні рассыпала
І ўтапіла ў прадонні душы.

А душа, бы ўтрапёная, леціцца
Ад цяпла, як ад ласкавых воч,
Ад каўша, што ў Вялікай Мядзведзіцы
Да світання пазычыла ноч.

Мне б туды,
Дзе са сцежкай няўлоўнаю
Знік у жыце ўчарашні мой след,
Поўню срэбную,
Як келіх поўную,
У далонях трымае сусвет.

Мне б туды,
Дзе здзічэлаю грушкаю
Кут бацькоўскі у сэрца мне ўрос,
На арэлях маленства разгушканы
Сад увесь
Ад камлёў да нябёс.

Мне б туды,
Дзе світаннямі золкімі
Пугай хлеб зарабляў ад вясны,
Дзе з драчамі ды перапёлкамі
Вечары забягалі ў сны.

Мне б туды,
Дзе ўзбалотак з дурнічнікам
Нас купаў у сваёй сіняве,
Нават росы
На досвітку знічкамі
Трапяталі-зіхцелі ў траве.

Мне б туды,
Дзе ў ласкавасці дзіўнай,
Слёз нямала аддаўшы вайне,
З першым крокам,
Як маці, радзіма
Прытуліла да сэрца мяне…

Па-над Будаю,
Па-над Ліпаю,
Не заспаўшы у ночы ў гасцях,
Сонца зоры,
Як росы, выпіла —
Заспяваў і зайграў прасцяг!

Пеўнем
Сонныя веснічкі ўскрыкнулі.
Толькі дзе ты, над хатаю дым?
Мне б туды,
Дзе ўсё роднае, звыклае,
Мне б іх зноў расчыніць,
Як тады…

У бліжэйшым нумары «Авангарда» мы пазнаёмім вас з іншымі новымі творамі Міколы Чарняўскага.