Авеяная сівымі легендамі, вёска кліча нас з далячынь вякоў, каб мы распавядалі пра яе, каб голас наш, як чароўная жалейка, нагадваў, што яна жывая… У сённяшнім нумары пазнаёмімся з населенымі пунктамі, у кожнага з якіх таксама ёсць свая гісторыя, яшчэ аднаго сельсавета – Чабатовіцкага.

Вёска Чабатовічы. Старажылы мяркуюць, што назву вёска атрымала ад першых пасяленцаў, якіх называлі чабатарамі. Гэта былі сапраўдныя майстры сваёй справы, яны займаліся вырабам ботаў. Верагодна, у кагосьці з іх была мянушка “чабатар” ад слова “чобат”. Згадваецца яшчэ і такая як быццам бы легенда. Жыхары навакольных мясцовасцяў, як і чабатоўцы, хадзілі ў лапцях. Аднак малады ў дзень шлюбу абавязкова павінен быў абуць боты, якія лічыліся ўласнасцю ўсёй вёскі і захоўваліся ў запаветным месцы, да таго ж выдаваліся яны жаніху толькі на вяселле. Як бачым, у гэтага населенага пункта ўсё звязана з ботамі. Верагодна, адсюль і назва пайшла.
Пасёлак Бушаўка. Пасля будаўніцтва Любава-Роменскай чыгункі, як распавядаюць мясцовыя жыхары, і ўтварылася паселішча з назвай Бушаўка. Гісторыя яго паходжання расказвае, што аднойчы праз мясціну праходзіў цягнік, у якім везлі зняволеных людзей. Менавіта на гэтым участку шляху зняволеныя паднялі бунт, у выніку чаго некаторым удалося збегчы. Праўда, у далейшым яны займаліся разбоем, грабілі і забівалі бязвінных людзей. Таму спачатку месца гэта мела назву Бушуеўка ад слова “бушаваць”, а значна пазней літара “у” пры вымаўленні згубілася і атрымалася Бушаўка.
Другая версія гаворыць, што першымі заснавальнікамі населенага пункта лічыліся дзве сям’і. Яны ўвесь час паміж сабой “ваявалі”: то біліся, а то хаты палілі. Карацей кажучы, толькі тым і займаліся, што шкодзілі адзін аднаму, “бушавалі”. Ад гэтага, відаць, слова і набыло сабе назву паселішча.
Пасёлак Каменка. Калісьці на месцы сённяшняга населенага пункта стаяў вялікі лес. Тут раслі дубы, альха, асіна, арэшнік, а вакол дрэў было мноства папаратніку і ягад. На адной з палян пасярод лесу пасяліўся нейкі чалавек са сваёй сям’ёй. Хто ён і адкуль – вестак аб гэтым не маецца, але вядома толькі, што на адной руцэ ў яго было шэсць пальцаў, ды і наогул працавітым быў. З цягам часу тут, у мясціне, пачалі сяліцца ягоныя сваякі. Яны займаліся пчалярствам і земляробствам, распрацаваныя землі засявалі ячменем і гароднінай. Пазней невялікі хутар перарос у пасёлак, які жыхары з навакольных вёсак называлі Лапава. А калі трэба было набыць мёд ці што-небудзь іншае, то гаварылі так: “Пайду да Лапы альбо на Лапаўку”.
Аднак у часы перабудовы пасёлак перайменавалі. Каля населенага пункта знаходзіўся ўзгорак – Цімашоў курган, побач з якім ляжаў вялікі гранітны камень. Менавіта ад яго Лапава пераўтварылася ў Каменку.
Пасёлак Краснабудскі. На жаль, няшмат існуе звестак пра паходжанне дадзенага паселішча. Вядома толькі, што яго назва напрамую звязана з месцазнаходжаннем. А калі дакладней, то размяшчалася яно паміж двума населенымі пунктамі: з аднаго боку быў пасёлак Красны, з другога – вёска Старая Буда. Таму, пэўна, і Краснабудскі.
Вёска Смычок. Як згадваюць старыя людзі, у часы прыгоннага права па Дняпры сяляне гналі платы ў Кіеў. Ад непасільнай працы і невыносных умоў жыцця яны ўцякалі і хаваліся ў лясах, якія раслі на берагах ракі. Таму тут, на адным з берагоў Дняпра, і з’явілася першае невялікае паселішча. Прыгонныя сяляне выкарчоўвалі дрэвы і будавалі хаты, распрацоўвалі зямлю. Месца гэта назвалі Стараселлем. Дарэчы, такая назва захавалася і да нашых дзён. Аднак дзесьці ў 1872 годзе сяляне перасяліліся на другое месца, дзе зараз і знаходзіцца сучасны Смычок. Чаму менавіта так пачалі называць паселішча – адказ просты. Вёска была пабудавана ў адзін шэраг і нагадвала самы што ні на ёсць смычок.
Вёска Хоўхла. Цікавую гісторыю мае населены пункт. Даўным-даўно на месцы вёскі было рэчышча Дняпра, а вакол рос дрымучы лес. Тут знаходзілася невялікае паселішча Заброддзе, праз якое праходзілі атрады антыфеадальнага казацка-сялянскага паўстання пад кіраўніцтвам атамана Налівайкі. Разграміўшы мноства маёнткаў магнатаў і шляхцічаў ва Украіне, яны накіраваліся ў Беларусь. Вось тады, верагодна, некаторыя з паўстанцаў і засталіся на месцажыхарства ў Заброддзі. Мясцовыя жыхары называлі іх хахламі. Адметна, што пазней ад гэтага слова за вёскай і наогул замацавалася назва Хоўхла.
Вёска Стоўпішча. Некалькі гадоў таму назад лепшыя землі ў дадзенай мясцовасці належалі аднаму памешчыку. Праўда, тое месца, на якім у далейшым утварылася паселішча, было ва ўласнасці абшчыны. Памешчык выкупіў гэтую зямлю і абгарадзіў яе слупамі, як казалі ў народзе, “застаўбіў”, каб ніхто не мог трапіць сюды. Больш таго, сялянам забаранялася нават збіраць вакол ягады і грыбы, бо зямля тут была вельмі ўрадлівая. І людзі з навакольных населеных пунктаў назвалі гэта месца Стоўпішчам.
Пасёлак Ленінскі. З пісьмовых крыніц вядома, што заснаваны пасёлак яшчэ ў 20-я гады жыхарамі названай вышэй вёскі Чабатовічы і на месцы цяперашняга населенага пункта калісьці былі непраходнае балота і дрымучы лес. А вось назва Ленінскі пасёлку была дадзена ў духу таго часу, больш дакладней, у гонар правадыра пралетарыяту Уладзіміра Ільіча Леніна.