У першыя месяцы акупацыі ў Буда-Кашалёве і ў сельскай мясцовасці ствараліся антыфашысцкія групы і арганізацыі. Яны дзейнічалі ў Патапаўцы, Сяльцы, Сямёнаўцы, Недайцы, Губічах, Гаўлях і іншых населеных пунктах. З рызыкай для жыцця падпольшчыкі хавалі радыёпрыемнікі і слухалі па іх голас Масквы. Звесткі з франтоў камсамольцы даводзілі да жыхароў раёна праз лістоўкі, якія перапісвалі ад рукі. На месцах баёў збіралі зброю і боепрыпасы і добра маскіравалі іх сярод ельніку ў лесе. Усё гэта хутка спатрэбілася партызанам. Так, падпольная антыфашысцкая арганізацыя ў вёсцы Губічы, якую ўзначаліла настаўніца Ганна Лапіцкая, праводзіла работу па знішчэнні губіцкага паліцэйскага гарнізона. А чырвонаармеец Кавальскі стварыў падпольную камсамольскую арганізацыю ў Сямёнаўцы, у складзе якой былі вучні Ваня Сіўцоў, Лёня Шапоцька, Іван Канцавы і іншыя. Але, на жаль, дзейнічалі яны нядоўга, усе былі арыштаваны. Чацвёра з іх былі павешаны ў роднай вёсцы, астатнія расстраляны ў Гомелі.
Актыўна вялі работу падпольшчыкі ў Буда-Кашалёве, а ўзначальвалі іх муж і жонка Закрэўскія. Кацярына Аўдашкова па заданні падполля працавала сакратаром у паліцыі і своечасова паведамляла аб планах злачынцаў супраць партызан. Ганна Пахомава і Марыя Церашкова перапісвалі зводкі савецкага інфармбюро і расклейвалі на будынках райцэнтра. Ганна Волкава дапамагла партызанам узарваць воданапорную вежу. А падпольная група з чатырох чалавек, якую арганізавала мясцовая настаўніца Таісія Чудакова, дзейнічала па зрыве сельскагаспадарчых мерапрыемстваў акупантаў.
Усяго ў раёне функцыянавала больш за 30 падпольных груп. Разам з партызанамі яны змагаліся супраць нямецкіх акупантаў, набліжаючы час вызвалення сваёй краіны ад ворага.