Назаўсёды застануцца ў памяці дзяўчаты з санітарнай сумкай за плячыма, якіх можна было ўбачыць на полі бою, у шпіталі, у іншых месцах баявых дзеянняў. Яны аказвалі першую медыцынскую дапамогу параненым, выратоўвалі іх жыцці. За мужнасць і адвагу, міласэрнасць, за подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзясяткі тысяч медсясцёр, сандружынніц былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

У лютым 1986-га ў сярэдняй школе №47 г. Гомеля быў урачыста адкрыты музей Чырвонага Крыжа. Дарэчы, не ў кожнай установе адукацыі краіны ёсць такі музей. А ўсё пачыналася так. У той далёкі час у школу да сандружынніц завітала старшыня камітэта Чырвонага Крыжа Савецкага раёна абласнога цэнтра Ларыса Веніямінаўна Шарына. Яна прапанавала стварыць у школе музей, прысвечаны медыкам. Ідэя натхніла вучняў, і яны яе падтрымалі. Дапамаглі абласное таварыства Чырвонага Крыжа і педкалектыў школы. Так пачалася карпатлівая пошукавая работа па зборы матэрыялу аб жанчынах-медыках, удзельніцах Вялікай Айчыннай вайны.
Стварэнне музея тады ўзначаліла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Валянціна Пракопаўна Бондар. Цікавымі атрымаліся экспазіцыі. Тут можна ўбачыць бюст вялікаму рускаму хірургу, вучонаму і грамадскаму дзеячу Мікалаю Іванавічу Пірагову. На стэндах і вітрынах размешчаны матэрыялы аб арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа ў Беларусі і на Гомельшчыне, актывістах і ветэранах чырвонакрыжнага руху, пачэсных донарах. У музеі захоўваюцца дакументы, лісты франтавікоў-медыкаў, іх асабістыя рэчы і многае іншае.
Асаблівую цікавасць выклі-каюць стэнды і матэрыялы, прысвечаныя жанчынам-медыкам, якія ваявалі і ўзнагароджаны медалём імя Флорэнс Найцінгейл. Трэба дадаць, што гэты медаль быў заснаваны Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа ў 1912 годзе і прысуджваецца медыцынскім сёстрам і братам за выключную адданасць сваёй справе і адвагу пры аказанні дапамогі параненым і хворым як у ваенны, так і ў мірны час. У былым Савецкім Саюзе гэтай узнагароды былі ўдастоены ўсяго 38 чалавек, у тым ліку ў Беларусі – 6 медсясцёр, сярод якіх і дзве гамяльчанкі – Соф’я Васільеўна Голухава (1921-2012 гг.) і Марыя Афанасьеўна Гарачук (1921-2003 гг.). У мірны час гэтым медалём былі ўзнагароджаны беларускія медыцынскія сёстры Вольга Гейцава з Мазыра і мінчанка Галіна Кулагіна.
Апошнія гады Соф’я Голухава (на здымку) жыла ў Гомелі, а нарадзілася яна ў вёсцы Буда Люшаўская, на Будакашалёўшчыне. У 1940 годзе пасля заканчэння Жлобінскай школы медыцынскіх сясцёр была накіравана ў фельчарска-акушэрскі пункт Уваравіцкага раёна. На перадавую ў першыя дні вайны папрасілася сама, і ў снежні 1941-га ў складзе 235-га асобнага медыка-санітарнага батальёна 134-й стралковай дывізіі Калінінскага фронту працавала аперацыйнай хірургічнай медсястрой.
У адным з працяглых жорсткіх баёў у раёне горада Белага, што ў Цвярской вобласці, у кастрычніку 1942-га на маскоўскім напрамку Соф’я Васільеўна вынесла з поля бою больш за 40 цяжкапараненых байцоў. Аднак ў тым жа месяцы падчас кровапралітнай бітвы была цяжка паранена і сама: перад ёю разарваўся варожы снарад, калі яна паўзла, каб выратаваць салдата. У прытомнасць прыйшла ў ваенным шпіталі, дзе ўсвядоміла, што левай рукі няма, моцна пашкоджаны правая рука і абедзве нагі. І гэта ў 21 год?! Затым было доўгае лячэнне ў медыцынскіх установах.
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе Голухава вярнулася ў родную вёску, праўда, інвалідам I групы. Працавала медыцынскай сястрой і загадчыцай мясцовым ФАПам. А з 1948-га на працягу 24 гадоў была медсястрой Любавінскай участковай бальніцы Буда-Кашалёўскага раёна. Соф’я Васільеўна – чалавек асаблівага складу і характару, яе справы служылі прыкладам для калег. Нягледзячы на цяжкія раненні, атрыманыя ў час вайны, і на тое, што жыла за тры кіламетры ад месца працы, яна ні разу не спазнілася на работу. Сэнсам яе жыцця было служэнне людзям, аказанне ім медыцынскай дапамогі.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай, Соф’я Голухова была ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеней, медалямі. Таксама была дэпутатам раённага і сельскага Саветаў, засядацелем народнага суда раёна. У 1976 годзе яна пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Гомель, дзе праводзіла патрыятычную работу сярод моладзі. Шмат разоў наведвала школу №47 г. Гомеля, займалася грамадскай работай.
Соф’я Голухава і Марыя Гарачук былі сёстрамі міласэрнасці. У кожнай з іх свая ваенная біяграфія, свой ваенны шлях і, канешне, свае ўспаміны пра Вялікую Айчынную. Мне пашчасціла не раз сустракацца і размаўляць з гэтымі гераічнымі жанчынамі. Назаўсёды запомніліся іх добры погляд, вясёлая ўсмешка і прыстойнасць.
У Савецкім раёне Гомеля на сцяне дома па вуліцы Жукава, 52, дзе жыла Соф’я Васільеўна, усталявана памятная мемарыяльная дошка. А па ініцыятыве абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа яе імя прысвоена Гомельскай гарадской клінічнай паліклініцы №5, што па вуліцы Быхаўскай, 106. У адным з яе памяшканняў ёсць прыгожа аформлены стэнд аб гэтай мужнай жанчыне. Гамяльчане, як і жыхары Буда-Кашалёўскага раёна, ганарацца сваімі героямі і шануюць іх памяць.
Члены савета музея школы №47 г. Гомеля ў сваю чаргу клапоцяцца аб тым, каб каштоўныя матэрыялы былі не проста экспанатамі, а знайшлі шлях да сэрцаў дзяцей. Таму менавіта з музеем звязаны самыя важныя ў жыцці ўстановы адукацыі мерапрыемствы. Ён стаў цэнтрам патрыятычнага выхавання моладзі. Трэба адзначыць, што экспазіцыі музея ўвесь час абнаўляюцца, працягваецца і пошуковая работа.

З павагай, ветэран працы, гамяльчанін
Уладзімір Рудзінскі
Фота аўтара