Два гады і тры месяцы цягнулася акупацыя раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Буда-Кашалёўскі і Уваравіцкі раёны былі вызвалены войскамі Беларускага фронту (генерал арміі К.К. Ракасоўскі) у выніку наступальнай аперацыі зімой 1943-1944 гг.
З успамінаў былога камандзіра Ф. Кісельнікава: “Вызвалены ад гітлераўцаў г. Буда-Кашалёва ляжаў у руінах. Жыхары са слязьмі радасці, з хлебам-соллю сустракалі воінаў-вызваліцеляў. Многія прасілі прыняць іх у рады Чырвонай арміі. А калі мы пакідалі горад, жыхарка п. Вясёлы Пахар, які спалілі немцы, Марыя Кірэенка расказала нам аб страшнай смерці ад рук фашыстаў сваіх родных – бацькі, брата і дзядзькі, якіх пасля доўгіх допытаў і здзекаў расстралялі за сувязь з партызанамі. Такі ж лёс напаткаў і іншых. Ад імя жывых і мёртвых жанчына дала воінам такі наказ: “Родныя нашы байцы! Вызваліцелі нашы! Вы бачыце сваімі вачыма дзікія злачынствы фашыстаў. Адпомсціце ім, таварышы! Знішчайце праклятых катаў-гітлераўцаў. Знішчайце бязлітасна!”
Гэтыя словы былі надрукаваны ў газеце “За перамогу” 30 лістапада 1943 года.