Яго імя добра вядома ў рэспубліцы. Анатоль Мікалаевіч – аўтар звыш чатырох дзясяткаў кніг паэзіі і прозы, сатыры і гумару, зборнікаў вершаў і казак для дзяцей. Ён напісаў лібрэта спектакляў “Жыццё і смерць Янкі Купалы” і “Камедыя”, пастаўленых у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, аўтар тэксту афіцыйнага гімна лесаводаў Беларусі і гімна нашага мясцовага аграрна-тэхнічнага каледжа, Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна.


Анатоль Зэкаў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, адзначаны літаратурнымі прэміямі імя Янкі Маўра, Васіля Віткі і шэрагам іншых. Яго творы перакладаліся на некаторыя замежныя мовы, уключаны ў школьныя падручнікі і хрэстаматыі для пазакласнага чытання. На вершы паэта створаны песні, якія ўваходзяць у рэпертуар Нацыянальнага хора імя Г. Цітовіча, ансамбляў “Сябры”, “Свята” і “Бліскавіца”, салістаў Надзеі Мікуліч і Аляксандра Балотніка.

А свае першыя заметкі і вершы Анатоль Мікалаевіч пачаў друкаваць у нашай газеце, будучы яшчэ вучнем сёмага класа Патапаўскай сярэдняй школы. Скончыўшы дзесяцігодку, паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Працоўны ж шлях наш зямляк пачаў у 1977 го-дзе, калі яшчэ студэнтам-пяцікурснікам быў залічаны карэспандэнтам у штат гомельскай раённай газеты “Маяк”. Ездзіў у камандзіроўкі, сустракаўся з працаўнікамі вёскі, перадавікамі сельгас-вытворчасці, работнікамі культустаноў і школ, адлюстроўваў іх жыццё і справы ў журналісцкіх матэрыялах. А яшчэ рыхтаваў літаратурныя старонкі, дзе змяшчаліся творы маладых аўтараў, рабіў агляды літаратурнай пошты, друкаваў таксама свае вершы і надзённыя паэтычныя рэпартажы. Любіў вершаваным радком адзначыць пэўную знакавую дату або дзяржаўнае ці прафесійнае свята. Праўда, у “Маяку” ён прапрацаваў нядоўга: праз дзевяць месяцаў яго запрасілі на пасаду загадчыка аргаддзела ў райкам камсамола. Але і там не спыніў супрацоўніцтва з газетай, пісаў пра справы моладзі ў раёне, рыхтаваў нават штомесячную тэматычную старонку “Камсамольскае жыццё”.

У 1980 годзе Анатоль Зэкаў з пасады другога сакратара райкама паехаў у Маскву на вучобу ў Вышэйшую камсамольскую школу пры ЦК ВЛКСМ, пасля заканчэння якой быў накіраваны ў ЦК ЛКСМ Беларусі, дзе курыраваў пытанні дзіцячага і маладзёжнага друку. А потым перайшоў на журналісцкую працу ў рэдакцыю рэспубліканскай маладзёжнай газеты “Чырвоная змена”. Узначальваў мінскую гарадскую газету “Добры вечар”, штотыднёвік “Сталіца” і “Беларускую лясную газету”, працаваў у часопісах “Вожык”, “Полымя”, “Вясёлка” і выдавецтве “Мастацкая літаратура”, адзін час разам з паэтам Навумам Гальпяровічам вёў на тэлебачанні перадачу “Дыяблог. Р.S.”

Аднак і жывучы ў Мінску, Анатоль Мікалаевіч не парывае сувязі з Будакашалёўшчынай: часта прыязджае на сваю малую радзіму, сустракаецца з чытачамі ў роднай школе і раённай бібліятэцы, стараецца не прамінуць і свята вёскі. Зрэшты, у пісьменніка шмат вершаў, звязаных з нашым раёнам, у тым ліку і напісаных непасрэдна ў роднай Патапаўцы. З некаторымі з іх мы знаёмім сёння нашых чытачоў.

Патапаўка

Крыху ад Буда-Кашалёва,
дзе ціш чыгункаю звініць,
паміж лясоў зеленабровых
мая Патапаўка стаіць.

Людзьмі спакон вякоў абжыта,
вяскоўцам рада і гасцям,
яна для ўсіх заўжды адкрыта,
адкрыты дзверы і прасцяг.

Сустрэне кожнага й прывеціць,
адорыць шчасцем дабраты.
і дзе б ні гойсаў я па свеце,
заўжды вяртаюся сюды.

Я еду дахаты

Я еду дахаты
наяве – не ў сне,
дзе мама i тата
чакаюць мяне.
Я еду дахаты,
да родных бяроз,
дзе мама i тата
люляюць свой лёс.
Я еду дахаты
з гаркотай вiны,
што мама i тата
вякуюць адны.
Каб маму i тату
абняць мне паспець,
я еду дахаты,
а варта б – ляцець!

У школьным музеі

Музей этнаграфічны
ў нашай школе роднай –
як быццам бы крынічка
з мінуўшчыны народа,
як быццам бы вяртанне
ў маленства час далёкі,
дзе ткала баба Маня
палотны – як аблокі,
а Грышка, дзед, як звычна
плёў кошыкі ля печы…

Музей этнаграфічны –
музей гадоў малечых.

* * *
Сюжэт жыцця мы
пішам самі.
Жыццё ж само – і ёсць сюжэт,
бо ўсё, што адбылося з намі,
занесена ў яго як след.

Ён свой у кожнага, не кніжны,
адно хіба і скалане:
калі ты кніжны перапішаш,
дык вось сюжэт
жыццёвы – не.

Таму і жыць бы так
пад небам –
зрабіць усё і ўсё сказаць,
каб не было зусім патрэбы
сюжэт жыцця перапісаць.

***
Шмат у чым зняверыўся,
шмат у чым раскаяўся,
толькі не ашчэрыўся,
толькі не адчаіўся.

У жыцці дагэтуль я
веру па-ранейшаму
кожны дзень у светлае,
кожны дзень у лепшае.

***
Кудысь бяжым штодня,
кудысь імчым:
усё хутчэй, хутчэй,
бо не паспеем.
А як падумаць, то за кім,
за чым?
Шкада, што гэта позна
разумеем…

Шчыра віншуем шаноўнага Анатоля Мікалаевіча з юбілеем і ад ўсёй душы жадаем яму моцнага здароўя, плённай працы і творчага натхнення.

Падрыхтавала Алена ДАРОШКА
Фотаздымак з архіва