У дзень яго нараджэння моцнага здароўя і даўгалецця яму зычылі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Парфененка, метадыст ДУ “Буда-Кашалёўскі раённы метадычны кабінет” Таццяна Завадзкая, кіраўніцтва і настаўнікі Рагінскай сярэдняй школы, дзе і працуе да гэтага часу наш юбіляр. Імяніннік атрымаў шмат шчырых віншаванняў і пажаданняў, а таксама падарункі.


Дарэчы, на працягу 35 гадоў, пачынаючы з 1975-га, Аляксандр Лявонавіч працаваў дырэктарам Рагінскай сярэдняй школы, а зараз ён настаўнік фізікі. Яго педагагічны шлях працягваецца, і ўзрост не перашкода гэтаму.

У свой час Аляксандр Бондар скончыў Гомельскі педагагічны інстытут імя В.А. Чкалава (зараз Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны), фізіка-матэматычнае аддзяленне. Настаўнічаў у адной з устаноў адукацыі ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Аднак у 1972 го-дзе прыехаў на Будакашалёўшчыну і затрымаўся тут, як аказалася, надоўга. Спачатку працаваў у Патапаўскай сярэдняй школе настаўнікам фізікі, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Трэба адзначыць, што для Аляксандра Лявонавіча, ураджэнца Пухавіцкага раёна, што на Міншчыне, наш край ужо даўно стаў другой малой радзімай.

Працоўны шлях юбіляра адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Сярод іх ёсць Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі БССР, Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі СССР. Узнагароджаны педагог і знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1976 года”. А ў 1982 годзе яму прысуджана званне “Выдатнік народнай асветы Беларускай ССР”, крыху пазней, у 1989-м, – званне “Лепшы работнік народнай адукацыі раёна”.

Алена БЕЛКА
Фотаздымак Ірыны Снежнай