У пачатку лістапада, якраз на свята Казанскай іконы Божай Маці, у Івольск, а дакладней, у музейны пакой народнай творчасці і этнаграфіі, што ў мясцовым Доме культуры, завітала навуковы супрацоўнік Гомельскага палаца-паркавага ансамбля, загадчыца навукова-фондавага аддзела Таццяна Зыгмантовіч. Мы з сястрой Валянцінай пазнаёміліся з ёю пасля адкрыцця ў паркавым музеі выставы “Посцілка: дэкаратыўнае вымярэнне”, дзе размясціліся посцілкі і нашай сям’і. Дарэчы, выстава гэта працягнецца яшчэ да 10 снежня. А даведаўшыся аб тым, што на нашай малой радзіме народнай творчасці надаецца асаблівая ўвага, Таццяна Уладзіміраўна вырашыла наведацца ў Буда-Кашалёўскі раён.
Спачатку мы адправіліся ў Чабатовіцкі цэнтр народнай творчасці. А паглядзець там сапраўды ёсць на што! Такім багатым музейным матэрыялам, напэўна, мала хто можа пахваліцца. Слоў шчырай падзякі заслугоўваюць і супрацоўнікі цэнтра за цёплую сутрэчу і праведзеную экскурсію.
Музейны пакой народнай творчасці і этнаграфіі ў Івольскім СДК таксама спадабаўся нашай госцейцы. Існуе ён ужо 30 гадоў, а задумкай яго стварэння паслужылі самаробныя жаночыя і мужчынскія сарочкі з ільну, якія сабралі для выступленняў калектыва “Сінічкі”. Потым пачалі збіраць і іншыя рэчы даўніны. Таццяна Уладзіміраўна зацікавілася многімі музейнымі рэчамі, зрабіла і шмат фотаздымкаў. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе працягвацца і далей. А “Сінічкі” арганізавалі для нас сяброўскую сустрэчу з чаяваннем, за што ім вялікі дзякуй.
Трэба сказаць, што, нягледзячы на непагадзь, такія сустрэчы прыносяць нейкую асалоду, заспакаенне і веру ў лепшае.

Людміла СТАХАВЕЦ