Першыя вершы Анатоля Зэкава, тады яшчэ вучня Патапаўскай сярэдняй школы, змешчаныя ў газеце “Авангард”, былі адрасаваны дзецям.

Потым паэт пачаў пісаць для дарослых. Праўда, па яго прызнанні, тагачасны кіраўнік раённага літаб’яднання “Зарніцы” Уладзімір Бабкоў прадракаў юнаму паэту, што ён яшчэ вернецца ў дзіцячую літаратуру. І як у ваду глядзеў. Сёння наш зямляк – аўтар звыш двух дзясяткаў кніг для дзяцей, яго творы ўключаны ў школьныя падручнікі і хрэстаматыі для пазакласнага чытання.
Сёлета Анатоль Зэкаў выдаў аж дзве кнігі для юных чытачоў: “Дзе схавалася лета?” і “Ела львіца піцу”. У абедзвюх – вершы, адрасаваныя дзецям малодшага школьнага ўзросту.
Кніга “Дзе схавалася лета?” адкрываецца вершам “Тры словы”: “У мове розных слоў багата, // Ды жыць на свеце немагчыма, // Забыўшы словы мама, тата // І роднае для ўсіх – Айчына”. І як падагульняючы вывад – заключныя радкі: “Мы і жывём на свеце ўсё-ткі, // Што цеплынёю іх сагрэты”. Патрыятычна напоўненыя і наступныя два “Беларусь” і “Родная мова”. А ў вершы “Хлебны шлях” аўтар прасочвае няпросты шлях хлеба на ўсіх яго этапах – ад уборкі збажыны ў полі да самай пякарні. І робіць гэта праз родзічаў дзяцей. Героі кнігі, дарэчы, і самі не сядзяць без справы. Яны робяць кармушкі для птушак, вяжуць вяночак з кветак і рукавічкі для сінічкі, вудзяць рыбу, кормяць куранятак і г.д.
Многія вершы Анатоля Зэкава напісаны з гумарам, напрыклад, “Парасяткі на зарадцы”, “Лянівы пень”, “Малако на языку”, “Валера і дзверы”. Аўтар таксама запрашае сваіх чытачоў прадоўжыць ягоны спіс гарадоў-райцэнтраў (ёсць у ім і Буда-Кашалёва) і гарадоў, якія канчаюцца на літару “ы”, праверыць сябе ў вымаўленні скорагаворак і рашэнні арыфметычных задачак.
Разнастайныя па тэматыцы і творы, змешчаныя ў кнізе “Ела львіца піцу”. Праўда, героямі яе з’яўляюцца пераважна браты нашы меншыя – звяры і птушкі, якія тым не менш надзелены чалавечымі якасцямі. Яны ядуць піцу, ладзяць у бары скокі, праводзяць крос, шыюць світкі, жадаюць заняцца турызмам. Чытачы атрымаюць “Запрашэнне на гарбату”, даведаюцца, “Ці смокча мядзведзь лапу?” і “Каму сказаць “дзякуй”, “Хто вінаваты?” у тым, што прастудзіўся какаду, і пра многае іншае. А яшчэ папрактыкуюцца ў рашэнні паэтычных задачак і паспрабуюць расставіць усё на свае месцы ў хітрых небылічках.
Абедзве кнігі нашага земляка, несумненна, зоймуць значнае месца ў бібліятэках і не застануцца па-за ўвагай юных чытачоў.

Ганна КАЗАКЕВІЧ, бібліятэкар Патапаўскай сельскай бібліятэкі