Ці ўяўляеце вы сваё жыццё без веры? Я ўпэўнена, што яна жыве ў душы кожнага чалавека. Мы верым у дабрыню, у лепшую будучыню, у каханне. Хтосьці верыць у Бога. Мне ўспомнілася адно выказванне пра дзяцей, якіх настаўніца прымушала глядзець у неба і крычаць туды, што Бога няма. Толькі адзін хлопчык стаяў і маўчаў. Настаўніца спытала ў яго, чаму ён не крычыць? “Калі Бога няма, навошта тады крычаць, а калі ёсць, то не трэба псаваць з ім адносіны!” – адказала мудрае дзіця.

Галіна Петрушэня, а ў дзявоцтве Шчыракова, родам з пасёлка Восаў, што ля вёскі Івольск. Яна вельмі веруючы чалавек. Як гэта часта бывае, да Бога людзі прыходзяць ў самыя цяжкія хвіліны свайго жыцця. Так здарылася і з Галінай Міхайлаўнай.
Па прафесіі яна бухгалтар, закончыла Гомельскі чыгуначны тэхнікум. Па накіраванні трапіла ў горад Тамбоў, але сэрца сумавала па родным краі, таму вярнулася дамоў. Уладкавалася бухгалтарам на Гомельскі радыёзавод, дзе і сустрэла свой лёс – Вячаслава Петрушэню. Пакахалі адзін аднаго, пажаніліся. У 1982 годзе ў іх нарадзілася дачка Наташа. А каб хутчэй атрымаць кватэру, перайшлі з мужам працаваць на завод ліцця і нармалей. І праз некалькі гадоў іх мара здзейснілася: сям’і была выдзелена прасторная двухпакаёўка. Жыві ды радуйся! Аднак тут чаргой пайшлі непрыемнасці: моцна захварэў бацька Галіны, і сямейныя адносіны далі расколіну.
Частыя сваркі з мужам, хваляванні аб хворым бацьку выбілі жанчыну з жыццёвай каляіны. Аднойчы, зусім знясіленая, яна падышла да акна з адной думкай: як жыць далей і што рабіць? І нібыта зверху ёй падказалі: трэба ісці ў храм. Назаўтра Галіна з самай раніцы стаяла ў Саборы Святых Пятра і Паўла. Ад першага наведвання на душы стала лягчэй. І яна пачала хадзіць на службу ў царкву, чытаць рэлігійную літаратуру. Прыйшло нейкае заспакаенне, разуменне. Атрымалася захаваць сям’ю, і бацька пайшоў на папраўку.
Галіна Міхайлаўна пабывала ў многіх цэрквах, стала наведваць святыя месцы ў розных кутках Беларусі і Расіі. У манастыр Опціна пустыня, што ў Калужскай вобласці, яна ездзіць амаль кожны год. А вось у роднай вёсцы царквы не было: у час вайны яе спалілі немцы. Маладая жанчына цэлы год думала, як зрабіць так, каб на яе малой радзіме з’явілася святое месца. На пабудову новай царквы трэба былі грашовыя сродкі, але дзе іх было ўзяць? З гэтай праблемай яна прыйшла ў Івольскі сельсавет да старшыні на той час Рыгора Стахаўца. Ён параіў спачатку звярнуцца ў Гомельскую епархію, каб дапамаглі стварыць прыходскі савет. “А потым будзем думаць аб будынку!” – заверыў старшыня. І ён меў рацыю: былыя будынкі школы пуставалі.
Жанчына пайшла на прыём да ўладыкі Арыстарха. Той падтрымаў ініцыятыўную веруючую і сам прыехаў у Івольск для стварэння прыхода. Усё склалася як нельга лепей: калгас аддаў пад царкву пустуючы будынак школы, а адрамантаваць яго ўзяўся мясцовы майстар Васіль Лабушаў. Безумоўна, грашыма дапамаглі аднавяскоўцы. Так што з’яўленнем храма ў Івольску абавязаны ў тым ліку і Галіне Петрушэні. А яна лічыць, што ўсё робіцца з намераў Божых. Дарэчы, першая служба ў Свята-Мікольскай царкве адбылася на Міколу, 19 снежня 1996 года.
У Івольскім храме Галіна Міхайлаўна – часты госць. А калі ў 2015 годзе яна пайшла на пенсію, то стала больш часу праводзіць у родным пасёлку Восаў. Сюды прывозіць і сваю любімую ўнучку Лізу, з якой разам ходзяць у царкву.
Трэба адзначыць і добрыя арганізацыйныя здольнасці маёй гераіні, і ў будаўнічых пытаннях яна разбіраецца. А колькі карысных спраў зрабіла дзеля царквы! Амаль на свае сродкі замяніла старыя вокны на новыя, на дабрачыннасць Гардзея Адама, былога кіраўніка комплекса “Вахавяк”, адрамантавала прыбудову да царквы, з дапамогай аднавяскоўцаў сабрала грошы на новы кветнік вакол храма і ўсталявала яго. Прыемна цяпер паглядзець! Словы ўдзячнасці яна гаворыць усім, хто адгукваецца на яе просьбы, асабліва Аляксандру Маркаву, Аляксандру Мінкову і Руслану Бобікаву, якія займаюцца рамонтнымі справамі ў царкве. І кожны дзень з малітвамі звяртаецца да Бога і ўсіх святых, якія, верыць жанчына, ёй дапамагаюць. Вось і майстар з манастыра Опціна пустыня падарыў абраз святога Мікалая Угодніка, зроблены на дрэве. Зараз ён упрыгожвае Івольскую царкву.
Галіна Міхайлаўна стараецца зрабіць як мага больш добрых спраў. Дзякуючы яе намаганням у мінулым годзе адрамантавалі дарогу ад мінскай трасы да пасёлка Восаў і ў самім населеным пункце. Аб гэтым калісьці марыў і яе бацька, і яна здзейсніла яго мару. Бацькі даўно ўжо няма, а вось 90-гадовая маці яшчэ жывая, ва ўсім падтрымлівае дачку і на патрэбы царквы заўсёды дае грошы з пенсіі.
За 30 гадоў служэння Богу мая гераіня навучылася быць стрыманай і разважлівай да людзей і да падзей, якія адбываюцца вакол яе, навучылася дараваць. Яна раіць усім паважаць адзін аднаго, дапамагаць у справах, не трымаць на сэрцы злосці, радавацца поспехам іншых. Лічу, што Галіна Міхайлаўна – верная дачка сваёй малой радзімы, на такіх людзях і трымаецца наш сусвет.

З павагай, Людміла Стахавец

Фота з архіва аўтара