Што такое сапраўднае каханне? Напэўна, многія адкажуць, што гэта вельмі незвычайныя пачуцці, якія асляпляюць, з якімі і горы можна звярнуць. Мы часта лічым, што самае прыгожае і сапраўднае яно адбываецца ў пачатку адносін, калі закаханыя, як кажуць, наглядзецца адзін на аднаго не могуць. А вось псіхолагі лічаць, што да такога кахання трэба прайсці шмат этапаў, а цярпенне і адданасць – галоўныя яго якасці. Вядома ж, гэта няпроста.
З упэўненасцю магу сказаць, што сямейныя адносіны Фёдара і Надзеі Шумскіх з пасёлка Расцяробы прывялі іх да сапраўднага кахання: у гэтым годзе споўніцца 64 гады, як яны разам. І розныя этапы да яго на сваім жыццёвым шляху Фёдар Іванавіч і Надзея Фёдараўна прайшлі з гонарам. Вось толькі, здаецца мне, цукерачна-букетнага перыяду ў іх не было. А можа і быў, толькі вельмі сціплы, бо зусім нялёгка жылося ім у далёкія пяцідзясятыя гады. Мяркуйце самі.
Надзея Фёдараўна нарадзілася ў 1939 годзе ў пасёлку Дунай, што недалёка ад Івольска. У народзе яго называюць Буслы. А Фёдар Іванавіч з 1934 года нараджэння, з пасёлка Расцяробы. На іх дзяцінства выпала Вялікая Айчынная вайна, шмат гора прыйшлося перажыць у тыя гады. Маладосць прайшла ў пяцідзясятых, калі трэба было аднаўляць усе разбурэнні ваеннага ліхалецця. Жылі небагата, у многіх вайна забрала бацькоў.
З маці жыла і Надзея Фёдараўна: у 1942-м бацька памёр ад гангрэны нагі. Дзяўчыне яшчэ і 17 гадоў не споўнілася, як пайшла працаваць на Крыўскі ільнозавод. Працавала і на торфазаводзе ў Бальшавіку, і на цагельным каля Уваравічаў. Цяжка было, працавалі з 4 гадзін раніцы да 17 гадзін вечара. Жыла ў інтэрнаце барачнага тыпу.
Фёдар Іванавіч у той час, адслужыўшы ў дэсантных войсках тры гады, вярнуўся ў родны пасёлак Расцяробы і ўладкаваўся даглядчыкам на сінічынскую ферму. Дадам, што яго бацька, Іван Цімафеевіч, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, у палон трапіў ажно на сем гадоў. А ў час Вялікай Айчыннай ваяваў у партызанскім атрадзе, але ў 1943 годзе ў адным з баёў загінуў.
У час вайны Расцяробы былі амаль што знішчаны. Згадваецца, як адзін з мясцовых жыхароў падклаў міну на дарозе каля пасёлка, па якой ездзілі немцы. Яна ўзарвалася, загінула шмат ворагаў. Але за гэта фашысты адпомсцілі людзям, учыніўшы на іх аблаву. Многія схаваліся ў лесе, а семярых чалавек расстралялі. Могілкі загінуўшых захаваліся да гэтых часоў, іх даглядаюць пасялкоўцы.
Пасля вайны Расцяробы адбудавалі па-новаму. Адбудавалі сваю хату і браты Шумскія разам са сваёй маці. Потым старэйшы з іх, Уладзімір, ажаніўся з дзяўчынай з пасёлка Дунай, адкуль родам і Надзея Іванаўна. Дарэчы, у мінулым годзе яму споўнілася ўжо 90 гадоў.
А тады, у 1959 годзе, у пасёлку Дунай Уладзімір пачаў будаваць для сваёй сям’і новую хату. Малодшы Фёдар дапамагаў яму ў гэтым. Нейк на Мікольшчыну – прастольнае свята – ішоў ён да брата ў госці. Вось тады і запрыкмеціў малады хлопец каля адной з хат прыгожую дзяўчыну. Пацікавіўся пра яе ў сваякоў. І тыя зразумелі: спадабалася дзяўчына Фёдару. Не адкладваючы ў доўгую скрыню, яны прапанавалі пайсці ў сваты, што і зрабілі ў той жа вечар.
Надзея Фёдараўна ад нечаканых сватоў разгубілася, але маці параіла не адмаўляцца, бо Шумскіх яна добра ведала, а хлопцаў тады не хапала. Ды і самі жылі беднавата. “Ідзі, мая дачушка, як сватаюць, а то яшчэ ў дзеўках застанешся,” – сказала тады матуля. Дзяўчына падумала і згадзілася. Вось так, не сустракаўшыся і не ведаючы адзін аднаго, на другі дзень Міколы, 20 студзеня 1959 года, маладыя людзі распісаліся. А паколькі да вяселля трэба было падрыхтавацца і пасаг для нявесты сабраць, то яго адклалі на наступны год. Адзначу, што ў дзень вяселля маладыя павянчаліся ў царкве суседняй вёскі Целяшы.
Цяпер у такую гісторыю стварэння сям’і наша моладзь наўрад ці паверыць. Зараз яны жывуць у асноўным без рэгістрацыі, часцей разбягаюцца. А вось героі майго аповеда столькі гадоў пракрочылі разам! Разам перажывалі і нягоды, і радасці. Вырасцілі і вывучылі трох сыноў, унукаў ды праўнукаў ужо дачакаліся. Канешне, не заўсёды ўсё было складна ў іх сям’і, але толькі цярпенне ды згода, уменне саступаць адзін аднаму дапамагалі быць разам. 37 гадоў з імі жыла і маці Фёдара Іванавіча, яна была ім добрым памочнікам. Сям’я Шумскіх старанна працавала на ферме. Надзея Фёдараўна 25 гадоў была даяркай, 12 з іх – фуражырам. Фёдар Іванавіч спачатку быў даглядчыкам, а пасля заканчэння Рэчыцкага ветэрынарнага тэхнікума працаваў асемянатарам.
Трэба сказаць, што Фёдар Шумскі з’яўляецца воінам-інтэрнацыяналістам: падчас службы ў войску ў 1956 годзе тры месяцы быў у Венгрыі на ліквідацыі контррэвалюцыйнага мецяжу супраць урада. З 75 чалавек роты ў жывых засталіся толькі 12, у тым ліку і Шумскі. Воінам-інтэрнацыяналістам быў і сярэдні яго сын Мікалай: ваяваў у Афганістане.
У гэтым годзе 5 верасня Фёдару Іванавічу споўніцца 89 гадоў, а 1 ліпеня Надзеі Фёдараўне – 84. Але яны яшчэ бадзёрыя і працавітыя. Да нядаўняй пары нават карову трымалі. Зараз болей на сотках: маліну, клубніцы, бульбачку, агародніну садзяць і апрацоўваюць. А як жа! Як збяруцца ўсе да іх у госці, то ёсць што кожнаму ў сумку пакласці.
А яшчэ мае дарагія землякі Шумскія вельмі любяць спяваць свае мясцовыя народныя песні. І галасы ў іх выдатныя! Я і зараз чую, як Фёдар Іванавіч зацягвае “Матрасёнка на рацэ”, а Надзея Фёдараўна яму падпявае. Даўно ўжо зліліся мае героі ў адзіны зладжаны дуэт, нават сталі падобныя адзін на аднаго. Значыць, каханне ў сям’і Фёдара і Надзеі Шумскіх адбылося! Сапраўднае!
З павагай, Людміла СТАХАВЕЦ