Цуд над Сожам
 
Пасля далучэння да Расійскай імперыі часткі Беларусі ў 1772 годзе Кацярына II падарыла невялікі тады горад Гомель свайму знакамітаму палкаводцу — фельдмаршалу графу Пятру Румянцаву-Задунайскаму. У 1838-м маёнтак за 800 тысяч рублёў набыў князь Іван Фёдаравіч Паскевіч-Эрыванскі.

У 1914 годзе часопіс «Сталіца і сядзіба» прысвяціў гомельскаму палацу Румянцавых і Паскевічаў падрабязны матэрыял, прадставіўшы яго як выбітны прыклад архітэктуры стылю Empire. Аўтар артыкула — знакаміты мастацтвазнаўца Георгій Лукомскі. У якасці ілюстрацый чытачу прапанавалі шматлікія фатаграфіі палаца і яго раскошных залаў. Не быў абдзелены ўвагай і парк, дрэвы для якога, у тым ліку розныя экзатычныя расліны, прывозілі з усяго свету.
З тых часоў на долю палаца выпала нямала выпрабаванняў. Але, як гэта ні дзіўна, ён практычна адзіны ў Беларусі захаваўся без значных змен. У 1995 годзе пачаліся маштабныя рэстаўрацыйныя работы, за якімі з хваляваннем назіралі жыхары горада. Вынік іх не расчараваў: адноўлены палац і дагледжаны парк уваходзяць у лік самых папулярных турыстычных маршрутаў краіны.
У склад сучаснага Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ўваходзяць шэсць аб’ектаў, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта сам палац Румянцавых і Паскевічаў, капліца-пахавальня, зімовы сад, назіральная вежа і дварцовы парк — помнік прыроды і садова-паркавага мастацтва сярэдзіны XIX стагоддзя. А таксама дом-сядзіба Халецкіх — помнік архітэктуры сярэдзіны XIX стагоддзя ў весцы Хальч Веткаўскага раёна.
Экспазіцыя музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля — адна з найбагацейшых у Беларусі. Яна дае ўяўленне пра ўбранне сядзіб канца XIX стагоддзя. Асновай паслужылі прадметы з калекцый Румянцавых і Паскевічаў. Сярод найбольш цікавых экспанатаў — мемарыяльныя рэчы дзвюх сем’яў, археалагічная і нумізматычная калекцыі, збор рукапісных і старадрукаваных кніг, іканапісу і культавых прадметаў. Таксама тут можна даведацца пра выдатных дзяржаўных дзеячаў, военачальнікаў, прадстаўнікоў навукі, культуры, адукацыі, якія мелі дачыненне да гісторыі краю (напрыклад, пра авіяканструктара Паўла Сухога і міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыку). Ёсць і калекцыя жывапісу гомельскіх мастакоў.
ВЫСОКАЕ ПРЫЗНАННЕ
У 2007 годзе калектыў гэтай гісторыка-культурнай установы быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва за вялікі ўклад у развіццё музейнай справы, рэалізацыю выставачных праектаў па захаванні гістарычнай памяці беларускага народа.
ЛІЧБЫ І ФАКТЫ
На працягу года Гомельскі палацава-паркавы ансамбль наведваюць больш за 300 тысяч турыстаў, тут праводзіцца каля 100 выстаў, розныя культурныя мерапрыемствы і канцэрты. Музейны фонд рэгулярна папаўняецца новымі экспанатамі.

Источник: http://gp.by
© Правда Гомель