Як меладычна і пранікнёна гучаць вершы на роднай мове! Яны ідуць з глыбіні сэрцаў іх аўтараў. Паважаныя чытачы, прапануем вам разам з намі атрымаць асалоду ад беларускага слова.

Песні
Ці то на полі жыта жалі,
ці то зграбалі ў лузе сена, –
у вырай песні адпраўлялі
жанчыны круглы год нязменна.

А вечарам ля хаты нейчай,
было, рассядуцца суседкі
і песнямі прадоўжаць вечар,
што і без песень доўгі ўлетку.

А быў таму ён доўгі, можа,
што, песняй цемру адагнаўшы,
матыў выводзілі прыгожы
штовечар прабабулі нашы.

Здавалася, іх век не песціў
і не была бясхмарнай доля,
а змалку з вывучанай песняй
не расставаліся ніколі.

Над тым я думаю нязменна,
ды застаецца ўсё ж загадкай:
чаму не перадаўся генна
настрой іх песенны нашчадкам?
Анатоль Зэкаў

 

Маё
Куды вядзе мяне сцяжынка родная
З духмянымі садамі з двух бакоў?
Туды, дзе я шчаслівая, свабодная,
Дзе сэрцам чую матчыну любоў.

З дзяцінства тое пачуццё знаёмае,
Калі душа спявае па вясне.
У вёсцы беларускай толькі дома я!
Тут нават кветкі радуюцца мне.

Хіба ж усё гэта мераецца золатам?
Навошта мне яно ўзамен палёў?
У бацькоўскай хаце не бывае холаду,
Таму сюды вяртаюся ізноў.

Нябачнай ніткай звязаны з Радзімаю,
Гісторыя і памяць – вось магніт!
Як птушкі, што назад імкнуцца з выраю,
Крыламі дораць мне магутны шчыт.

Ад навальніц укрыцца не спяшаюся:
Жыцця нягоды змыюцца з дажджом.
Я ад бліскучых кропель усміхаюся –
Дзякую Богу, што вось так жывём!

Пад мірным небам буднямі і святамі
Працуем і ўмеем адпачыць.
І сніцца мне, як кожны год над хатамі
Наш беларускі бусел зноў ляціць.

Што будзе заўтра над краінай белаю?
Хвалюе тая будучыня нас.
Упэўнена, што Беларуссю смелаю
Мы ганарымся не ў апошні раз!

Патухлі фарбы “колер-рэвалюцыі”,
Бо печывам “заморскім” не купіць.
Мы ведаем, што наша Канстытуцыя
Краіне дапаможа не забыць

Вялікі подзвіг у вайне з фашыстамі,
Падмурак, што заклалі тут бацькі…
Калі спатрэбіцца, мы разам выстаім,
Каб не кранулі памяць чужакі.
Юлія АНДРОСАВА

 

Аб чым пяе крынічка
І хмарным вечарам, і ўранні –
Заўжды, як срэбра, плынь мая.
Хто замаркоціцца, прыстане, –
З глытком вады
Дам сілу я.

Журчу, жвірком шуршу, вірую –
Такі мой лёс,
Такі мой плёс.
Дзе чысціню сваю бяру я?
У рос,
У зорак,
У нябёс.

Здалёк чуваць моё спеў вясёлы,
Ён звонкі ў спёку і ў мароз.
Дзе я бяру свой спеў, свой голас?
У траў,
У птушак,
У бяроз.

З глыбінь да сонца шлях прабіла,
Каб рады людзі мне былі.
Дзе я ўзяла такую сілу?
У роднай матухны-зямлі.
Жыць буду я, бо я – крыніца!
Квітнець зямлі,
Рунець вясне!

Бяру я сілы –
У зямліцы,
Зямля ж і людзі –
У мяне!..
Мікола ЧАРНЯЎСКІ