Здаецца мне, што няма на свеце чалавека, які б не любіў песні. Можа, сам і не спявае, а слухаць любіць. А колькі людзей спяваюць! Прычым нават сем’ямі. I ідзе гэта любоў да песень ад дзядоў ды прадзедаў.
У такім вось пявучым родзе ў вёсцы Сінічына нарадзілася і Валянціна Гапонава. З самага маленства яна чула, як спявала шматлікая радня яе маці – Любові Ягораўны. Маленькая Валя ўсё гэта ўпітвала ў сябе, як тая губка. I калі падрасла, стала сапраўднай артысткай: спявала ў школьным хоры, у Сінічынскім і Івольскім вясковых клубах. Нават да гэтага часу памятае, як амаль гадзіну давала канцэрт разам з сябрам-гарманістам Пятром Бобікавым у канторы калгаса імя Калініна пасля чарговага сходу калгаснікаў. Людзі доўга апладыравалі ёй, бо спявала яна вельмі шчыра і з душой.
А калі ствараўся фальклорны калектыў «Сінічкі», Валянціна Гапонава першая стаяла ў яго вытокаў. Не памятаю, каб яна прапусціла якую-небудзь рэпетыцыю ці канцэрт. Гэтая жанчына да таго ўлюбёная ў песню, што пазайздросціць можна! У «Сінічках», якім у наступным годзе споўніцца 35 гадоў з дня заснавання, яе так і называлі – хадзячая песенная энцыклапедыя. Песня для яе, як глыток паветра, што дае жыццё. Яна ведае іх безліч. Нездарма ж столькі фальклорных экспедыцый пабывала ў Валянціны Іванаўны і яе маці. I яны з радасцю дзяліліся ўсім тым, што ведалі.
Дарэчы, мая гераіня мае добры голас і ў хоры заўсёды была салісткай. А якая ж яна яшчэ і прыпеўніца! Паспаборнічаць з ёю была нялёгкая справа, бо прыпевак ведае мноства. Вось і дзіву даешся, як гэта жанчына ўсюды паспявала: і працавала, і дзяцей гадавала, а іх у яе чацвёра, і гаспадарку хатнюю трымала. Побач з ёю заўсёды надзейны памочнік – муж Мікалай Фёдаравіч. Трох сыноў і дачушку выхавалі, вывучылі, усім вяселлі справілі, а цяпер ужо дзеці і ўнукі дапамагаюць ім.
Зараз Валянціна Іванаўна на пенсіі, а раней доўгі час працавала ў Івольскім сельскім Савеце касірам, потым на Сінічынскай ферме разам з мужам даглядала цялят. I заўсёды яны былі ў ліку лепшых. Яна і зараз не сядзіць без справы. Заядлая грыбніца ды ягадніца, а яшчэ вельмі любіць рыбалку. І калі ўжо трапіш да яе ў госці, дык і грыбочкаў пакаштуеш, і рыбкі адведаеш. Усё ў нашай пявунні выдатна атрымоўваецца: і песні спяваць, і смачныя піражкі з ліверам рабіць.
Адзначу, што з дзяцінства ў Валянціны Іванаўны быў вельмі дрэнны зрок, усё жыццё не здымала акуляры. А з узростам станавілася яшчэ горш. І калі ў Мінску зрабіць аперацыю на вачах не атрымалася, яна не страціла надзеі і жыла з марай паправіць зрок. I цуд адбыўся: гомельскія ўрачы-афтальмолагі рызыкнулі зрабіць ёй аперацыю. Цяпер, як гаворыць гераіня майго аповеда, яна бачыць не толькі сцежку, але і тое, што навокал.
Вось такая цудоўная пявуння і шчырая жанчына жыве ў вёсцы Сінічына. Добрага ёй здароўя і як мага болей светлых дзён! Хай яшчэ доўга гучаць песні яе жыцця.
З павагай, Людміла Стахавец